Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Сэрца на далоні
Сэрца на далоні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сэрца на далоні

Электронная книга - «Сэрца на далоні». Краткое содержание книги:

За раман «Сэрца на далоні» і за кнігу аповесцей «Трывожнае шчасце» Шамякіну Івану Пятровічу прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа за 1967 год.
Раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні» аб чэсці чалавека — працоўнай і прафесійнай, аб духоўна багатых і прыгожых людзях і аб тых, хто маладушны і подлы. Гэта шматпланавы, шматпраблемны твор, з мноствам сюжэтных ліній, з разнастайнасцю людскіх лёсаў і характараў. Два галоўныя факты — «асэнсаванне чалавечага падзення» мужных людзей і гісторыя кіраўніка падполля, які быў аб'яўлены здраднікам — асноўныя сюжэтныя лініі твора. Дзеянне твора размеркавана па двух планах часу — ваенным і сучасным, а ідэя выяўлена ўжо ў самой назве твора, як бы падкрэсліваючы думку пра неабходнасць гуманнага стаўлення да чалавека. Цяперашняе і мінулае як бы сплятаюцца ў рамане, вырашаючы самыя важныя праблемы жыцця ўсяго грамадства ў пачатку 60-х гадоў: праўда мінулага і сучаснага, адносіны паміж пакаленнямі, чалавек як асоба і іншыя.
1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 182
Перейти на страницу:

Яны перавялі мяне ў іх, нямецкі, гатэль. Памясцілі з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але «апрацоўвала» мяне моцна. Нават пільнавала ўначы — што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцілі дадому. Яны былі яшчэ ветлівыя: «Не будзеце баяцца адна?»

«Не буду».

Спадзяваліся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезці ў лес. У іх нямала было клопату — сцерагчы мяне. Але ніхто не прыходзіў, і хутка ім абрыдла гэта. Тыя ж два «апекуны» адвезлі мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькі дзён пра адно і тое ж: хто прыходзіў да бацькі, з кім ён сустракаўся, як ён жыў і гэтак далей. На другі дзень тое ж самае ў іншым парадку — каб заблытаць. Потым вочныя стаўкі. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзілі чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькі адну жанчыну, сястру з дзіцячай бальніцы. Але яна глянула на мяне вельмі варожа, і я не прызналася, што ведаю яе. Калі прывялі Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнічнай машыны. Вася, збіты, сіні ўвесь, прыветліва кіўнуў галавой: ён ухваліў маё прызнанне.

«Ён часта прыязджаў да вас?» — спытаў следчы.

«Не вельмі часта», — адказала я.

«Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?»

«Прывозіў бацьку. Потым бульбу. Мяшок».

«А яшчэ каго?»

«Тры мяшкі партызан», — засмяяўся Вася.

Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:

«Нічога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваім вяселлі!»

Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзіцца!

Тады з'явіўся той афіцэр, што глядзеў так на пахаванні.

«Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!» — здзекліва кінуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пісталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: «Даволі гэтай дурацкай камедыі. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамі. Ты памагала яму. У вас хаваўся камісар. Мы злавілі яго. Ён ва ўсім прызнаўся».

«Хто ж забіў майго бацьку?»

Ён падскочыў:

«Шкадую, што гэта зрабіў не я!»

«А хто?»

«Яна што, вырашыла дапытваць мяне?» — спытаў афіцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:

«Я хачу знаць, хто забойца майго бацькі. А камісара вы выдумалі. Калі Грот, хірург шпіталя, і ёсць той камісар, тады так, ён хаваўся ў нас».

Ён наблізіўся да мяне, доўга і пранікліва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзіў праз зубы:

«Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваім лёсам», — і двойчы моцна ўдарыў па твары.

На шчасце маё ці на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другі афіцэр. Я ўсё адмаўляла. Білі. Не, не моцна. Адзін раз толькі драўлянымі абцугамі ціснулі пальцы. Гэта балюча. Пальцы і цяпер баляць.

Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамі.

— Што ж вы не сказалі мне? — дакорліва паківаў галавой Яраш.

— Яны баляць, калі ўспомню. А так нічога. У лагерах таксама білі. Бізунамі. Гумавымі палкамі. Мяне нядоўга трымалі ў турме. Тыдні два. А потым лагер пад Баранавічамі. Потым Майданак… Пасля… Я ўжо нават не помню іх, усіх лагераў, у якіх была. Мяне чамусьці часта пераводзілі. Апошні — жаночы лагер пад Гісенам. Нас вызвалілі амерыканцы…

Вельмі можа быць, што яна ўсё-такі стамілася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая і шумна пляснула ў далоні, як бы ставячы кропку:

— Таварышы, астывае кава.

24

Завод абавязаўся выканаць дзесяцімесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхі, змены, брыгады неслі перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нічога не змянілася. Хіба толькі абнавіліся лозунгі і заклікі. І больш іх стала ўсюды — на прахадной, у заводскім двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славік з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавіта рытм, бо раней нямала было і аўралаў. Добрыя і шчырыя працаўнікі мусілі часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў — ці забеспячэнцы, ці транспартнікі, канструктары, ці ліцейшчыкі, механікі, ці планавікі. Зборшчыкам, якія, па сутнасці, завяршалі працэс вырабу станка, гэтае «нешта недзе» больш, чым каму, давалася ў знакі. Славік неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялі механікаў. А тыя ў сваю чаргу валілі віну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькі дзён усё ідзе як па масле. Без запіначкі. Хлопцы працавалі з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапіў і Славіка. Яго менш вучылі, больш даручалі работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, і ён рабіў даволі старанна. Работа зборшчыка такіх унікальных, несерыйных станкоў тым і цікавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень і кожную гадзіну прыходзіцца рабіць нешта новае.

1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 182
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)