Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 129 130 131 132 133 134 135 136 137 ... 147
Перейти на страницу:

— Ай, Чэсевіч, брэшаш, — гэта Шаблыка.

— Праўду кажу. Але аднойчы даведаліся, то порткі загадалі зняць, і тут ужо й латка не дапамагла… Пасля ён старасту таго стрэліў.

Рагочуць Шчука і ксёндз.

— То і мяне падазраваў? — у Жыховіча на вачах слёзы ад смеху. — То чаго не сачыў?

— А ён, — ківок у мой бок, — і збіраўся. «Прасачыць бы, думае, за ім». І тут жа сам сабе адказаў: — Як.

— «Прасо-очыш. Ну, выйшаў ксёндз, зайшоў — гэта прасочыш. А вось хто да ксяндза пайшоў? Ты ж на цвінтары станеш, а не ляжаш пад яго дзвярыма. Як Ас».

— Ну, Холмс. І падумаць, што я тады над студняй уратаваў яму жыццё. І, шчыра кажучы, — гэта самая кепская справа, якую я калі-небудзь у жыцці зрабіў.

Гэта былі яны, мае людзі, маё кола, свет, у якім было не страшна, а лёгка жыць. І нават іхняя гаварлівасць у апошнія гэтым разам хвіліны з імі была даравальная, бо мы звыкнуліся адно з адным.

Маўчалі, праўдзівей, гаманілі ціха, толькі Сташка з Хілінскім. І па тым, як яны раз-пораз паглядалі на мяне, можна было здагадацца, аб чым ішла ў іх гаворка. Сташка была сумная і ціхая і болей ківала галавой у адказ на словы суседа.

— А Велінец — гумарыст, — залівалася чамусьці Тарэса.

— Добры сабе гумарыст, — бубнеў Сядун, — гэта ён з дзеўкамі гумарыст. А тады, у лагчыне… У яго ж за вонкавай кволасцю сіла. Ды гнуткая, як сталёвы прут, сціснутая, як спружына.

— Ты, пане Змагіцель, дзіўна разумееш свае адносіны з людзьмі, — удавана сердаваў Шчука. — Думаеш, чаму столькім ты насаліў, чаго яны гыркаюць нават на твой цень.

— Гэта не трубныя словы, — вельмі сур'ёзна і ціха сказаў «каўбой». — Жыццё маё сапраўды, а не з трыбуны належыць грамадству. І пакуль я жыву — мая прывілегія рабіць дзеля гэтага грамадства ўсё, што ў маіх сілах. Падабаецца гэта некаторым ці не. А я хачу дзеля яго поўнасцю знішчыць сябе да моманту, калі памру.

— Развітвайцеся, — сказаў Хілінскі, — час. І быў я абцалаваны ўсім хаўрусам аж да апошняга. І зразумеў я, што трымаў сябе ўвесь час збольшага годна і як трэба. І гэта было добра, бо яны палюбілі мяне, а дабіцца такога — то была нялёгкая справа.

Усе мае селі ў машыну. Усе астатнія глядзелі на іх, не дужа ведаючы, што і казаць, як заўсёды ў апошнія секунды.

Стаялі купкаю. Адна Сташка стаяла наводдаль і не глядзела ў мой бок нават тады, калі мае ногі самі панеслі мяне.

— Бывай, Сташка.

— Бывай.

— Бывай, Сташка Рэчыц. Я дужа, дужа кахаю цябе. Я ўжо і не думаў, што мне будзе дадзена ў жыцці вось так пакахаць.

— І я.

Я ўзяў яе за плечы.

— Слухай мяне. Праз месяц скончыцца твой сезон. Я дужа хачу, каб мора чакала да сябе не мяне аднаго.

— І я таксама.

— І я вельмі прашу цябе, ты нікуды не заязджай, калі скончацца раскопкі. Ты адразу з вакзала ці там з аэрапорта прамуй да мяне.

— Так адразу?

— Мы з табой трыста з лішнім год ведаем адзін аднаго. І ўсё маладыя. Цяпер я хачу паступова, вельмі павольна старэць разам з табой. Досыць. Час пакласці канец майму «пад'езду кавалераў».

Усе маўчалі, калі я пацалаваў яе. Ніхто нібыта нават не бачыў.

І вось маленькая купка людзей пачала меншаць і меншаць. Пасля пачалі менець усечаныя шасцікутныя вежы, чорныя муры, ліпы, залітыя сонцам, арка брамы. Пасля, з гары, бліснуў на імгненне блакітам стаў, рэчка і яе рукаў, што трымалі замак у абдымках.

Мільгнулі званіцы касцёла, хаткі, рассыпаныя ў даліне. Усё тое, дзе я столькі часу перажываў жах, небяспеку, холад таямніцы, дзе я знайшоў цеплыню, сяброўства і каханне. Цяпер ужо назаўсёды, калі захоча гэтага лёс.

Узгорак вырастаў за намі, паступова закрываючы вёску.

— Бывай, Альшанка, — шапянуў я касцельнаму шпілю. — Бывайце, сябры. Бывай, Сташка мая. Бывай.

Раздзел XI

«І герб радавы разбіваюць на камені тым»

Зноў закруцілі, заматлялі нас дарогі. Вадзіцель не хацеў «даваць кругаля» цераз Кладна, а ўзяў напрамкі, і таму кіламетраў са сто нас не чакала нічога, акрамя польнай ці лясной дарогі. Я ўзрадаваны быў гэтым. Яшчэ не распаленае сонцам неба наперадзе, ззаду лёгкі вэлюм пылу, па баках нівы або шматкіламетровыя саборы з хвой, адхоны і яры, дубовыя раці, што цяжка выступілі на прырэчныя паплавы.

Недзе з гушчару таполя, якая невядома як трапіла туды, мяце па зямлі, сее па свеце спозненым пухам.

На палянах, на месцы разораных хутароў камяні ад фундаментаў, акацыі з яшчэ празрыстымі стручкамі. І паўсюль — раскідана — цвітуць на іх блакітныя касачы. І бэз там яшчэ месцамі дацвітае. І шкада робіцца хутароў і жыццяў, якія прайшлі на іх.

1 ... 129 130 131 132 133 134 135 136 137 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)