Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Але яна бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй.
Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна.
І гэта было такое шчасце, што яна засмяялася.
А ў суседнім пакоі дурная нянька Тэкля раскатурхвала Наталю. Не магла пачакаць, пакуль паедуць.
— Уставай… Устань, ласачка… Заснула, не памаліўшыся… Нельга спаць без малітвы…
Наталя мармытала нешта і адпіхвала рукі старой. Божа мой, ну нашто гэта. Во дурная нянька. Дзеля малітвы будзіць дзіця. Нічога не скажаш, рэзон.
— Трэба аці божачку сказаць… Іначай ваўчаня за бачок ухопіць.
А бадай ты… Пільная патрэба ўзяла.
— Ды я не хач-чу, — хныкала Наталя. — Я… спаць.
— Чытай-чытай.
Майка прыслухалася. Сонны галасок чытаў у суседнім пакоі:
— Так-так, — ухваляла яе Тэкля.
І зноў шапацеў сонны галасок:
Майка прыснула.
— Усё, — з уздыхам сказала Наталя.
І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Наталя, заспаная і ружовая ад сну, торкала чарнявай галоўкай у падушку.
Дзяўчына, адчуваючы нейкую вельмі блізкую, зусім не сястрынскую, шкадобу да Наталі, падышла да яе і ўзяла на рукі, зусім не баючыся, што самне сукенку. Наталка расплюшчыла чорныя вочы, ахапіла Майчыну шыю гарачымі танюткімі рукамі.
— Майка, — сказала за спіной пані Эвеліна. — Зараз жа пакладзі. Самнеш сукенку.
Наталя прытулілася мацней, як паратунку шукаючы. У Майкі сціснула сэрца:
— Матулечка, возьмем Наталю, возьмем Стася… Загорскія крыўдуюць, калі не бяром…
Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:
— Н-ну…
— Едзем, едзем… Наталечка, едзем… — і Майка заскакала вокол маці.
…Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.
Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала — яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё — беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця.
З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён — у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.
І ўсё ж яна чакала.
У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.
— Што з табою, доня?
— Нічога, — ніякавата сказала яна. — Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.
— У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, — сказаў паважны Франс.
А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка… Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.
…Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад'язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.
Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.
На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.
— Раўбiч, — цiха сказаў ён. — Радасць, радасць мне… А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскiх дваранскiх маршалкаў[76]?
Падняў палец:
— «Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…» О! Як думаеш, радасць?
Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.
— Каб гэта ад шчырага сэрца — радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.
— І я думаю, — іранічна ўсміхнуўся дзед. — У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques[77].
76
30 сакавіка 1856 года.
77
Дзівосы гімнастыкі (франц.)