Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма дзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуццяў людскіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва свайго ўлюбёнага Маякоўскага[216], вялікія два аркушы. Прывітанняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны не ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў... О, мары светлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў... Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Не мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай, гад, гэтыя словы сыноў аба мне! Ён амаль усё аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць не ў БУР... Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача — на волю».— «Нет, все дороги ведут к коммунизму», — пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае...
Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым... А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’язджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны не плакалі, а мне плач раздзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме[217], мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расціслаў, метар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Берлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын... Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазней даведалася, і я... Толькі я не адна, са мною заўсёды людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасля лагеру й мой муж...
216
Маякоўскі Уладзімір Уладзіміравіч (1893–1930) — расійскі савецкі паэт.
217
Тата мой… забіты ў гродзенскай турме…– бацька паэткі Антон Міклашэвіч з Гродна быў высланы ў Гулаг, дзе, відавочна, і загінуў.