Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Сволачы! — лаецца Лёшка. Да Лук’янава кідаецца Крывёнак, даволі спакойным голасам ён пытаецца:
— У каго пакет?
У мяне ў кішэні перавязачны пакет, я дастаю яго і кідаю хлопцу, хачу і сам падацца туды, але каманда Жаўтыха спыняе мяне:
— Стой! Ціха! Прыгніся! Прыцэл шэсць — адзін снарад, агонь!
Кулі б’юць па брустверах, пырскаючы ў бакі зямлёй, я соўгаю па лінейцы ўказальнік адкату, прыгінаюся. Тут, за казённікам, трошкі схоўней, чым на адкрытай пляцоўцы. Уся наша агнявая курыцца пылам ад куль, разлятаецца ў бакі зямля, шмаццё кукурузы лязгае па шчыце. Што і казаць: няўдалы пачатак, трэба як мага хутчэй упраўляцца, інакш можа быць кепска.
— Бах!!! — нечакана і грымотна б’е ў вушы стрэл. Гармата тузаецца назад, пад казённікам з’яўляецца пустая гарачая гільза, з яе вузкае шыйкі курыцца дым.
Я не бачу за шчытком выбуху, але чую яго далёкае раскоцістае «ках-х-х!». У ствале ўжо новы патрон, і Папоў асцярожна, дужа акуратна і спакойна падкручвае махавікі.
— Фіць-фіць! Чвік!.. — праносіцца побач варожая чарга.
«Хутчэй! Хутчэй!» — стукае ў скроні думка. Я імгненна азіраюся: Лук’янаў ляжыць на баку, і Крывёнак, няўмела раскручваючы белы, чысцюткі бінт, абмотвае яму галаву. Скрозь павязку праступае і распаўзаецца бурая пляма крыві.
— Бах!!! — б’е новы наш стрэл, і правае вуха глухне, нібы ў яго забіваюць тугі корак. Я таропка пазіраю на ўказальнік адкату — адкат, здаецца, нармальны.
— Прыцэл сем! — з лютасцю ў голасе камандуе ззаду Жаўтых.
Значыць, недалёт, трэба яшчэ прыстрэльваць. Кулямёт б’е доўгімі чэргамі, і гэта, мусіць, ратуе нас, бо толькі першыя кулі з чаргі трапляюць паблізу, іншыя ж ідуць з рассейваннем навокал. Усе мы тулімся долу, Лёшка ляжыць на баку, прыціскаючы да грудзей патрон, — позіркі нашы сустракаюцца, і я не знаходжу ў ягоных вачах варожасці. Мне таксама цяпер не да злосці — Люся і ўсё, што звязана з ёю, адступаюць цяпер далёка, у нейкае невыразнае даўняе ўчора.
Папоў працуе, аднак, таропка і дакладна. Не паспяваю я да канца адчуць сваю прыкрасць ад першых стрэлаў, як бахае новы, трэці стрэл і зараз жа ззаду крычыць Жаўтых:
— Адмеціцца па разрыву!
Гэта ўлюбёны прыём нашага камандзіра. Ёсць пэўныя правілы прыстрэлкі прамой наводкай, але Жаўтых амаль заўжды карыстаецца толькі гэтым — адмячаннем па разрыву, які ні разу яшчэ не ашукаў нас. Папоў, згорбіўшы спіну, ледзь-ледзь, аднымі далонямі, кратае махавічкі наводкі і цісне кнопку спуску. Я выглядваю з-за шчытка — снарад праз пыл з бруствера ідзе ўдалеч і рвецца на пагорку.
— Верна! — радасна і натужна, з усяе сілы крычыць Жаўтых. — Тры снарады, беглы агонь!
«Слава богу! — спадае ў душы прыкрае трывожнае напружанне. — Трапілі, цяпер дабіць!»
— Бах! — грукае стрэл, гармата тузаецца, з казённіка са звонам вылятае гільза. Лёшка, на імгненне прыўзняўшыся на каленях, дасылае наступную, і праз дзесяць секунд зноў:
— Бах!
На агнявой — кіславаты парахавы смурод, пыл. Шостая гільза звонка лязгае ў доле аб папярэднія, і вось жаданая каманда:
— Ва ўкрыцце!
«Ёсць! Здаецца, удалося! Яшчэ трошкі, яшчэ…»
Мы ўсе хапаемся за гармату, я перапаўзаю цераз станіну, вырываю з восі стопар, нехта ззаду выдзірае з зямлі сашнік. Жаўтых хапаецца за левую станіну. Прыпаўшы да самай зямлі, налягаю на кола, штурхаю — гармата зрушваецца з месца. Папоў трошкі спазняецца штурхнуць левае кола, гармата перакошваецца на пляцоўцы, і Жаўтых злосна крычыць на яго:
— Папоў, такую тваю растакую! Штурхай!
На Папова камандзір крычыць рэдка, толькі ў баі пад агнём, — тут ён нікога не вылучае, тут у яго ўсе роўныя, і, паслухаўшы збоку ў такі час, можна падумаць, што ён з кожнага гатовы садраць скуру. Папоў не крыўдзіцца на тое, як не крыўдзіцца ніхто, — у насунутай на вочы касцы ён упіраецца каленямі ў зямлю, плячом — у кола, гармата зрушваецца з месца і, цяжка гойдаючыся, ідзе ва ўкрыцце.
— Та-та-та-та-та… — стукае здаля кулямёт, але мы ўжо звярнулі станіны, я напружваюся, што, здаецца, разрываюцца ад натугі грудзі, і штурхаю ў кола аберуч, аж покуль гармата не пачынае каціцца паціху сама. Хлопцы і Жаўтых кіруюць яе станінамі, а апошні, на каленях, учапіўшыся за правіла, штурхае схуднелы, з акрываўленай шчакой Лук’янаў.