Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.
Ён моцна ўдарыўся сцягном аб камень, але зараз жа ўскочыў, адчуўшы, як аднекуль з-пад рук рыкашэтам пырснула куля, яна не зачапіла яго, і ён двума скачкамі, прыгнуўшыся, шыбануў у жыта. Тут яго адразу накрыла воблакам дыму, ён зноў задыхнуўся і, заблытаўшыся ў калівах, упаў, затым ускочыў, пабег, — ён з усяе сілы імкнуў ад агню, ад тока, дзе ляскалі стрэлы і, мусіць, беглі ўжо немцы. Пачалі біць і збоку — засланыя дымам каласы перад ім прашыла нізкая агніста-зеленаватая траса з алешніку, і ён кінуўся ў другі бок, далей у поле, бо шлях у алешнік быў ужо адрэзаны! Дыму, аднак, станавілася менш, ён гарачым туманам распаўзаўся над жытам, і Ляўчук, прыгнуўшыся, з усіх сіл шыбаваў і шыбаваў у ім, часам падаў, ускокваў і бег зноў. Ззаду па ім усё стралялі, нават штосьці крычалі, але ён не слухаў, ён хацеў адбегчыся як мага далей. Яму трэба было ў лес, хоць бы ў той самы алешнічак, бо ён разумеў, што ў полі паратунку яму не будзе.
I ён пачаў забіраць убок, перабег адну, другую мяжу, увесь час прыгінаючыся і памагаючы сабе рукамі. На боль у правым плячы ён даўно не зважаў, ён толькі сціскаў сківіцы, калі рабілася асабліва балюча, кепку сваю ён недзе згубіў, пот заліваў лоб, шчокі і разам з дымам выядаў вочы. Пасля страляць у яго бок неяк перасталі, і ён рашыў, што ўратаваўся. Толькі трэба было ў алешнічак.
Па зарослай рамонкамі мяжы ён выскачыў з жыта і зараз жа задам падаўся назад. Ды было, мусіць, позна. Па нешырокім травяным узмежку між жытам і лесам напярэймы яму беглі двое. Угледзеўшы яго, адзін штось крыкнуў, паказваючы другому, той адразу ж укленчыў, і праз секунду першая куля ўдарыла яму пад ногі. Прыгнуўшыся, Ляўчук кінуўся назад праз жыта, пашыбаваў упоперак нівы, аж пакуль тая не скончылася, і выскачыў на забалочаную лугавіну з някошанай асакаватай травой. Гэта яго надта ўстрывожыла: тут, на лугавіне, месца яму не было, тут яго проста маглі падстрэліць. Ды і сілы ў яго ўжо не засталося, сэрца гулкім грукатам поўніла грудзі, лёгкім не хапала паветра. Тады ён спыніўся, дастаў з кабуры свой парабелум і гучна лязгнуў затворам, даслаўшы першы патрон у патроннік. Неўзабаве паказаліся яго даганятыя; выглянуўшы над жытам, ён згледзеў іхнія пілоткі і стрэліў два разы запар. Пілоткі зніклі, ён выглянуў зноў і, калі першая вытыркнулася з жыта, стрэліў яшчэ раз. Пасля з пісталетам у руцэ знясіленым подбегам патрухаў краем пожні наўскос ад жыта, бліжэй да алешніку.
Бегучы, аднак, ён адчуў, што не паспее, што неўзабаве выскачаць з жыта тыя. I ён стараўся з усяе моцы, толькі моцы тае ў яго амаль не засталося. Ён з паныласцю заўважаў, што ўсё болей выбіваецца з сілы, крок яго робіцца вялы, ногі падкошваюцца, і ён не можа сабе даць рады. Ён азірнуўся, калі ззаду зноў бахнуў стрэл, і куля дзесь вельмі блізка прайшла ля яго. Але і тады ён не паскорыў бегу, наадварот, амаль перайшоў на крок. Яго даганяты спыніўся на ўскрайку жыта, стрэліў з рукі, пасля перазарадзіў вінтоўку і ўкленчыў, упёршы локаць у калена. Так, вядома, цэліцца стала ямчэй, і можна было ўдарыць напэўна. Але ўсё роўна Ляўчук не пабег. Апроч таго, што не было сілы, нешта ў ім надарвалася ў гэтай бясконцай барацьбе за жыццё, ён толькі ў думках сказаў таму: «Бі, сабака!» і хісткім крокам пашкандыбаў да алешніку.
Яму ўжо заставалася зусім недалёка, каб затуліцца ў кустах, як даганяты зноў стрэліў. Куля імпэтна прарэзала ў дзірване з-пад яго ног касую чорную адмеціну, выбіўшы прэч траву, і зрыкашэціла ў неба. «Давай, давай!» — сказаў ён сабе і, не азіраючыся, брыў далей. Ён выразна адчуваў, што куля ў любое імгненне можа навылёт пранізаць яго цела, але што ён яшчэ мог зрабіць?
Трэці стрэл ён пачуў на імгненне пасля, як куля секанула яго па крысе пінжака і некалькі патронаў з кішэні сыпанула ў траву. Ён спалохана схапіўся рукой за кішэню, мусіць, патроны цяпер яму былі даражэй за жыццё, і хуценька кінуўся падбіраць іх з травы. Пасля, трымаючыся рукой за кішэню, адчуў, што парадкам адышоўся ад жыта, шанец атрымаць кулю цяпер паменшаў, і ён патроху зусім перастаў прыслухоўвацца да таго, як бахала ззаду вінтоўка.