Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У тумане - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У тумане

Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «У тумане» прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 44
Перейти на страницу:

Па сваім часе Войцік лічыў сябе чалавекам адукаваным, усё ж скончыў сем класаў, а галоўнае — меў зграбны, каліграфічны почырк, якім ганарыўся ўсе тыя гады, што працаваў у раёне. І асабліва калі яшчэ рабіў у сельсавеце. Ён і ў сельсавет трапіў менавіта праз гэты свой почырк. Неяк напярэдадні калектывізацыі абралі яго ў прэзідыум вясковага сходу і даручылі пісаць пратакол. Папера была так сабе, сшытак у клетачку, чарніла даволі вадзяністае, але ручку ён меў сваю, вучнёўскую, з літарамі КУШТО на бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. І там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета на яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.

Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметнае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісьменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор… Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на значок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа, разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.

Вось хоць бы і з гэтым Буравым.

Войцік яшчэ звечара, як яны пад'ехалі да сушчэнеўскай хаты, зразумеў, што Бураў нешта мудрыць, нешта цямніць ці хітруе, калі адзін ідзе ў хату і бавіцца там чорт ведае чаго, пакідаючы яго з коньмі калець у завуголлі на ветры. Усё тут можна было зрабіць проста і хутка: паклікаць на парог і стрэльнуць. Сабаку сабачая смерць, чаго валаводзіцца? Дык не, сядзеў паўгадзіны ў хаце, пасля павёў яго за раку, у лес. Магілу яму капае… Глядзі, яшчэ будзе лапкамі яе высцілаць, як той Паліванаў, калі расстрэльваў свайго сябрука Шургачова за праяўленую трусасць у баі. Абодва яны былі лейтэнанты з акружэнцаў, нядаўна прыйшлі ў атрад, і ў першым баі з кнігаўскім гарнізонам гэты Шургачоў збаяўся, уцёк з-пад агню, падставіўшы там пад агонь увесь іх узвод. Узвод, вядома, выбіла напалавіну, ну, камандзіры і рашылі, каб узводны сам выканаў прысуд, які Шургачову вынес атрад. Паліванаў загад выканаў, але, як для сябра, магілу на дне выслаў лапнікам, каб утульней было дружбаку, з якім, мабыць, хапілі ліха на фронце. Але тут не фронт — тут партызанка. Зноў жа, Сушчэня нікому з іх не дружбак, проста здраднік, хоць і колішні знаёмы Бурава. Нашто яму такая ўвага? Канешне, Войцік мог бы сказаць пра сваю нязгоду, ды ён ужо ведаў характар гэтага райпоўскага шафёра яшчэ з той пары, як той ганяў свой грузавік паміж мястэчкам і Лепелем — вазіў тавары, лён, пяньку і заўжды каго-небудзь побач — нарыхтоўшчыкаў, бухгалтараў ці начальства. Аднаго разу з ім паехаў і Войцік, трэба было тэрмінова адвезці звесткі пра тэмпы бульбаўборкі. Бураў у горадзе загрузіў сваю палутарку мяхамі з пярлоўкай, яны ўжо збіраліся ад'язджаць, як немаведама адкуль да машыны прыбілася бабка з суседняе з мястэчкам вёскі — ездзіла хаваць сына і цяпер вярталася дадому. Войцік пагадзіўся падвезці (што ж ён які злыдзень, не разумее, што і бабка — чалавек, хоць цёмная і старая, але не ісці ж ёй пехатой па гразі сорак кіламетраў). Ён яшчэ дапамог бабцы ўлезці ў машыну, і тая неяк уладкавалася там у куточку кузава ля мяшкоў і была страшэнна давольная яго дабрынёй і гасціннасцю. Тым болей, што пачынаў ісці дождж, і нідзе не было ніякай фурманкі. Але тут выскачыў з канторы запыханы, з квіткамі ў руках Бураў і, калі Войцік паказаў яму на бабку ў кузаве, закрычаў як рэзаны: «Злазь!» Бабка, вядома, злезла, а ён тады расчыняе дзверы кабіны, дзе ўжо сядзеў Войцік, і крычыць на яго: «Вылазь!» Здурнеў ён, ці што, падумаў Войцік ды вылез, і той усадзіў на ягонае месца бабку. Яны пасварыліся там, бабка сядзела, бы мыш, але не вылезла, і Войцік змушаны быў сорак вёрст трэсціся на дажджы і ветры ў дрогкім кузаве палутаркі. І ніякай увагі на яго ўсё ж раённага маштабу пасаду, на яго службовы аўтарытэт. І ўсё тое на вачах у бабкі. Войцік тады прастудзіўся, вядома, пасля з паўгода абходзіў гэтага Бурава стараной, вызнаў, ці не радня якая яму тая бабка, аказалася, не, не радня, нават не дужа знаёмая. Значыць, звычайная наравістасць, нахабнасць і хуліганства — іначай як назавеш той выбрык райпоўскага шафёра.

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)