Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ад сяўбы да жніва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ад сяўбы да жніва

Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль даўно, яшчэ сваімі першымі апавяданнямі пакарыў сэрцы чуйных да роднага слова чытачоў. Янка Брыль — сапраўдны паэт у прозе, адзін з глыбокіх нашых псіхолагаў, майстар лепкі ў слове вобразаў, якія за вонкавай прастатой нясуць у сабе глыбокі падтэкст, мастацка-філасофскае асэнсаванне жыцця. У кнігу ўвайшло лепшае у жанры апавядання, створанае аўтарам за паўвека плённага творчага жыцця.
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 238
Перейти на страницу:

За высокай, шэра-зялёнай сцяною Капры заходзіла сонца. Скалісты, ззаду асветлены праменнямі бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. І кацер твой, узняўшы над ціхай вадою гордае валлё, памчаў нас, як белая птушка, уздоўж гэтай цяністай сцяны ў той бок, дзе была яшчэ адна таямніца, яшчэ адно дзіва… А ты смяяўся, сінявокі прыгажун, паказваючы на ўсе іншыя кацеры, што засталіся далёка за намі!..

І мне хацелася разам з табою смяяцца. Толькі — з іншага… Усемагутны чалавек!.. А вось мы не можам як след зразумець адзін аднаго, не можам нават сяк-так выказаць адзін аднаму тое, чым поўніцца душа! Ёсць дзве мовы, з глыбокай, усеабдымнай красою, а мы — у сваім сучасным кацеры, — як першабытныя, толькі смяёмся, махаем рукамі, падміргваем, моршчымся!..

А я ж, здаецца, ведаў цябе даўно. Я сустрэў цябе ўпершыню як быццам не сёння. Я чуў твой голас і смех з кніжных старонак, з экрана… Ведаў цябе яшчэ ў той час, калі па-равесніцку шчыра здружыўся з маленькімі героямі Амічыса, калі на крылах хлапечай мары хадзіў па гэтай зямлі ў атрадах Спартака і Гарыбальдзі!..

— Гротта адзурра! [17] — крычыш ты, працягнуўшы руку ў той бок, дзе ля высокай сцяны берага, у затоцы, паказалася мноства лодак.

Калі аціхае матор твайго непераможнага летуна і белае валлё яго апускаецца на ваду, мы чуем густы кірмашны лямант. Лодачнікі атакуюць нас, яны, як цвікі да кавалка магніту, з усіх бакоў паўзуць насамі белых лодачак да першага і, відаць, чаканага тут пасланніка нашай «Глорыі». Мяне і сябра забірае ў лодку шустры, падчапісты, пажылы сіньёр у кепцы, па-сваяцку падобны да дзядзькі Тодара, старшага пастуха ў маім калгасе.

Кацеры з турыстамі прыбываюць адзін за адным. Шум нарастае. Арудуючы вёсламі, як падоўжанымі рукамі, сіньёр наш прабіраецца ў лодачным кірмашы да чорнай, як вялізныя чалеснікі, дзіркі ў скальным беразе над самай вадою. Потым, паклаўшы вёслы, ён хапаецца за тоўсты, іржавы трос, які, нацягнуты над нашымі галовамі, паўзе таксама туды. Ад крыку старога, а больш інстынктыўна, мы нагінаемся. У гэтым месцы вада паддаецца агульнай гарачцы: навокал ціхая — у нізкі тунель яна імчыцца ледзь не з пенным шумам. Уварваўшыся з белага свету ў падзямелле, лодка наша амаль замірае на супакоенай вадзе. Мы разгінаем спіны… Не, тут хочаш не проста разагнуцца, а ўзняць рукі, ускінуць іх над галавою ў захапленні… Якая прыгажосць! На стыку цемры — зверху, ад скальнага скляпення, — і святла, большасць якога ўліваецца сюды знізу, праз ваду, — як непаўторна ён нараджаецца, гэты блакітны колер радасці! Як зразумелы мне твой смех, малады сінявокі аміка!..

Але і ў гэтым паэтычным гроце мы не схаваліся ад турысцкіх законаў: і тут нас абавязвае рэгламент і чарга!.. Стары наш робіць круг каля сцен і выкіроўвае да выхаду, які ўжо не нагадвае чалеснікі, — так многа льецца адтуль святла.

— І Горкі быў тут, напэўна! — гукае хтосьці з іншай лодкі.

І тут наш сіньёр нечакана шырока ўсміхаецца, пускае адно вясло і, узняўшы руку, ледзь не крычыць:

— Массіма Горкі — гранда! [18]

Сказаўшы гэта, ён пусціў і другое вясло, аберуч учапіўся за трос над галавой. Мы памагаем старому, бо вада не хоча нас адгэтуль выпускаць. А на сонцы, у мітуслівую хвіліну развітання, мы аддаём сіньёру «старшаму пастуху» ўсю нязвонкую луску худасочных манетак з надпісам «Рэпубліка Італіяна», частуем яго сваімі, айчыннымі папяросамі. За тыя тры словы, за радасць, якою ён нас надзяліў, нават не думаючы пра сваю незвычайную шчодрасць!.. Шустры, падчапісты сіньёр нешта крычыць — ці то нам, ці ўжо нашаму вясёламу аміка, да кацера якога мы якраз прычалілі. І ў крыку ягоным, з яго шырокай усмешкі нараджаюцца тры ранейшыя словы.

— О! — падхоплівае іх наш сінявокі. — Массіма Горкі гранда, о!..

І мы імчымся зноў — зноў першыя ляцім над люстранай вадою, засяваючы след свой процьмай алмазаў. Калі ж канчаецца высачэнны, шэры абрыў, за якім ужо сонца зайшло, калі з-за павароткі паказваецца бела-чырвона-зялёны амфітэатр партовага гарадка, матарыст наш выкідае наперад руку — загарэлую, у белым, надзьмутым ветрам рукаве, — паказвае нешта і звонка крычыць:

— Массіма Горкі! Эркаляна!..

І зноў рагоча, свецячы белізною даборных зубоў, цёмна-блакітнай радасцю вачэй, відаць, узятай адтуль, з тое Гротта адзурра…

вернуться

17

Гротта адзурра — Блакітны грот (італьянск.).

вернуться

18

Гранда — вялікі (італьянск.)

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 238
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)