Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Малая Рагнеда, на якую ніхто не звяртаў увагі, самавольна абула іх і цяпер тупала перад Алесем, чакаючы, відаць, што заўважыць і пахваліць.
– Кроў, – сказаў Алесь.
– Ав-вой, што той крывішчы было! Вой-вой!
– Кроў, – сказаў Алесь. – Кроў яны прынеслі сюды. Ніколі ў нас так, завешаныя, не забівалі... Ну што ж, будуць мець кроў.
Калі выйшаў лекар, Алесь адвёў яго ўбок.
– Баюся, ён не жылец, княжа. Зламалі тры рабрыны, прабілі галаву. Лёгкае зрушэнне мазгоў. Некалькі кровазліццяў унутр. Але не гэта самае галоўнае... Баюся, што яму адбілі адну нырку. Так што гэта пытанне часу.
– Ён мне брат, пане лекар.
– Я чуў. Але вы памыляецеся, калі лічыце, што я раблю розніцу між князем і мужыком. Я – лекар.
– Якія-небудзь добрыя лекі?
– Адцягнуць час... А ўрэшце – хто ведае? Можа і ачуняць. Ён здаровы. Другі памёр бы, не даехаўшы і да дому.
Алесь прывёз з губерні яшчэ двух лекараў. Зроблена было ўсё, але ніхто не абяцаў вылячэння.
Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.
– Што вы, – сказаў Стафан. – Я і зразумець не паспеў, што здарылася...
Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:
– Ты не турбуйся, браце, – сказаў Стафан. – Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.
Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.
Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.
– Зачыні дзверы, – сказаў ён.
Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:
– Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.
Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.
Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў
адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.
– Што ты, браце? – спытаў Кандрат.
– Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.
– Крыўдзіш, Стафан, – сказаў Кандрат. – На тым стаім... Ды ты кінь. Ачуняеш.
– То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.
– У імя бога, – неахвотна сказаў Кандрат.
– Калі ачуняю – я дарую ім, – сказаў Стафан. – Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы – хрысціяне.
Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.
– Але як памру – няма ім майго даравання.
Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.
– Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх – другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці... Дык вось, калі памру – забі.
– Хто? – спакойна спытаў Кандрат.
– Таркайла Тодар, – сказаў Стафан.
– Скуль ведаеш?
– Голас быў падобны. І Юллян сказаў: “Тарка...ла”. А потым стрэлы.
– Добра, – буркнуў Кандрат. – Зраблю. Яшчэ хто?
– Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.
– У імя бога... Хто?
– Здаецца, Кроер Канстанцін...
– Чаму Алесю не сказаў?
– Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.
– Я ўсё зраблю, браце, – сказаў Кандрат.
– А цяпер забудзь, – Стафан заплюшчыў вочы.
Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць “Ку-гі”, смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.
І, урэшце, як апошняе – новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.
Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.
– Не будзе гэтага, – сказаў пан Яраш. – Ніколі. Нізашто.
– Я кахаю Загорскага, – сказала Майка.
– Ён вораг.
– Вам – магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы – мне, брат – Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы... вы... вы – дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова...