Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Доўгая сьмерць Крынак - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая сьмерць Крынак

Электронная книга - «Доўгая сьмерць Крынак». Краткое содержание книги:

У сваёй кнізе “Доўгая сьмерць Крынак” аўтар прарочыць смерць сваёй малой радзімы, прарочыць яе апакаліпсіс. Мясцовасць Крынкі, невялікае мястэчка, якое прытулілася да польска-беларускай мяжы, мае сваю доўгую і вельмі пакручастую гісторыю. Жылі тут некалі побач сябе беларусы, палякі, габрэі, татары. Сёння габрэяў няма, засталася толькі памяць у выглядзе старой сінагогі, кіркута і ўрыўкаў чалавечай памяці. Але памяць гэта памірае разам з тымі, хто жыў тады. Крынкі былі мястэчкам, горадам, пасля вёскай, цяпер ізноў горад, а насамрэч, мястэчка. Нараджаецца штораз менш дзяцей, штораз больш людзей памірае, а разам з імі паміраюць і самі Крынкі. Аптымісты спадзяюцца на тое, што сітуацыя зменіцца, што моладзь з Крынак выязджаць перастане, застанецца на Бацькаўшчыне. Не забудзе матчыну мову. Крынкі вярнуць сабе былы росквіт. Мары... Крынкі паміраюць вельмі павольнай смерцю, таксама, як памірае большасць падляскіх вёсак. З іх пакрысе адыходзіць жыццё, з дня на дзень, з адыходам кожнага чарговага старажыла. І гэтае паміранне баліць, асабліва баліць, калі гэта твая родная мясціна, калі ты свядомы таго памірання, калі ведаеш, што гэты працэс ні затрымаць, ні адвярнуць не ў змозе. І вельмі страшна дачакацца агоніі. А прыйдзе яна яшчэ не хутка, бо сьмерць у Крынак вельмі доўгая.
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 89
Перейти на страницу:
Шчасьце Вусатай

Мужчынаватая Манька, празываная Вусатаю, на дзіва мела хабеля. Прыбіўся да яе, ваеннай удавы, калесьнік з-пад Бераставіцы, які ўцёк ад «калхозаў» сюды, пад Польшчу. Спачатку ён трохі быў хаваўся на вышках у хляве, баючыся, што возьмуць і прыйдуць па яго ўночы савецкія пагранічнікі з блізкай адсюль заставы, пакуль не ўсталявалася польская служба за стадоламі ад. Кабыліных гораў.

Гэтага вашая яна вылюдзіла на чалавека, абшыла й абула. Ён, можа, усё роўна пыльнуў-бы ад яе на Прусы, каб ня тыя чуткі, што Амэрыка з Англіяй прыбіраюцца даканаць і Сталіна. Начэкваючы свабоды, калесьнік потайкам падзарабляў, калі ў каго рассохся воз. І малацьбіт зь яго выдаўся няблагі; да відна, бывала, паўкапы абходае (сьнедаў ды абедаў сьпехам, усё пазіраючы чуйна ў вокны).

Наўцякала больш такіх, ажно бальшавікі з'аралі граніцу ды загарадзілі калючым дротам, а яшчэ панаставілі ў травах і ў маладнякох самапальных ракетніцаў (напорвалася на іх зьвяр'ё). Тады Вусатай хоць адзін раз спадабалася савецкая ўлада, за што хабель абазваў яе камісарам у спадніцы... Яна, перадумаўшы ўсё як сьлед, хітра спаліла хату і ўзяла за яе страхоўку, за якую купіла нават новую. Гэтакі шанц папаўся ёй у валачашчых рэпатрыянтаў ад Горадні, што, папісаўшыся там палякамі й дастаўшы тут скарбовыя гаспадаркі, распрадаваліся й бегма пераяжджалі на землі, што адыйшлі ад Нямеччыны.

