Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 164
Перейти на страницу:

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

"Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l'on puisse faire"[58].

— Гэта ён мне? А кодэкс? — спытаў Загорскі.

— Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, — сказаў Мсціслаў.

— Усё адно гэта нiкуды не варта, — пацiснуў плячыма Алесь. — Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.

Пан Адам крэкнуў:

— А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.

— Хто яго секунданты? — спытаў Алесь.

— Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, — сказаў Выбіцкі.

Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.

— Ну, — сказаў урэшце Алесь.

— Без лекара, — сказаў жорстка Мсціслаў. — Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар'ерам — дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі — да смерці аднаго.

— Міла, — сказаў Алесь.

— Ты не пратэстуеш? — спытаў пан Адам.

— Нашто, — паціснуў плячыма Алесь.

— Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, — сказаў Маеўскі. — Жэрабя — гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.

Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:

— Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.

Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.

Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер — дваццаць адзін.

Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…

Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.

Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго — брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую — Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы — на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе — Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, — на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.

Вось і ўсё. Душапрыказчыкі — Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.

Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.

Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.

Галуа[59], якога так любіў "матэматычны Грыма". Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.

вернуться

58

Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі — найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.)

вернуться

59

Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.

1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)