Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 153
Перейти на страницу:

Крэст трохі ніяката развёў рукамі.

– Гэта так, - сказаў ён.

– Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? – сказаў Гедымін.

– Ведаю. Для ўсёй гімназіі. І, ва ўсякім разе, я папрашу бацькоў, каб яны прасачылі за тым, каб мяне выключылі восьмым. Адразу за гэтымі вось, што ляжаць тут.

Дырэктар з прыкрасцю зірнуў на Крэста. Сапраўды, восьмым. Сапраўды, бацькі з іхнімі сувязямі прасочаць за гэтым. Бойка! Які год праходзіць без бойкі, агульнай бойкі ў гімназіі. Ох, гэта трэба замяць! Саміх пагоняць, як даведаюцца!

– Вы чулі, за што яны хацелі яго збіць? – спытаў дырэктар у Крэста.

– На жаль, не, - сказаў Крэст.

– За што вы яго? І за што яны?

Алесь узняў на дырэктара цвёрдыя глыбокія вочы.

– Я не магу сказаць вам гэтага.

Ён успомніў, што калі за “прыгон” не пахваляць яго, то за лаянку Лізагуба на ўрад і іншыя мілыя штучкі не пахваляць не толькі Лізагуба. Папячыцель, а за ім і ўсе іншыя напэўна прычэпяцца да слоў дурня, каб яшчэ мацней прышчаміць хвост палякам.

– Я не магу сказаць вам гэтага, - паўтарыў Алесь. – Але паверце слову двараніна: варта было.

Дырэктар паціснуў плячыма. Хто, сапраўды, разбярэцца ў рахунках гэтых юных вандалаў? Ён пакасіўся на Крэста.

Але Крэст таксама маўчаў. Утапіць Загорскага яму нічога не каштавала, але тады да папячыцеля дайшло б, што ў гімназіі асуджаюць прыгон і ўрад, што сёння змялі і выкінулі з будынка добрую палову тых, што стаялі за ўсё гэта.

І першы будзе адказваць ён, Крэст, бо гэта ягоным патураннем выбухнула бойка. Вось табе і “даў магчымасць правучыць”.

Таму Крэст маўчаў.

Звяртаючыся да “ваўчаняці”, дырэктар паказаў на Лізагуба:

– Вы лічыце, што збіць да паўсмерці – годны ўчынак? Біць двараніна?

– Яшчэ раз кажу, - сказаў Алесь, - варта было.

– Вы не раскайваецеся? – спытаў Гедымін.

– Я зрабіў бы гэта заўтра. І паслязаўтра.

– Гм, - сказаў дырэктар.

...Алесь сядзеў у крэсле, захутаны ў коўдру і тры пледы. Твар у яго быў чырвоны, светлыя вочы блішчалі.

Насупраць, ля танканогага століка, сядзеў стары Вежа.

Дзед думаў. Ён не глядзеў ні на ўнука, ні на Халімона Кірдуна, што стаяў ля сценкі. Халімон, таксама пераапрануты ў сухое, быў чырвоны, як з лазні: выпіў тры кручкі гарэлкі. Ратаваўся хатняй методай.

Выхаванец і дзядзька ледзь не патапіліся сёння. Ехалі з Вільні нібы насустрач вясне, разводдзямі, веснім лёдам. А ўсімі ярамі ўжо свістала – вада не вада, а снегавая каша, набрынялая, здрадніцкая.

Яры раўлі так, што нават збоку, здалёк страшна было чуць іхні рык. Першы яр праехалі. І другі праехалі. А трэцім ледзь не сплылі ў Дняпро. Ледзь не засмактала іх празрыстая ледзяная вада, што струменьчыкамі тачылася праз снегавую саладуху, раўла, круціла, перамешвала сама сябе, цягнула ўсё старонняе на трохсажнёвую глыбіню.

З цяжкасцю выцягнулі іх дрыгавічанскія мужыкі...

– Т-так, - суха сказаў дзед. – Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар’яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук.

– Я ж расказваў вам, дзеду.

– Ухваляю. Годна. І па-рыцарску. Але мне не лягчэй. Бацькам таксама. Ды яшчэ ў яры палез. З баязлівасці? Каб хутчэй насустрач небяспецы?

– Не.

– Што ж рабіць?

– Нічога, - сказаў Алесь. – Я не разумею, чаго вы напалі, дзеду. Ніхто, акрамя мяне, не пацярпеў. Ну добра, ну я тыдзень лічыў, што выключылі. А потым проста, “улічваючы небяспечнасць”, не далі мне вярнуцца да сяброў, прымусілі сядзець пад хатнім наглядам. Згодай папячыцеля прымусілі здаць экзамены і выпхнулі з Вільні. Далі ж скончыць.

– Не яны далі, - сказаў дзед. – Імя тваё дало.

– Не імя, - сказаў Алесь. – Боязь. Баяліся камісіі. Баяліся, што Лізагубавы словы ўсплывуць.

На вуснах у Вежы з’явілася іранічная усмешка.

– Ну і што? Ну і выпхнулі б Лізагуба ў Пензу, а цябе ў Арзамас. Яго за нянавісць да рускіх, цябе – за нянавісць да імперыі, да прыгону. Лягчэй бы гэта было?

Унукавы вочы ліхаманкава блішчалі.

– А вы хацелі б, каб мяне сямёра білі за тое, што я – гэта я, а я не адбіваўся б, а даў сябе біць?

Вежа глядзеў на Кірдуна.

Змрочны, добры Кірдун стаяў ля сценкі і чырванеў усё больш. Ці ад гарэлкі, ці мо ад сораму.

І раптам Кірдун, а па мянушцы “Халява”, замест таго каб апраўдвацца, тлумачыць, словам, рабіць усё тое, што было асвячона традыцыяй, раптам зароў на поўны голас і перайшоў у наступ:

– У гімназію анахцемскую аддалі. А там усямёх паніча біць хацелі... Дзякуй богу, не далі добрыя людзі.

1 ... 132 133 134 135 136 137 138 139 140 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)