Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
На абед усе яромкаўцы сабраліся ў шмальцэвіцкай сталовай, якая мела гучную назву „Ресторан „Колосок”. Стравы „Колосок” прапанаваў цалкам традыцыйныя: грэчку, сасіскі, кампот. Але ўсё было гарачае й сьвежае, і грэх было не ашчасьлівіцца гарэлкаю. Праблемы ўзьніклі з посудам — шклянак Вікторчыку не далі, і пачаць давялося з кампоту, давячыся і апякаючы нёбы. Са сталовай усе выйшлі, значна павесялеўшы. Марыя Пятроўна нават паспрабавала прасьпяваць нейкі раманс, ззаду яе йшлі Вікторчык ды Жэня, дэманструючы нешта сярэдняе паміж фашысцкімі карнікамі й брэмэнскімі музыкантамі — міма рыпелі драбіны, і Вікторчык вельмі пераканаўча крычаў мужыкам: „Тафай-тафай-рапотай!”, а Жэня гартанна сьмяяўся; праносіліся машыны мясцовых бізнэсмэнаў, а потым павольна праехаў уазік ужо знаёмага ўсім лейтэнанта. Яны прайшлі пехатой амаль усё мястэчка — царква, касьцёл, драўляны мост празь непрыкметную рачулку, гароды, Дом быту, унівэрсам №1, школу, кучу забарыкадаваных „Запарожцамі” хатаў, медпункт, унівэрсам №2, некалькі пяціпавярховікаў, павярнулі на вуліцу Энгельса. Тут, ля Дошкі гонару й tabula rasa аб'яваў, яны ўбачылі ўкрыжаваны на плоце дзіцячяга садку кавалак паперы, на якім флямастэрам было выведзена: Сегодня у 17,30 у клубе состоишься выступление ансамбля „Яроміна”. Вход свободный. Натуральна, у слове „ансамбля” усе літары, апрача апошніх трох, былі замазаныя.
— Ляканічна,— сказаў Ягор.— Вельмі ёміста,— заўважыў Мікола.— Я бы сказаў, непераборліва,— дадаў Вікторчык.— Опа!
Ля брамкі аднаго з дамоў стаяла дзяўчына прызыўнога ўзросту ў паліто й бяздумна глядзела на артыстаў. Вікторчык моўчкі пайшоў на яе.
— Зараз зноў завядзе,— сказаў Жэня й зарагатаў. Ён абняў Дзіну за талію й працягнуў голасам Вікторчыка: „Нездарма мяне завуць Андрэйка-целагрэйка!”
Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але... Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў.
— Пойдзем, ён нас дагоніць,— сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў.
Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад'ездам са сталіцы яна хадзіла па касьцюмы да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам „Яромкі” — лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў.
— Ну калі ж ты ўцяміш,— казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту „Унівэрсальны сцэнарый камсамольскага свята на 1981-1999 год”.— Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка — наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе — зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю!