Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць.
Падарожжа, пакуль тое, падабаецца. Едзеш сабе, ні аб чым не думаеш, званок не звініць, наперадзе — воля, бачыш людзей і іншыя мясціны.
Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім — дакладна не лічыў — вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз. І дорага. Мне прагонных за два кані з правадніком выпала нешта каля сямі рублёў, табе будзе — у два канцы — рублі два з паловаю. Чаго ўжо тут. Дык ты ў гэты час проста падумай, што я блізка, і я абавязкова адчую.
А калі скончыш на будучы год гімназію — што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое — едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін».
Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.
Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.
— Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, — не ўздымаючы павек, сказаў дзед. — Што ў цябе там?
Алесь падаў яму ліст.
Стары пан расплюшчыў вочы.
— Твой Кастусь, — сказаў ён. — Ты даеш мне, каб я прачытаў?
— Так.
Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.
— У яго добры, роўны почырк, — сказаў ён. — Ён часам не з «памяркоўных і акуратных»?
Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы «двухгаловая курыца», і ён усміхнуўся.
— Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?
Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.
— Пячаць, — сказаў ён.
— Пячаць, — перадражніў дзед. — Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.
Дачытаў да канца.
— З небагатых, — сказаў ён.
— Я казаў вам гэта, дзядуля.
— Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?
— Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.
— Нашто ты паказаў мне гэта?
— Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.
— Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.
Ён працягнуў руку па цыгарку.
— Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence[72].
Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.
Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з'явіўся ў дзвярах нечакана.
— Што, — спытаў Вежа, — нікога больш не было?
— Я быў бліжэй за ўсіх, — сказаў Кандраці.
Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.
— Слухай, малочны брат, — сказаў Вежа. — Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.
— Вельмі трэба, — буркнуў Кандраці.
— Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты — брат і наглядчык лясоў. Твая жонка — другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.
— Ды ўжо, — сказаў Кандраці. — Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!
Дзед асекся.
— Што трэба пану брату Данілу?
— Тройку для панiча, — сказаў дзед. — Зараз.
Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.
— Дзеду, — ціха сказаў Алесь. — Я вам гэтага ніколі не забуду.
— Не варта падзякі, — сказаў дзед. — Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.
72
Але трэба таксама мець хаця трошкі розуму (франц.)