Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Што да Чыгіра, дык я яго, здаецца, зразумеў. Яшчэ нядаўна, пры Чарненку, я браў інтэрв'ю ў аднаго пісьменніка да яго сямідзесяціпяцігоддзя. Калі папрасіў расказаць трохі пра ягоную «дзекабрысцкую эпапею», дык той збялеў, затросся, счах i нічога не сказаў. Праўда, разы са два прыходзілася быць у былым пісьменніцкім доме творчасці, у Каралішчавічах, дык там сёй-той, узяўшы чарку i прагульваючыся пасля вячэры па цёмных лясных сцежках, разнявольваўся i расказваў пра тое, што мы чуем цяпер.
Я не ведаю, што i як было б у мяне з Чыгіром, каб не яшчэ адзін выпадак. На другі ці на трэці тыдзень пасля гэтага нечакана памёр таўстагубы дзед. Адна з бойкіх ці найбольш душэўных насельніц нашага дома абышла ўсе кватэры, сабрала па рублю за вянок i кветкі нябожчыку: казала, што Мірман апошні час жыў адзін (жонка яго пайшла на той свет некалькі гадоў назад, a дзеці з унукамі падаліся за мяжу), дык няма каму яго па-людску дагледзець. Канечне, я даў свой рубель. Але калі пасля праводзілі ад дома да жалобнага аўтобуса труну, то сярод тых, хто выйшаў на двор, я не ўбачыў Чыгіра. Увогуле ён не трапляў мне на вочы, можа, з тыдзень. Нават у свае шпацыры — старыя людзі, пенсіянеры звычайна выходзяць пахадзіць у адзін i той жа час. Я не вытрываў i пайшоў да яго — можа, не дай Бог, зноў злёг.
Не. Як пазваніў, неўзабаве дзверы адчыніў сам гаспадар — у доўгай карычневай, нібы бальнічнай, піжаме, крыху смешнаватым каўпаку на галаве, у тапачках. Праўда, белы-белы, згорблены i, здаецца, разгублены.
— Заходзьце,— запрасіў ён, адступаючы ў вузкім калідорчыку, дзе чулася цяпло, але цяпло трошкі цяжкаватае. Можа, i ад таго, што кватэру амаль не праветрывалі.
— Выбачайце,— сказаў я, павітаўся.— Не бачу вас, дык падумаў: можа, вы зноў занемаглі.
— Але, чуюся кепска,— адказаў ён.— Дык i не выходжу.
Ідучы па калідорчыку, а пасля i па адзіным пакоі, я не пераставаў уражвацца: усюды амаль ніякай мэблі, тым больш мэблі шыкоўнай, дарагой, як цяпер амаль у кожнай кватэры. Самаробная вешалка ў калідоры, пару старых драўляных крэсел, даўняя канапа, стол i кнігі, кнігі, кнігі на самаробных паліцах.
— О, каб не тыя дваццаць пяць гадоў, што я прамарнаваў па свеце...— Калі я сказаў добрае слова пра яго бібліятэку, сумна захітаў ён галавой.— Гэта — трэці мой збор. Лічы, на пенсію. Першы знік яшчэ да вайны, другі — у дзяржаўнай бібліятэцы. Другога, канечне, мне не шкода, няхай чытаюць людзі, а вось першага, сабранага да трыццаць шостага...— Уздыхнуў.— Большая палова ў ім была з дарэвалюцыйных рэдкіх кніг. У тым ліку былі i летапісы, прыжыццёвыя скарынінскія кнігі.
Памаўчаў, узіраючыся скрозь тоўстыя шкельцы на запоўненыя амаль ад самай падлогі да столі стэлажы.
— A занядужаў я ад смерці Мірмана...— сказаў пасля.— Грэх гаварыць кепска пра нябожчыка, але мы з ім знаёмыя даўно ўжо i не вялікія прыяцелі. Пазнаёміліся яшчэ тады, калі былі студэнтамі: ён — на медычным, я — на філалагічным. Потым, пасля вучобы, дарогі нашы разышліся. Ён недзе знік, а я паступіў у аспірантуру.
Чыгір сёння, бадай, упершыню са мной разгаварыўся, падахвочваючыся расказаць пра сябе. Я слухаў i намагаўся ні лішне не міргнуць, ні як-небудзь не так не дыхнуць — каб не перапыніць гаспадара. А ён нечакана нібы спахапіўся:
— Ды вы сядайце, калi ласка,— паказаў на канапу.— Можа, вам гарбаты?
Я хуценька сеў i замахаў рукамі:
— Дзякую-дзякую. Гарбаты не трэба.
Ён сеў побач, зноў, як i той раз на двары, увайшоў у сябе, але на гэты раз не счах, захаваў нейкую сваю загадкавую душэўную моц.
— Сустрэліся мы з ім у трыццаць шостым,— неўзабаве дадаў.— У мінскай турме, у вядомай многім нашым інтэлігентам «амерыканцы». Сустрэліся адмыслова: я — як вязень, ён — як турэмны ўрач. Калі мяне прыцягвалі ў камеру пасля допыту збітага, дык ён, бывала, прыйдзе паглядзець. Не, не лячыў. Спачатку толькі абмацваў позіркам, глядзеў, ці не аддам Богу душу, а пасля пачынаў гудзець, як авадзень: ведай, Янка, дарога сюды шырокая-шырокая, а назад яе няма. Зусім. Тут так: ёсць чалавек — будзе на яго справа. I чым болей чалавек разумны, вядомы — тым хутчэй трэба яе завесці. Так што не ўпірайся, расказвай, што думаў, рабіў супраць Савецкай улады, называй усіх хаўруснікаў, дык не будуць біць, адседзіш — i выйдзеш новым чалавекам...
Па першым часе я не мог разабрацца, хто ён: шчыры ці падасланы. Гудзеў, заганяў у кут, збіваў мой дух. Калі ж зламалі мне нагу, i ён пальцам не паварушыў, каб дапамагчы, то болей зразумеў. Пасля даведаўся: ён дастрэльваў збітых ці асуджаных вязняў — рабіў кантрольны стрэл... Пасля пяцьдзесят шостага яго перавялі галоўным урачом адной з нашых бальніц, ён лячыў, стаў доктарам медыцынскіх навук, атрымаў вялікую прэмію, шмат званняў, добрую пенсію, але... памёр, а пахаваць няма каму... Ды новы час міне, каго ён не лічыў за чалавека, даў нейкую надзею, a ў такіх, як ён, забірае тое, што яны ўзялі не так, як трэба... Праўда, яны не здаюцца, чапляюцца за былое «святое», выстаўляюць сябе анёламі, бурчаць, нават гатовы затаптаць новае, але... Хоць скажу вам папраўдзе: нябожчык — не самы страшны для мяне. Такіх, як ён, было нямала. А вось адзін з самых нялюдскіх, злавесных — Чорны чалавек...