Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:

У другую кнігу Альгерда Бахарэвіча ўвайшлі сем апавяданняў і аднайменны раман — тэксты, напісаныя аўтарам у 2001-2002 гг. Кожны зь іх — гэта і самастойны твор, і адна з главаў вялікага мастацкага дасьледваньня Гульні, якую чалавек вядзе штодня сам з сабою.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 83
Перейти на страницу:

На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. „Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!”— узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: „Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?”

Бацька раптам стаў вельмі сур'ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. „Паслухай,”— сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка.— „Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям'я, і ты будзеш распараджацца грашыма... сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы — кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?”

Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна.

3.

Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: „Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі...”

Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны — пяць за адказ у дошкі і два — за паводзіны, а плюс да ўсяго — чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі — прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.

4.

У нядзелю ўся сям'я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чакальні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаныя, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня.

Ля цырку было шматлюдна, у касу стаялі даўжэзныя чэргі, але ім гэта не пагражала, бацька набыў квіткі яшчэ ў сераду. Вуліца каля цырку была ўся застаўленая самымі рознымі машынамі. Зь іх, круцячы плячыма, выбіраліся іншыя хлопчыкі, увешаныя золатам, усе лакіраваныя й добра змайстраваныя. Яны пагардліва акідвалі позіркамі пралетарскіх дзяцей і накіроўваліся ў будынак, звысака ківаючы натоўпу, у той час як іх бацькі, выставіўшы ненармальна белыя зубы, як малпы крыўляліся ў слухаўкі сотавых тэлефонаў: „Ды вось малога ў цырк вяду...” Хударлявыя дзяўчынкі пацягвалі аголенымі плячыма, быццам ім было халодна, хаця на двары быў вельмі цёплы, утульны верасьнёўскі вечар. Нейкі дзіцёнак, трымаючы за руку масыўнага лысага тату, стрэліў у хлопчыка зь пісталету. Хлопчык зарубіў яго лазэрным мечам і пабег даганяць бацькоў.

Фае віравала. „За лёдавам станавіцца няма сэнсу,”— сказала маці, спалохана азіраючыся па бакох. Смурныя дамы аглядалі з пагардаю яе чырвоную зь зялёным сукенку й зьнікалі ў залі. „А па-мойму, яна вельмі ёй пасуе,”— падумаў хлопчык.

Яны занялі свае мейсцы, і пах мокрае замшы тут жа напітаў іх. Гэта быў прыемны і хвалюючы пах, і хлопчыку захацелася, каб ён не выветрываўся ніколі. Ён нават панюхаў рукаво свайго швэдру. Пах быў усёпераможны.

Нарэшце згасла сьвятло, заіржала, як конь, які ўзьняўся на дыбкі, музыка. Той самы чалавек, якога хлопчык бачыў па тэлевізары ў рэклямным роліку, выйшаў на арэну і абвясьціў першы нумар. Гэта былі танцуючыя сабакі. Дзеці навокал з захапленнем лізалі лёдава, яно крапала ім на прарэхі й туфлі. Дзяўчынкі захоўвалі пыхлівы выгляд, часта-часта, быццам міргаючы падносілі да доўгіх вейкаў біноклі. „Наташы Растовы”— чамусьці падумаў хлопчык.

Сабакі саступілі мейсца малпам, потым былі сумныя жанглёры, якія выклікалі ў вачох рабізну.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 83
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)