Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 171
Перейти на страницу:

Натоўп ішоў ад цемры да цемры. Спяшаўся. З усіх дарог, сцежак, гасцінцаў плылі групы людзей і далучаліся да яго. Нібы сам Вялікі Мужык зразумеў, што рана яшчэ ператварацца ў касу ятагану, знятаму з забітага крымчака.

Мялы, бязмены, косы, доўбні, пешні, падобныя на кароткія дзіды, татарскія шаблі, лукі, кісцяні на ржавых ланцугах, мячы і цапы, твары, грудзі пад рыззём, чорныя рукі, калматыя сілуэты коней — усё калыхалася ў зарыве: палілі ўсе сустрэчныя цэрквы і касцёлы, усе багатыя маёнткі і замкі. Вакол усё палала.

Край пусцеў перад імі. Край тых, хто ўцякаў. Край пусцеў за імі. Край тых, хто далучаўся. Падзеленыя Хрыстом на дзесяткі, сотні і тысячы, людзі ішлі ў адносным парадку, кожная сотня пад сваім сцягам (у цэрквах бралі толькі харугвы з Маткай і Хрыстом, а астатняе раздавалі або знішчалі агнём і лязамі сякер). Асобныя конныя атрады баранілі «твар» войска, «бакі» і «спіну» яго. Коннікі з ахвотнікаў ішлі на некалькі гадзін дарогі наперадзе.

Вечарам перадапошняга дня здарылася кепскае з Магдалінай. Яна ехала ў галаве войска, побач з Хрыстом. За імі на тры вярсты калыхалася коннікамі і пешымі дарога. Як вока сягае, гарэлі ў цемры языкі факелаў, чуліся галасы, гігатанне коней, спевы, смех і рыпенне вазоў.

Хрыстос раз-пораз касіўся на яе. Сядзела ў сядле лёгка і звыкла. На вопратку накінуты грубы плашч, як у соцень і соцень тут. Толькі капюшон адкінуты з прыгожай галавы. Замест яго на бліскучых валасах — карункавая іспанская мантылья. Дзіўна, прыгажосць яе сёння зусім не смертаносная, а мяккая, уся нібы абмытая чымсьці нябачным. Велікавокі рахманы твар. Нібы ведае нешта страшнае, але ўсё ж прымірылася з гэтым і едзе.

Яна маўчала. І раптам ён убачыў, што вочы яе з жахам глядзяць некуды ўгору. Ён таксама ўзняў вочы.

На прыдарожным вялізным крыжы вісеў, прыбіты нагамі вышэй за дзіды, драўляны распяты. У мігатлівым святле твар Ісуса здаваўся рухомым, перакрыўленым, дзіўна жывым. Распяты крычаў зорнаму небу, і ад смаласкопаў драўлянае цела ягонае было нібыта залітае крывёй.

— Слухай, — пасля паўзы сказала яна. — Я была прыстаўленая да цябе. Я сачыла за табой.

— Я ведаў, — таксама пасля паўзы сказаў ён і, убачыўшы, што яна спалохана, паправіўся: — Я здагадваўся. Галубы. Потым галубоў не было. Я ведаў, што ты калі-небудзь загаворыш.

— Ты? Ведаў?

— Я ведаў. Не так гэта складана, каб не адчуць простых думак.

— Калі ты здагадаўся?

— Я ведаў. Галубоў не стала.

Яна шумна ўцягнула паветра.

— Кінь, — сказаў ён. — Я ведаю, што спачатку яны ўсё пра мяне зналі.

Працягнуў руку і дакрануўся да яе валасоў:

— Няма правіны. Ні тваёй, ні маёй і нічыёй іншай. Яны аблыталі тут усё. І ўсё трымалі пад сякерай. І ўсім на гэтай зямлі зламалі жыццё. І знявечылі хлуснёю цябе.

Памаўчаў. Гарэла ў небе, проста над іхняй дарогаю, наперадзе, зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая. Ішлі да яе коні.

— Не ведаю, — ціха сказаў ён. — Часам мне здаецца, што ўсе яны — шпіёны і віжы… аднекуль яшчэ. Такія яны… нялюдскія.

— Гэта я ўгаварыла цябе пайсці, калі ты мог і… за глотку.

— Не хочацца мне нешта нікога… за глотку.

— Забі мяне, — ціха сказала яна. — Калі ласка, забі мяне.

— Нашто? Я ж сказаў, я зразумеў нядаўна: ні на кім простым на гэтай зямлі няма віны. Таму я і тут.

— Што ж мне цяпер рабіць? — амаль шэптам сказала яна. — Не ведаю. Дый хіба не ўсё адно? Можа, Ратма? Можа, яшчэ нехта? Нікога няма. Распяццяў гэтых панатыркана на дарозе… Унь яшчэ адно… Божа, гэта ж як лёс. Ты, значыцца, туды? Царства Божае ўладкоўваць?

— Паспрабую, — глуха сказаў ён.

— І за ёю?

— Калі яна жывая — і за ёю.

— Аслеплены, — змежыла яна вочы. — Святы дурань. Юрась, ты што, вось гэтага захацеў? — яна паказала на распяцце. — Прэнга? Плахі? Ты ведаеш, чым гэта канчаецца?

— Ведаю. Але не пайду. У першы раз бачу, што яны вартыя. Вераць у нешта лепшае, чым самі яны сёння. Не магу падмануць гэтую веру.

— Прападзеш. Яе не аддадуць. І царства твайго не будзе.

— Так.

— І ідзеш бяскрылы, бяззбройны, як матыль на агонь.

— На агонь.

— І на смерць. І царства твайго не будзе.

— Трэба ж каму-небудзь паспрабаваць. У першы раз паспрабаваць. Дзеля іх — варта.

— Уцячом, — голас яе калаціўся ў глотцы. — Уцячом, апантаны. Не дзеля сябе… Каб жыў… Схаваемся. Я не магу, каб ты… Божа, ты ж за-гі-неш!

Яна зарыдала. Ён ніколі не чуў, каб так рыдалі жанчыны. Глуха, беспрасветна, трымаючыся з усіх сіл і не ў змозе стрымацца. Так часам, раз ці два ў жыцці, плачуць мужчыны, згубіўшы апошняе шчасце, трапіўшы ў апошнюю бяду.

Толькі тут ён зразумеў усё, што чытаў у людскіх вачах, і працягнуў рукі.

— Рукі прэч! — са смяротнай крыўдай за сябе і яго прарыдала яна.

Хрыстос глядзеў у яе вочы.

— Ну так… так… так… та-ак!

Ён апусціў вочы. Ён не ведаў, што сказаць. Дый што скажаш у такім выпадку? Лепей памерці, чым адмовіць вялікаму. Сапраўды вялікаму.

— Я не ведаю, — урэшце сказаў ён. — Але ты не ідзі. Свет страшны. Кожны чалавек можа вельмі спатрэбіцца другому. — Я не кіну цябе.

Хрыстос глядзеў на яе твар і не пазнаваў яго.

— Я пайду за табою непрыкметна, — яна накінула на галаву капюшон. — Проста таму, што не магу іначай. Пайду да канца. Усё адно якога. Магчыма, ты памрэш, бяззбройны, бяскрылы. Я не ведаю, як памагчы табе. Але і пакінуць не магу.

1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)