Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 198
Перейти на страницу:

Церашкоў паплёўся на кухню. Нэлі сядзела згорбіўшыся, склаўшы рукі на каленях… Усё гэта было Церашкову знаёма.

«Во падружыліся", — весела пачаў ён, з прытворным перабольшаным здзіўленнем: можна падумаць, нечаканае збліжэнне Ведрыча з Труханам больш чым што зараз цікавіць яго, найважнейшая яму тэма.

«А табе зайздросна? Раўнуеш?»

«Не выдумляй. Калі Трухана, дык проста шкадую…»

«Вось як? А мяне ты не шкадуеш?»

«У сэнсе? Хіба што­небудзь здарылася? — асцярожна спытаў ён, выдатна ведаючы, што можа здарыцца, і выдатна ведаючы, што гэтага не здарылася, проста ідзе банальная, звычайная ў такіх выпадках праверка — так бы мовіць, разведка боем.

«Здарылася! — перадражніла яна. — Гэтага толькі не хапала. Можа, мне да жонкі тваёй з'ездзіць? Ды расказаць ёй усё?»

Яна помсліва прыжмурылася, а яму ад гэтага смешнага наіву… Вось жа бывае! — гэтая да містыкі невытлумачальная асацыятыўнасць слова і вобраза! Пасадзі чалавека ў камеру­адзіночку, прапануй — пад страхам смяротнага пакарання або абяцанку казачнай узнагароды — прыгадаць якісь далёкі ў часе эпізод, напрыклад, зімовы вечар 17 студзеня эннага года, калі чалавек вучыўся ў сёмым класе, і нават раскладзі перад ім тагачасныя ягоныя рэчы: дзённік з раскладам урокаў, падручнік па геаграфіі, сшытак з дыктантамі… Не ведаю, вельмі і вельмі сумняваюся, што з гэтага нешта атрымаецца. А бывае — гэты ні адкуль, ні з чаго ўзніклы збег «абставін, часу і месца дзеяння»: едзеш ты летнім душным днём у тралейбусе, думаеш абы пра што, лена ловіш абрыўкі чужых размоваў… І вось яно! Самыя бязвінныя, самыя нейтральныя словы твайго суседа злева — «тады я яму званю…» — раптам успыхваюць у табе магніем, выбухаюць эмоцыямі, асляпляюць феерверкам успамінаў, і хоць за вакном гарадское лета, а на табе тэніска і шорты, у цябе прабягаюць па спіне мурашкі марозу, як і тады, у няпаленай хаце, калі ўвечары, парабіўшы ўрокі, чакаў матку з працы, глядзеў «Саламяны капялюш» па тэлевізары, аб нагу цёрся жоўты кот (якіх столькі зменіцца з таго часу!), на падлозе жаўцела лушпайка гарбузовай семкі, на спінцы крэсла, хітра распраўленыя, віселі штанцы з разадранай на нядаўнім хакеі калашынаю; і не толькі вечар, а ўвесь семікласны дзень — да самых дробных дэталёвых драбніц, да ўсіх пераменаў­перападаў тадышняга настрою пранясецца перад табою за долі секунды!..

Штось такое адбылося з Церашковым і цяпер, пасля Нэлінай пагрозы да жонкі з’ездзіць. Зусім не сцэна разборак палюбоўніцы з жонкаю ўзнікла раптам перад яго вачыма, а — восеньскае позняе сонца, гарбатае, парэзанае бясконцымі разорамі, з цыбукамі картапляніку ў іх бульбяное поле; здалося, адчуў ён непрыемную сухасць брудных пальцаў, ныццё спіны, цяжар поўных кашоў; пачуў, як грукоча высыпаемая ў пусты пакуль яшчэ кузаў трактарца бульба… А галоўнае — згорбленая над разораю дзяўчынка ў бела­зялёным, як сімвал прамінулага лета, спартыўным касцюме. Мімалётная сустрэча вачыма, абмен усмешкамі, перакідка парай слоў, выпадковы дотык рук — усе гэтыя знешне нібыта пустыя, няважныя, звычайныя дэталі, а на справе — складаная, са шматслойным падтэкстам прэлюдыя флірту, цэлая навука, захапляючая да хмелю ў галаве, да адрэналіну ў крыві — для тых, хто разумее і разбіраецца ў гэтым, канечне, а Церашкоў якраз і разумеў, і разбіраўся. Нічога ў такой навуцы не бывае лішняга, кожная мікраскапічная драбяза нясе сваю важную ролю, кожная дэталь мае свой важкі сэнс і ў выніку ўсё працуе на канчатковую мэту — на збліжэнне. Тут і сумеснасць занятку, і суцішаная навакольная прырода вернутага сярод восені «бабскага» лета, і адсутнасць кантролю — у Нэліным выпадку бацькоўскага, у яго — жончынага, тут і (медалямі на грудзях дэмабілізаванага салдата) той факт, што Церашкоў пасля арміі, жанаты, мае маленькае дзіця; усё гэта ахутвала іхнія з Нэлі адносіны лёгкай смугою крамолы, нават таямнічасцю, неабходнай для збліжэння... Гэта пазней, праз не такі і вялікі час, ужо ў зімнім Мінску, паблякне, забудзецца пекната таго вясковага ціхага верасня, выцвітуць у памяці яго пастэльныя фарбы, пакуль не ператворыца ўсё ў звычайны студэнцка­бульбяны раман, «раманчык», якіх кожную восень дзесяткі, сотні; якія для адных — гісторыі кахання, а для іншых — гісторыі хваробы…

Але тады, калі дні з’яўляліся толькі прадвеснікамі вечароў, калі вераснёўскія пахі былі такія вострыя, зоры на небе такія буйныя, цені ад белага месяца такія чорныя і доўгія; калі яны сядзелі, прытуліўшыся адно да аднаго, на лаўцы і ўчарашняя школьніца, непрывычныя да працы, запушчаныя ручкі якой ён трымаў у сваіх, даверліва шаптала, што «мяне ж бацька лёгка мог бы адмазаць ад гэтай бульбы, але я ведала, прадчувала, што нешта павінна здарыцца, што мы сустрэнемся!..»

1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)