Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 254
Перейти на страницу:

Да старой яміны было крокаў мо дваццаць, яна павыкідвала з яе ўчарашні хвораст і ўзялася за доўгі і важкі жалезны кругляк бомбы. Побач пад самыя рукі падкаціўся Рудзька, панюхаў жоўтую абалонку і чыхнуў. Сцепаніда натужылася, каб выкаціць яе з ямы, і спалохалася: бомба толькі скранулася трохі і зараз жа скацілася на ранейшае месца. Гэта ж быў жах — у яе не хапала сілы!

Сцепаніда выпрасталася, рукавом выцерла пот з ілба — добра было каціць яе ў гэтую яміну, а як цяпер выкаціць? Ды яшчэ адной? Яна аж захвалявалася і, не даўшы сабе адпачыць, ухапіла бомбу за адзін канец, вялізным высілкам перасунула яго вышэй. Затым зайшла з другога канца і прыпадняла хвост. Але не паспела яна перакласці яго вышэй, як той першы канец ссунуўся на ўлежанае месца ў дне яміны. Сцепаніда ледзьве не заплакала ад прыкрасці — што ж ёй рабіць?

Трохі паразважаўшы і супакоіўшы сябе, яна выйшла з яміны і пашукала на ўзроўку камяні. Камянёў было шмат, але ўсё дробныя, Сцепаніда адышлася далей, пакуль знайшла два болей прыдатныя і прынесла іх да яміны. Цяпер неяк трэба было, па чарзе падкладваючы камяні пад нос і пад хвост, выкаціць бомбу. Доўга яна высільвалася там — і каціла, і сунула, укленчыўшы, упіралася каленьмі ў мокрую зямлю. Дашчэнту запэцкала спадніцу і ватоўку, змакрэла ўся ад поту і гразі, хустка яе ссунулася з галавы на патыліцу, але ўсё ж выбавіла бомбу з яміны і сама знясілена ўпала побач.

Праклятая бомба! Сцепаніда ўжо думала, што надарвецца, покуль управіцца з ёю, але во неяк уходала. Цяпер трэба было перакаціць яе да новай яміны. І хоць бы хто не налез тут у хмызнячку, не апынуўся паблізу, не згледзеў. Праз рэдкі алешнічак тут яе можна было заўважыць з дарогі, ад падворка, — хоць бы паспець, покуль нікога няма.

На роўным бомба лёгка перакацілася па воглай траве жоўтымі, запэцканымі зямлёй бакамі, але далей у алешнічку каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.

Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!

Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.

Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.

Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно — увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля ўстала і ўзяла рыдлёўку.

Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)