Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Зброя - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Зброя

Электронная книга - «Зброя». Краткое содержание книги:

Зброя
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 23
Перейти на страницу:

У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў.

— Дзе тавар? — непарушна спытаў ён.

— Грошы, — сказаў Бабкін.

Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём.

— Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты.

— Астатнія?

— Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх?

— Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас?

— Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы.

— Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць.

— Глядзі.

— Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак?

— За камісію.

— А калі я гэта — у кішэнь?

— Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе?

— Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін. — Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца».

— Гэта каму? — усміхнуўся Алесь.

— Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа. Не мне ў яе тыркаць нос. А табе на камісійных — дзякуй, невядомы купец… Пі гарэлку… Помні бубноўскую дзірку…

— Вып'ю, — сур'ёзна сказаў Алесь.

Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі.

А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго.

— Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі.

— Бываў.

Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.

— Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.

— Пайду, — сказаў Алесь.

І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча.

— Якія гэт-та флейты, — спытала морда страшнавата ялейным голасам, — хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі — у часць?!

У яго было аблічча «аблаката ад Іверскай», што — за касушку — піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы.

— А вось я вам дам флейты, — чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку.

Макар быў стаў за яго спіною.

— Ці-ха, — сказаў Бабкін, — не трэба. Мы — самі… Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі[16] купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана?

— Папакутаваў за праўду, — сказаў той, узняўшы руку. — То што ж вы флейты купляць будзеце, а я… кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты… уначы, у Гасціным двары.

Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты.

А чалавек-тля наступаў:

— І вас… І вас у яму… І вам пад плот, у жабракі… Каб вошы вас елі, чысценькія… Што, аднаму мне?

Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з'явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы.

— Кінь, — сказаў Алесь. — Сядайце, пан…

— І сяду, — куражыўся той. — Сяду, аж пакуль вы… Выпіце па апошняй…

— А вы з намі.

Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку.

…Ён выпіў поўную шклянку.

Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар.

— І суд не купіце, — разваліўся ён. — Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць… Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу!

Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў.

— Поіце. А чаму? Рыла ва ўсіх у пушку. Дык усім нічога, а мне… мне…

Нешта цёмнае і страшнае лямантавала за гэтымі бязладнымі словамі.

Бяссільны, п'яны, гэты гной быў усё ж страшны, як тхор, прыціснуты ў канцы нары, калі за спіною нічога няма: вось кінецца і схопіць за сонную артэрыю. Апошні, на мяжы існавання, адчай рухаў ім.

— Хабары. А як без хабару? Калі пісар квартальны… дзесяць рублёў пенсіі палучае… Дурні толькі, — у яго ўжо заплятаўся язык.

Алесь наліў зноў.

— До, — сказаў Макар. — Ён алкаголік. Яму і чаркі — до!

— Мяне дык вось так… А за бычка залатога… Што прыставу… за бычка залатога?… А я вас… У Сібір-р.

Галава ягоная ўпала на стол.

— Правароніў? — са страшнай пагрозай сказаў палавому Бабкін. — Ну, што цяпер? Прымусіць, каб сам… сляды замёў?

— Не прымушайце…

— То як? Цябе — галавою.

— Стойце, — сказаў Алесь. — Не трэба. Вы нас не ведаеце. Я не ведаю вас. Ты правароніў — ты і рабі. Вазьмі грошы. Узвалі гэтую падлу на свайго рамізніка. Вязі адсюль аж на Ласіны Востраў і там кінь. Толькі без дурыкаў — рукі не пэцкаць. Ён п'яны як мех. Праспіцца ў лесе — падумае: здалося, сон сасніў… А вы — звяжыцеся моцным словам.

— Маеш рацыю, — сказаў Бабкін. — Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца — сам яго ў «Воўчую даліну» павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш.

— Злітуйцеся.

— Я сказаў, — у «купца дзіркі» быў цяпер амаль страшны выгляд. — Я не паўтараю.

Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў «Воўчую даліну» не павязуць[17].

Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа.

— Усё, — уздыхнуў Бабкін.

— Хто такі? — спытаў Чыўін.

— Калі не зменіцца — харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец — прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам — за хабары паляцеў. Спіўся.

Памаўчаў.

— Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно… заб'юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе… А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць.

— Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? — спытаў Алесь.

Бабкін, закусваючы, усміхнуўся.

— Гісто-орыя, — сказаў ён. — Расказаць, дык не паверыце.

— Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся.

— Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.

Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.

— Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.

вернуться

16

Купецкіх гільдый было толькі тры ў залежнасці ад велічыні капіталу і роду гандлю або прамысловасці. Памер капіталу мяняўся. Скажам, аб'яўлены капітал для першай гільдыі быў пяцьдзесят тысяч, для другой — дваццаць, для трэцяй — восем. 

вернуться

17

Месца між Масква-ракой і Водаадводным каналам, або «канавай», было забудаванае самымі страшнымі трушчобамі. Іх забаранілі рамантаваць і чакалі, пакуль яны разваляцца. У большасці дамоў ужо ніхто не жыў, акрамя тых, хто хаваўся. Вялікі Каменны мост за тры гады да падзей быў яшчэ стары, пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі, гарбом, з тратуарамі, аддзеленымі ад праезджай часткі высокімі каменнымі брустверамі. Хадзілі цэнтральным праездам, бо на тратуарах, між дзвюма высокімі сценамі, рабавалі. Па той бок моста, налева, калі ісці ў слабодку, змяшчаўся ў брудным двухпавярховым доме тракцір «Воўчая даліна», прытон самага цёмнага люду. Там ледзь не кожны тыдзень забівалі, прычым трупы кідалі пад мост, у раку. Непатрэбныя падземнаму свету людзі ледзь не ўсе канчалі жыццё там. 

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)