Зброя
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- ISBN: 5-340-00298-5
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Зброя». Краткое содержание книги:
А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш».
Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:
— З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.
А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.
Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.
Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.
Але ён адагнаў гэтую думку.
Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:
— А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.
— Як? — ахнуў Алесь.
— А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п'янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся.
— Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?
— Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў[22]. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П'яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў — як заплача: «Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам…» Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: «Хай сабе жыве на дрэвах».
А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп — сабраўся — ледзь яго паліцыя разагнала.
— Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, — сказаў Мсціслаў.
— Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў.
Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор'і.
Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.
А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.
Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.
Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.
Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.
РАЗДЗЕЛ VІІ
Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы.
Трэба было дзейнічаць неадкладна.
Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.
Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў.
Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі «за сцягам»[23] усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую.
Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі.
Крыкнуў: «Родные, не выдайте» — і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл.
Лапцева адаслалі «на бойкі шлях» да Тройцы — Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на «лапцеўскія» тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна.
Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў. Кірдун, Алесь і Чыўін паехалі на Бутырскую заставу, ціхую, за зарослым мінулагодняй травою Камер-Калежскім валам. Перш за ўсё намецілі зручную дарогу, якой будуць скакаць ад другой падставы праз сады Бутырскага хутара ў напрамку да Цвярскога гасцінца. Алесь ехаў і ўспамінаў, як у адным з будыначкаў хутара была ледзь не першая нарада аб паўстанні. У якім менавіта, ён забыў. Памятаў толькі, што каля става.
Што было рабіць з катам? Андрэя не павінны былі везці на Балота. Яго чакала «кабыла» непасрэдна ў двары турмы. Але славутае «берегись, ожгу!» чакала і яго. І тут Чыўін прабалбатаўся, што Кірушку лёгка падкупіць. Тады ён, зрабіўшы першы ўдар, другія рабіў хутчэй па кабыле, чым па спіне.
Раскольнік нічога не ведаў. Ён думаў, што Алесь і ягоныя спадарожнікі проста «цікавяцца» горадам. Але Кірдун усё запамінаў. Наступнага дня ён рызыкнуў, і яму ўдалося-такі даць кату ў лапу чацвяртны з абяцаннем даць двойчы столькі, калі катаржнік Андрэй Кагут будзе жывы і здаровы на другі ж дзень пасля пакарання, а не будзе ляжаць між жыццём і смерцю два тыдні, як усе астатнія.
— І «ожгу» не крычы, — сказаў Кірдун. — За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе.
— Як бы рука не сарвалася.
— Сарвецца — не атрымаеш.
— Ты яму хто?
— Табе не ўсё адно?
— Усё адно, — згадзілася быдла. — Добра. Пастараюся.
Непрыкметна агледзелі астрог. Не, уцячы адсюль было нельга. Прынамсі, за такі кароткі тэрмін, які мелі яны. Дый мясцовасць нязручная. Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і «мацальшчыкі»[24], цягнуліся да самага астрога гароды, цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам.
22
Славутага рынку на Трубнай плошчы тады яшчэ не было.
23
То бок міналі «слуп» (фініш), калі ўсе астатнія тройкі былі за трыццаць сажняў.
24
Мацальшчыкі торкалі прутамі ў вазы з сенам, каб праверыць, ці не вязуць у Маскву «неадкупнога» віна.