Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— I праўда. Я не буду больш.
Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.
— Ты не думай, — Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. — Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.
— Вядома, укаранiцца.
I раптам Янька хліпнула.
— Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго — гэта ўжо ўсё.
Мсціслаў разгубіўся.
— Нічога. Абыдзецца ўсё.
— Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?
— Заспявай тую, што тады для Марты спявала, — папрасіў ён. — Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.
— Праўда?
Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:
Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.
Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.
Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.
— Ну што ты, што?
Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў — апусцілася некуды сэрца.
— Як жа гэта нехта мог, — праз слёзы сказала яна. — Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. "Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень — камень прабіваюць".
Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.
— Не трэба, — глуха сказаў ён. — Калi нават нешта i здарыцца — я цябе не кiну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калi хочаш, буду.
"Не", — моўчкi кiўнула яна галавой.
"Так", — моўчкi схiлiў ён галаву.
Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.
Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.
Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.
— Шкада-а.
— Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.
— Усё адно шкада.
Кандрат прысеў да старэйшага.
— Дай стрэльбу, — сказаў Стафан.
Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.
— Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.
I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.
— Кандратка, — сказаў Стафан, — я сёння памру.
Брат зрабіў рух пратэсту.
— Не, — сказаў Стафан. — Я ведаю. Ты не забыў?
— Не.
— Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была — ён.
— А калі не?
— Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.
— Споўню.
— Забі за сорак дзён, пакуль душа тут… Таркайлу… Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны — адпусцяць.
— Споўню.
— Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная…
Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.
— Ну вось, блаславi вас усiх. Мне…
Нібы страціў думку.
— Ну вось… Каб вышэй… Трошачкі вышэй.
Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.
Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.
Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.
54
Старыя, што прыязджаюць па маладую.