Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Зброя - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Зброя

Электронная книга - «Зброя». Краткое содержание книги:

Зброя
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 23
Перейти на страницу:

— А далей? — спытаў Макар.

— А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.

— Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь.

— А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.

І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц[18].

— Брахня, — сказаў Чыўін.

— Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда.

— А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?

— Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?… Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.

Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.

РАЗДЗЕЛ V

Вярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць… Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з «цёмных» і адправіць іх.

Алесю было кепска. Нават паездка на «свежым» паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у «Стрэльну», куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі.

Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара:

— Стой… Што такое — ніяк не зразумею.

З боку Васкрэсенскай плошчы павольна ўспаўзала на брук нейкая дзіўная працэсія. Гарэлі высока ўзнятыя паходні, ляскалі капытамі коні, блішчала шыццё.

І глуха, нібы падмочаны, бубнеў адтуль рэзкі барабанны пошчак. Абяцаў нейкую нязнаную трывогу.

— Дзіўна, — сказаў нібыта супакоены Чыўін. — Небывалая штука, каб іх Краснай плошчай везлі. Як нашы далдоны кажуць, зашмат ім, зладзеям, гонару.

— А чаго дзіўнага? — сказаў Макар. — Ля манежа брук узламалі. Дый Вялікі Каменны ўсё яшчэ рапаруюць. Скварцова падрадчыка фартуна[19].

Картэж, цьмяна асветлены паходнямі, дапоўз ужо амаль да помніка Мініну.

— Р-ра-та, р-ра-та, — гудзелі адтуль барабаны.

— Што гэта? — усё яшчэ непаразумела, хаця ўжо і здагадваючыся, спытаў Алесь.

— Злачынцаў на Балота вязуць, — ціха сказаў Чыўін. — З Бутырак. «Абрад публічнай страты»[20].

Але Загорскі ўжо бачыў і сам. Ішлі барабаншчыкі. За імі — узвод салдат. Цьмяна блішчалі багнеты. За салдатамі павольнай хадою ехала нешта мярзотнае, абрыдліва-страшнае, высокае, як стаячая труна і як абложны гуляй-горад: чорная як смоль калясніца з высокай, таксама чорнай, дашчанай вежай. На гэтай спарудзе стаяла лава, а на ёй, высока-высока над людзьмі, так што паходні коннай варты ледзь даставалі ім да ног, сядзела чатыры чалавекі: трое мужчын і адна жанчына. Дрыготкія рэфлексы агню падалі на іхнія твары, на шэрыя халаты, на рукі, прыкручаныя да дошкі, на чорныя дошкі на іхніх грудзях. Чорныя дошкі з белымі літарамі, наведзенымі маслянай фарбай, акуратненька, відаць, не на адзін раз. Людзі сядзелі спіной да коней, а вакол ехала конная варта з паходнямі. За калясніцай гайдалася на няроўным бруку карэта, відаць, з пракурорам. Побач з калясніцай ішоў чалавек у чобатах, скураных портках і чырвонай расейскай кашулі.

— Кат, — сказаў Чыўін. — Вось так яно і ёсць. Пазбавілі па суду ўсіх правоў маёмасці, прысудзілі на катаргу, а цяпер будуць бізуном біць. Поп ніканіянскі крыж свой паганы будзе ім у рот торкаць, будуць яны стаяць ля ганебнага слупа… Не ведаеш, Макар, гандлёвая страта або публічная? Кнут або слуп?

— Н-не.

Калясніца якраз зраўнялася з помнікам на сярэдзіне плошчы. Праплывала міма двух бронзавых людзей. Жанчына прыўзняла галаву, відаць, спалоханая з'яўленнем чагосьці чалавекападобнага побач з сабою, у той час як усё такое павінна быць ніжэй за яе. Прасачыла вачыма, куды паказвае ёй рукою ніжагародскі мешчанін.

Вялікі грамадзянін паказваў на зубчатыя муры, на палац за імі.

Алеся раптам закалаціла.

А шэсце праплывала ўжо міма іх. Загорскі ўбачыў бледныя твары бабы і двух мужыкоў. На грудзях жанчыны, на чорнай дошцы, было выведзена: «Растлительница». На дошках яе суседзяў: «Поджигатели».

Чацвёрты мужчына сядзеў, упаўшы галавою на рукі. Ні аблічча, ні дошкі ягонай не было відаць. Але Загорскага раптам нібы нешта кальнула ў сэрца: патыліца. Ён мог бы паклясціся, што ён бачыў яе тысячу разоў: на начлезе з-пад світкі, у хаце на печы, за сталом, схіленую над місай.

«Няўжо ён? — са страшным падзеннем сэрца падумаў Алесь. — Няўжо свае людзі падвялі? Не можа быць, каб падвяла падземная пошта. А што я тады скажу Кандрату? Чым апраўдаюся я, які цвёрда абяцаў яму, што нават коштам жыцця вызвалю свайго і ягонага брата?» Алесь крануў Макара за плячо.

— Рушай за імі.

вернуться

18

Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862-1912». М., 1913 г. 

вернуться

19

Падрадчыку Скварцову было даручана разабраць стары мост, такі моцны, што яго ўзрывалі порахам. Так загінуў помнік даўняй архітэктуры (не ў першы і не ў апошні раз). З велізарнай колькасці здабытага каменю Скварцоў узвёў вялізныя даходныя дамы на рагу Махавой і Ўзвіжанкі, насупраць Манежа. Камень гэты яму нічога не каштаваў. 

вернуться

20

«Абрад публічнай страты» быў устаноўлены ў 1846 годзе. Адменены — у 1880 г. 

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)