Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— ...а таксама прадэманструюць свае таленты самыя ўмелыя выхаванцы Шмальцэвіцкага Дому культуры...
Адзін з гледачоў падняўся на сцэну, абыйшоу Анжэлу ды ўладкаваўся ззаду, любастрасна рухаючы тазам. Заля выбухнула воплескамі. Анжэла, нічога не заўважаючы, раздражнёна скончыла:
— А цяпер мы запрашаем на сцэну ансамбль „Яромка”!
Заля ўзвыла, у паветра ўзьняўся воблак з насліненых папяровых снарадаў. Павярнулі да сцэны цёмныя твары карцёжнікі, крыважэрна павяла ноздрамі дарослая публіка. Выйшлі Ягор і Вікторчык, сеў на падрыхтаванае крэсла Мікола. Каля Ягора стала Дзіна, поруч зь Вікторчыкам — Жэня. Марыя Пятроўна з заплюшчанымі вачыма выйшла апошняй. Заля прыціхла. Прыціхла. Прыціхла.
— Ну пачынайце ж,— гучна, на ўсю залю шапнула Эла Сямёнаўна.
— Балалайка, скажы ўсім, хто табе сёньня зуб выбіў?— крыкнуў са свайго мейсца адзін з гледачоў. Вікторчык з жахам пазнаў у ім хлопца зь сякераю.— Ладна, лабай давай!
Марыя Пятроўна адкашлялася й заравела, нібы мула зь мінарэту:
— Хто песьню бае — той розум мае,
Хто лён кідае — той аддыхае,
Хто любіць чарку — любіць і скварку,
Хто любіць катацца — любіць і...
— Ябацца,— крыкнуў нехта з гледачоў радасна.
— Хто хлеб пасее — той і пажне,— не зьвярнула на яго ўвагі Марыя Пятроўна.— А хто нас слухае — той...
Тут па задуме патрэбны быў хор астатніх удзельнікаў „Яромкі”, але кожны змрочна думаў пра нешта сваё, і толькі Ягор віскнуў, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы ў руках сваю бочку: „...той з намі сьпяе!” Эла Сямёнаўна, якая ўласнаручна склала ў Менску вышэйпамянёны тэкст, са звычнай прыкрасцю апусьцілася на крэсла.
Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальнення. Яны грукалі, шчыпалі струны й расцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяцігадовы плян у Бадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала.
Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваннем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў:
— Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену!
— Ну карова,— сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа:
— Ты жопу ейную бачыў?
Ягоны сусед, падобны на п'янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў:
— Яйкі мне пачашы, карова!
Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. „Балалайка ня ладзіць,”— сказаў Вікторчык.— „А я тут сала раздабыў і самагону.” „Вось у Хмельніках самагон быў — сьляза,”— прамовіў летуценна Ягор. „Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?»— спытала Эла Пятроўна. „Паняў,”— сказаў бадзёра Жэня.—”Выправім.” „А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,”— накінулася худрук на бубнача. „Яшчэ тры граем,”— пазяхнуў Мікола. „Чатыры,”— удакладніла Эла Сямёнаўна.
— А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык,— звонка сказала за дзьвярыма Анжэла.
На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паўзы, прад эк лямаваў:
На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся
І ўрэшце закрапаў
Падарожнік у кнізе закладку зрабіў
Узіраецца ў мапу
І нібы кінакадры, на шкле лабавым
Гэтак хутка зьмяняецца ўзор
У кабіне няроўны хістаецца дым
І аўтобус адольвае ўзгор
Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала
На палеткі, як бомба, дарожнае сонца ўпала