Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 221
Перейти на страницу:

Ён прадраўся праз гушчар алешніку і ўзышоў на хваёвы грудок: тут пачынаўся лес. Здаецца, за ім не гналіся, але ён усё ішоў і ішоў, пакуль не набрыў на бор-беламошнік і, спаткнуўшыся аб корань, не ўпаў на сухі мяккі мох. Не ў стане падняцца, з тупой асалодай перакаціўся на спіну, зірнуў у неба і на здзіўленне сваё адзначыў, што дзень канчаўся, неба вечарэла, у лесе пад хвоямі распаўзаліся прыцемкі…

13

Ваўкі

…Ляўчук узяў чамаданчык і памалу пайшоў на паверх пазваніць. Думалася: можа, ён іх прагледзеў і яны даўно ўжо дома. Вядома, у твар не ведаў, хоць і адчуваў нейкім сваім нутраным адчуваннем, што калі б згледзеў здаля, дык, здаецца, пазнаў бы.

Але на яго тры званкі зноў ніхто не адгукнуўся, кватэра глуха маўчала. Гэты раз суседка не пацікавілася ім, і Ляўчук зноў сышоў уніз на падворак. Бавячы час, ён абышоў вакол двара і вярнуўся на сваю лаўку пад мураванай сцяной. Трэба было чакаць. Не ехаць жа без дай прычыны назад, калі ўжо прыехаў за дзвесце кіламетраў, хоць, можа, і ніхто яго тут не чакаў. Але гэтая сустрэча патрэбна была для яго самога, як нейкае апраўданне яго ваенных пакут. Ён не мог забыцца на іх, калі б і хацеў нават, бо такое не забываецца. Як тая ноч, у якую яму пашэнціла меней. А можа, менавіта таму і пашэнціла, бо за ягонае жыццё заплаціў у другі, і гэтая неаддзячаная плата трыццаць гадоў ляжала на яго сумленні. Цяжка было жыць з ёй, але што зробіш? Пражытага не перайначыш…

На Каляды ў сорак трэцім яны рвалі «жалезку».

Спачатку ўсё ішло добра, чацвёра іх пад камандай былога сяржанта Колабава за ноч дабраліся з пушчы да Сёлетнева, невялікай вёскі пад лесам, ад якой да чыгункі было два кіламетры, пераднявалі ў свайго чалавека і, як сцямнела, пайшлі «паляваць». Ахова іх правароніла, яны хутка падклалі міну і праз хвілін дваццаць грымнулі цяжка нагружаны эшалон, што ішоў у бок фронту. Збянтэжаныя немцы ачухаліся не адразу і позна адкрылі агонь, падрыўнікі кружным шляхам вярнуліся ў вёску, выпілі, добра пад’елі і заваліліся спаць на салому. Але ў іх была адна міна-запаска, якую грэх было несці назад, у пушчу, і наступнаю ноччу яны, даўшы добрага круку, падышлі да чыгункі з другога, ляснога боку. Думалі, тут немцы іх не чакаюць і ўсё ўдасца не горш, чым учора. Але на лініі яны заўважылі патрулёў і прытаіліся ў завале ля насыпу. Трэба было чакаць. Гадзіны тры запар мусілі мерзнуць на ніштаватым калядным марозіку, пакуль дачакаліся, калі патрулі пайшлі ў бункер грэцца, і тады паставілі міну. На чыгунцы ўвогуле было спакойна, перад тым прайшоў цягнік з боку фронту, неўзабаве павінен быў з’явіцца другі — на фронт. I тады Колабаву здалося, што, спяшаючыся, яны не дужа замаскавалі міну пад рэйкай, патрулі пры абходзе могуць прыкмеціць сляды іх работы і падняць трывогу. Леўчуку дужа не хацелася другі раз лезці цераз заснежаны завал да насыпу, ён нібы адчуваў, што гэта дабром не скончыцца. Але Колабава адгаварыць ад чаго-небудзь, што ён уваб’е сабе ў галаву, было немагчыма. Праўда, камандзір мог паслаць туды каго аднаго — Леўчука, Філіпава ці Крука, але ён не паслаў нікога — ён палез сам.

Лезці цераз бязладна наваленыя ўздоўж лініі сукаватыя дрэвы — бярозы і хвоі — было нялёгка, пакуль ён адолеў гэты завал, мінула, мабыць, нямала часу, і нешта на чыгунцы змянілася. Можа, раней часу пачалі свой абход патрулі, а можа, якое начальства з праверкай выйшла на лінію. Ім з завалу не дужа было відаць, што там здарылася, толькі раптам прагучаў крык, чарга трасірных куль сцебанула па насыпе і з віскам пранеслася па-над завалам. Пасля ўдарыў кулямёт з бункера. Каб неяк ратаваць таварыша, яны з-за паваленага дрэва некалькі разоў стрэлілі туды з вінтовак, але кулямёт сыпануў па завале такой густою чаргой, што яны сунулі галовы пад камель дрэва і ляжалі так хвілін пяць, не рызыкуючы паварушыцца. I менавіта ў такі час Ляўчук пачуў зводдаль слабы крык Колабава і зразумеў, што з ім сталася ліха.

Кулямёт аж захліпаўся, вогненнымі струменямі куль абсыпаючы ўвесь завал, страчылі патрулі з-за насыпу, а Ляўчук цераз вывараціны і сучча кінуўся па той бок, да лініі. Згубіўшы рукавіцы і разадраўшы рукаў ватоўкі, ён выбраўся ўрэшце з завалу і адразу наткнуўся на Колабава, які ў акрываўленым маскхалаце ляжаў каля сукаватай рагаціны-хвоі; перабрацца цераз яе ў камандзіра ўжо не было сілы. Ляўчук моўчкі ўхапіў яго пад пахі, абпоўз вывараціну, пад шквалам агню пераваліў яго цераз другую, коса паваленую хваіну. Колабаў маўчаў, толькі стагнаў, сцяўшы зубы, з адной калашыны яго маскхалата лілася на снег чорная кроў. Макрэючы на марозе ад поту, Ляўчук хвілін праз пятнаццаць усё ж адолеў гэты завал, выпаўз на яго лясны бок і не знайшоў хлопцаў. Ён падумаў, што, можа, яны адбегліся далей у лес, пад агнём з бункера ўзваліў на сябе Колабава і, сагнуўшыся да самай зямлі, хутка пасігаў між дрэў — далей ад гэтага агнянага пекла, якое грымела, гуло, клекатала, здавалася, на дзесятак кіламетраў вакол.

1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)