Адклікаюцца рэхам гады
- Автор: Кавалюк Аўгіння
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Згуртаванне Беларусаў Свету Бацькаўшчына
- ISBN: 985-504-021-Х
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Адклікаюцца рэхам гады». Краткое содержание книги:
Аўгіння Кавалюк — аўтар, вядомы беларускаму чытачу сваімі паэтычнымі зборнікамі «Белае дзіва», «Маўклівыя скарбы», «Кропля бурштыну», «Імгненняў след». Пісала Аўгіння Кавалюк вершы і дзяўчынкай, і студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, і падчас доўгай настаўніцкай працы ў Рызе, а з 1987 года ў Ленінградзе. Выкладала Аўгіння Кавалюк паэтычнае майстэрства ў літаратурнай студыі падлеткаў у Ленінградзе (С.-Пецярбургу), падрыхтавала выдадзеныя там тры зборнікі паэзіі сваіх выхаванцаў. А. Кавалюк — актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця беларусаў С.-Пецярбурга, неаднойчы выступала на літаратурных вечарынах і Беларускага грамадска-культурнага таварыства С.-Пецярбурга, і літаратурнага саюза пісьменнікаў «Міжнацыянальны Пецярбург», адной з заснавальнікаў якога яна з'яўляецца. Перакладала на рускую мову вершы башкірскіх паэтаў горада, што ўвайшлі ў зборнікі, выдадзеныя гэтым саюзам. Для вершаў Аўгінні Кавалюк характэрныя разуменне душы чалавека, ягонага настрою, пачуццяў кахання і мацярынства, любові да дзяцей. (В. Грыцкевіч, Уступнае слова, фрагмэнт)
Перейти на страницу:
* * *
Магілы продкаў — гэта памяць,
Каб у жыцці нам меней падаць,
Каб памятаць свой абавязак,
Наслухаўшыся розных казак.
Іх сэнс, іх вартасць разумець,
Каб годнасць мець.
Бо толькі той, хто мае годнасць,
Шануе род, шануе роднасць.
* * *
Зманны вецер на Поўнач занёс,
Не хачу, каб змяніўся мой лёс.
Іншай радасці не хачу —
З гэтым ветрам далей палячу.
Палячу ў прыбярэжны тлум,
Каля мора развеецца сум.
Не развеецца — дык утаплю.
Злосны вецер, цябе я люблю!
* * *
Зямля, Зямля, і круглая, і плоская,
Ты Боскі ўсмех, а мо слязінка Боская.
Ты шэрая, зялёная і белая —
Нікім яшчэ як след не зразумелая.
І густа й рэдка ты заселена,
І на кавалкі, на шматкі падзелена...
Слязіначка-расіначка салёная,
Табою на вякі я паланёная.
* * *
Цяпер я ведаю, напэўна,
З кім звязана, зраднёна крэўна...
Бо паўстагоддзя з ім іду,
Дзялю і шчасце, і бяду.
Іду, не адчуваю стомы,
У свет, пакуль што незнаёмы.
А ці не там, за даляглядам,
Уласны крыжык з райскім садам?
* * *
Пакутнага веку мы людзі,
Не бралі нас гора і стома.
Асудзіць нас час ці рассудзіць —
Пакуль невядома.
А мо нас нішто не чапае?
Ўзляцеўшы над лёсам і векам...
Сучаснасць і з нас высякае
Другога зусім чалавека.
* * *
Калі праходзім босымі
Лужкамі і палянамі,
Мы размаўляем з росамі
І з кветкамі духмянымі.
Зямля нас поўніць сілаю,
Душу трывожыць неба.
З старонкай зліцца мілаю
У кожнага патрэба.
Перейти на страницу: