Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
У канцы красавіка Гарыбальдзі з тысячай адчайных і смелых людзей высадзіўся ў Сіцыліі, бо там зырка шугала паўстанне супраць неапалітанскіх Бурбонаў. Абрастаючы людзьмі, бесперапынна перамагаючы, тысяча рухалася, рабілася многімі тысячамі, выкідала ворагаў з гарадоў і вёсак. У тым жа самым годзе змагар вызваліў каралеўства абедзвюх Сіцылій. Чакаў паход на Рым. Падзеленая яшчэ з Юстыніянавых часоў, расшматаваная на часці, залітая крывёю Італія ўставала адзінай, падымаючыся на ўвесь свой вялізны рост. Напалеон казаў калісьці, што італьянцы любяць балбатаць аб волі радзімы… у ложках у сваіх палюбоўніц. Цяпер ад гэтых аматараў пагаварыць змазвалі пяткі аўстрыйцы і Бурбоны. Таму што аматары гаварылі цяпер моваю зброі і так, як належыць мужчынам.
3 шостага стагоддзя, са дня злашчаснай пагібелі Цейі, караля остготаў, была рэстаўрацыя Юстыніянам рабства, пажары, прыгон, тыранія царквы, рабунак кандацьераў, інквізіцыя або ўлада гандляроў. Ласкутная, пашматаваная краіна, вечныя захопнікі — ад візантыйцаў і іспанцаў да аўстрыйцаў.
I так на працягу тысячы трохсот год. Досыць моцны зарад аптымізму для ўсіх, хто не хоча і не ўмее чакаць. Досыць вялікая школа вытрымкі. I калі ўсім здавалася, што ўжо ўсё — волат устаў, даводзячы гэтым, што ніколі не позна.
Ніколі, калі справа ідзе аб свабодзе, аб святле заўтрашняга дня.
У юнакоў гарэлі вочы, калі яны глядзелі на захад. У іх трапяталі ноздры, што лавілі вецер свабоды.
— Жыць! Жыць! Ваяваць за волю! Знішчаць прыгон! Ваяваць за права, за шчасце, за бацькаўшчыну!
Мсціслаў Маеўскі ехаў верхам у Азярышча. Трэба было ўбачыць Кагутоў, пагаварыць аб сім-тым, а галоўным чынам, сустрэцца з Яняй.
Хлопец сам здзіўляўся, чаму яго так цягне да гэтай дзяўчынкі, а калі зразумеў, было позна. Паспрабаваў сам сябе ўгаварыць, што гэта — звычайная рамантычная гісторыя ў духу "здравствуй, добрая дева, не откажи запечатлеть на твоем невинном челе братский поцелуй, ибо и крестьянки любить умеют, под сению дерев пляша", — нічога не дапамагала.
— Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.
Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.
Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?
3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:
Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.
Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў — гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…
Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.
Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.
— Вечар добры!
— Стафану кепска, — свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.
Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.
— Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, — сказаў Мсціслаў.
— Сядзець не трэба. Паходзім.
Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.
— Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.