Хабель абціх і працаваў ад раньня да зьмярканьня. А неяк у зазімак паехаў ён у лес па дровы й столькі яго пабачылі: конь вярнуўся сам, валакучы паламаныя аглоблі. Казалі лясуны, што якісьці мужык павесіўся на Шырокай трыбе за Сасновікам, але гэта была няпраўда (толькі фуру сваю з мэтрамі пакінутую ўпаткала ў тым баку Манька зь людзьмі). Як ні шукалі, не знайшлі чалавека: прапаў, бы ў багну кануўшы! Пасьля ўжо перагаворвалі ёй — нехта са спэкулянтаў пазнаў яе хабеля, як той ішоў з чысьценькай немкаю ў эшалён, што адпраўлялі з гданьскага вакзалу кудысьці за Одру...

Манька Вусатая нарадзіла ад яго дачку, якую выгадавала на порсткую паненку, й шчасьліва аддала яе замуж за разьніка ў Саколцы.

Адпомста Івоны

Калі я ўжо хадзіў у кавалерскіх падшпарках, была ў Плянтанскім завулку дзяўчына, якую ахвотнікі ў нарачоныя ёй называлі Івонаю, хоць мела яна ймя іншае, але паспалітае. Цяжка — нават цяпер — сказаць, чаму хлопцы набівалі сабе морды за тую Івону; рабілі гэта зь юшлівым лёскатам на музыках у — апустошанай за вайну — жыдоўскай бажніцы (найзаядла лупіў, аднак-жа, Пекны Лёнік, гарманіст ды безграшовы сьвістун). Івоніну пароду можна вызначыць як скрыжаваньне заморанай цыганкі з гонкай шляхцянкаю: смольная галава на дастойнай зграбноце. Містыкі жаночага цела прыдаваў ёй нейкі строй гімназісткі з прэтэнзіямі на пачынаючую даму; магчыма, падгледжаны ёю ў багатырак, што паехалі былі вучыцца ў павятовым ліцэі.

Яшчэ прыходзіла ўночы польская банда ад Казловага Лугу, але час спакайнеў, людзі пачалі даставаць пісьмы са сьвету. Напісала й цётка Івоны, меншая сястра яе маткі: вывезеная немцамі на прымусовыя работы, трапіла пад амэрыканскую акупацыю, выйшла тамака замуж за якогасьці лупатага чарняка, зь якім заперлася ў Вэнэсуэлю, у места Каракас... Папаўзьлі чуткі, што ў канвэрце поўна хрумсьцела даляраў, і гэта згубіла Івону. Казлоўскія грабежнікі панадзіліся на іх. Не знайшоўшы дарагіх грошай, пабралі з хлява жывіну, надалі ўкаплех матцы з бацькам, а чарнавокую дачку пакачалі тыя жарабцы, завалокшы яе за косы ў камору на мяшкі (магло быць і горш, маглі-ж спаліць гаспадарку). Дзяўчына шчасьліва не зацяжарыла ад вашаёў, але ёй ужо не было месца тут, засьмяялі-б чорнай масьці завіднікі. Уся радзіна, распрадаўшыся, выправіла Івону ў цётчыну Амэрыку.

Сьлед па ёй прастыў; палітыка ў Польшчы ўзялася не такая.

Прамінула ад таго налёту многа летаў. Самотна паўміралі яе старыя бацькі. У сьвеце, нарэшце, назьмяналася, і, аднойчы, зьявілася ў Плянтанскім блішчастая чужаземніца, у якой памятлівыя бабы пазналі Івону. Заказала яна майстроў, каб выхарашылі хатку; доўгае аўта — з пазалочанымі клямкамі — паставіла ў стадолу Пекнага Лёніка, палінелага разводніка. З пошты запрывозілі ёй пачкі. Івона ні з кім не сэймікавала. Званіла толькі па ўведзеным у гэтую, бацькаву, кучу тэлефоне; ніхто ў завулку ня змог разабрацца ў ейным, заморскім, гергетаньні, хоць усякіх сюды ліха насіла, калісьці то й французаў, і швэдаў даўней...

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)