Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 264
Перейти на страницу:
х х х

Месяц ужо стаяў высока ў небе, калі зручны час прыйшоў: пакуль усцешаныя перамогай іспанцы легкадумна гультаявалі, рэгімент Карла Людвіга Пфальцскага нечакана напаў на варожы лагер. Іспанцы ліхаманкава хапалі зброю, думаючы ўжо не пра палонных, а пра ўласнае жыццё, і Радзівіл паспеў вызваліць дзясятак зняволеных, перасекшы вяроўкі на руках і нагах. Сярод іх аказаўся і адзін з чалядзінаў князя — моцны юнак, які невядома як трапіў у гушчу бою.

— Мансеньёр! — радасна крыкнуў ён. — Гэта вы? А я ўвесь час глядзеў на вас і думаў, што гэта мне мроіцца…

Убачыўшы, што палонныя ўцякаюць, іспанцы кінуліся напярэймы. Завязаўся жорсткі бой, які мог скончыцца дрэнна для былых зняволеных, якія бараніліся хто чым, калі б не з’явіліся галандскія кірасіры. Яны ляцелі проста на іх, размахваючы зброяй і запаленымі паходнямі.

— Карл! — крыкнуў Багуслаў, пазнаўшы ў камандзіры пфальцскага курфюрста. — Гэта я, Радзівіл!

Схапіўшы за повад каня, што, страціўшы гаспадара, імчаў, не разбіраючы дарогі, князь ускочыў у сядло і кінуўся ўслед за іспанцамі. Тыя ўсё ж змаглі прабіцца да форта і зачыніцца ў яго сценах. Але адважная вылазка пфальцскага курфюрста мела добрыя вынікі: ўсе палонныя галандцы былі вызваленыя, а ў галандскі палон трапілі некалькі іспанскіх жаўнераў і ротмістр Саласкар, якога захапіў адважны княжацкі чалядзінец.

Багуслаў з Карлам Людвігам вярнуліся ў лагер.

— Спадзяюся, пасля нашага візіту праклятыя папісты яшчэ доўга не высунуць насы з-за гарадскіх умацаванняў, — заклапочана сказаў князю курфюрст. — Але і нам не пазайздросціш, тым больш цяпер, калі прынц Насаў паміж жыццём і смерцю…

— Дык штатгальтар жывы? — узрадаваўся Радзівіл. — А я думаў…

— Ды лепш бы загінуў на полі бою, — уздыхнуў Карл Людвіг. — Лекары яго ўжо не выратуюць, толькі працягнуць агонію…

Наведаўшы параненага, ля ложка якога сабраліся ўсе камандзіры, Багуслаў пераканаўся, што пфальцскі курфюрст меў рацыю: прынц Генрых Казімір быў без прытомнасці, а яго разадранае цела не здолеў бы вылечыць і найлепшы хірург…

Засмучаны Радзівіл выйшаў з палаткі. Навіна аб яго шчаслівам вызваленні ўжо разляцелася ў войску, таму Невяроўскі, Кажэўскі, Аборскі і Ворстарман, сустракаючы прынца, былі самі не свае ад радасці. Дый Багуслаў, які, убачыўшы слуг цэлымі і здаровымі, з палёгкай кінуўся іх абдымаць.

А на наступны дзень Радзівіла чакала яшчэ адна неспадзяваная сустрэча. Калі пасля ваеннага савета, на якім цяпер старшыняваў Шатанеф, князь з пфальцскім курфюрстам праходзілі міма ўзятых ноччу ў палон іспанцаў, адзін раптоўна ўскочыў.

— Но, Landsmann! — крыкнуў вязень. — Bist du das wirklich?![163]

Багуслаў павярнуўся і ўбачыў немца, які яшчэ ўчора прымусіў яго ўсумніцца ў сваёй фартуне. Да палоннага ўжо бег вартавы.

— Ціха сядзі! — ён даўбануў вязня чоботам па галёнцы, ад чаго той аж завыў. — Вочы страціў, не бачыш, з кім размаўляеш?

— Усё ў парадку, — спыніў яго Радзівіл, падыходзячы бліжэй. — Бачу, лёс усё ж павярнуўся да цябе спінай, — весела сказаў ён.

Немец, яшчэ моршчачыся ад болю, кіўнуў.

— А ты, я бачу, вызваліўся… — працягваў ён, разглядаючы князя. — Гэта, напэўна, тваё золата мне няшчасце прынесла…

І дадаў, жаласна моршчачыся:

— Слухай, зямляк, можа, я мог бы пайсці на службу да прынца Аранскага? Таму што, калі вы сваіх палонных вызвалілі, то хто ведае, калі я атрымаю волю…

— Гэта наўрад ці добрая думка, — нахмурыўся Радзівіл. — Наш пастар індульгенцый не дае, а прынц Аранскі вельмі строгі адносна дысцыпліны. Разжывешся ты тут хіба вяроўкай, якую кат калісьці накіне на тваю шыю.

— Вось бяда, — уздыхнуў немец. — Я да цябе, зямляк, з усёй душой, а ты мне вяроўкай пагражаеш!

Багуслаў усміхнуўся.

— Бемельманс, — звярнуўся ён да аднаго з афіцэраў. — Калі будзем з іспанцамі мяняцца палоннымі, прасачыце, каб майго земляка абмянялі адным з першых?

— Прасачу, мансеньёр! — паабяцаў той.

Радзівіл пайшоў. Немец, разявіўшы рот, правёў яго ўзрушаным позіркам.

— Хто гэта быў? — спытаў ён у вартавога.

— А табе якая розніца? — буркнуў той. — Сядзі сабе ціха, а то кайданы і на ногі надзену!

І калі немец пакрыўджана апусціўся на зямлю, галандзец, які і хацеў бы адказаць на пытанне, але не мог успомніць цяжкае для вымаўлення імя Радзівіла, нарэшце сказаў:

— Прынц. Прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі!

х х х

Пасля смерці фрысландскага штатгальтара, які пасля некалькіх дзён агоніі памёр у страшных пакутах, галандскае войска адправілася з-пад Хюлста да Гелдэрна, куды накіраваў сваё войска прынц Аранскі. Настрой быў сумны — замест перамогі і багатых трафеяў воіны неслі цела галоўнакамандуючага, пакінуўшы паўтары тысячы таварышаў на полі бою. І пад Гелдэрнам іх справы пайшлі не нашмат лепш: залевы, якія доўжыліся бесперапынна некалькі тыдняў, урэшце цалкам паралізавалі ваенныя дзеянні, утрымаўшы арміі сапернікаў на сваіх пазіцыях. У рэшце рэшт, прынц Аранскі, чыя галава пасля смерці кузэна была занятая не вайной, а тым, як аб’яднаць Галандыю пад сваёй уладай, абышоўшы прынца Вільгельма Насаў, які прэтэндаваў на фрысландскае штатгальтарства пасля смерці брата, зняў аблогу з горада і распусціў воінаў па зімовых кватэрах.

вернуться

163

Эй, зямляк! Няўжо гэта ты? (ням.)

1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)