Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Стафан купіў яшчэ поршнікі для малой. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук.
Стафан увесь час даставаў і разглядаў іх, усміхаючыся ў маладыя, густаватыя ўжо вусы, прыемна-залацістыя, як у бацькі. Самы бяскрыўдны з усіх Кагутоў, вады не замуціць, ёнбыў добры муж і добры бацька.
Усе прыезджыя ва ўсіх кнігах хвалілі тутэйшых людзей за тое, што добрыя бацькі і мужы. Але тыя кніг не чыталі, дый здзівіліся б, прачытаўшы: “А як іначай? Малады – дурэй колькі хочаш, хоць у лазу з чаканам ідзі, а ажаніўся – тут ужо не-е!”
Ехалі дадому трохі вясёлыя. У Стафана таксама быў голас, хоць і горшы, чым Андрэеў. Ён спяваў, а Юллян падцягваў яму густым басам:
– Чакай, сказаў Юллян Лапата. – Гэта што?
З ляснога вострава, злева ад дарогі, вылецелі на апошніх конскіх жылах два чалавекі. Па белых світках ясна было: мужыкі. Не асцерагаючыся нават таго, што конь можа трапіць нагою ў хамячыну, гналі каней, як ад смерці.
Юллян пазнаў у адным з коннікаў Корчака. Другі быў невядомы.
– Як на скрут галавы, – сказаў Стафан. – Хто б гэта?
Юллян прамаўчаў.
Коннікі перасеклі біты шлях сажняў за пяцьдзесят перад возам. Стафан глядзеў на іх з цікавасцю. Людзі замарузділі, відаць раздумваючы, куды кінуцца. Лявей ад іх было канаплянае поле, а за ім схіл, зарослы меднымі соснамі. Правей – хмызы, за якімі ляжаў нізкі, на вільготным месцы, лес. Там, на ўзлессі, як волат, стаяла магутная сухая сасна.
Коннікі, відаць, наважыліся: паскакалі левым шляхам, сцежкаю праз каноплі. Калі воз пад’язджаў да месца, дзе яны перабеглі дарогу, Стафан убачыў, што коні, асядаючы і часам знясілена ссоўваючыся ўніз, ужо нясуць людзей па стромым схіле, што зарос хвоямі... Зніклі...
На шляху ляжалі два хлапякі пены.
– Н-ну, – сказаў Стафан. – Загоняць коней.
– Змоўч, – сказаў Лапата. – Не твая справа.
З вострава, адкуль выскачылі коннікі, пачуўся пошчак капытоў.
– Вось чаму, – сказаў Стафан, убачыўшы дзесятак верхавых.
На свежых, амаль не змораных конях коннікі глыталі дарогу ўдвая хутчэй, чым папярэднія, і хутка вылецелі на шлях. Сталі, азіраючыся.
Абліччы былі завешаны белым.
– Гэй! – сказаў адзін. – Не бачылі людзей?
Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным – не памагай. Ён вагаўся.
– Бачылі, – сказаў Стафан.
Лапата аж сціснуўся. Коннікі пад’ехалі бліжэй. Вочы змрочна блішчалі пад павязкамі.
– Куды памчалі? – спытаў коннік у сінім.
– Два? – спытаў Стафан, марудзячы.
– Але.
– Конна?
– Я вось табе як жыгну, – сказаў другі, з шалёнымі вачыма, уздымаючы карбач.
– Чакай, – сказаў сіні.
– Гэна... як яно... – сказаў Стафан. –Коннікі, значыць, два?
– От варона, – засмяяўся сіні.
– Два коннікі прабягалі вярхом, – сказаў Стафан. – Унечкі туды... Ды не, не туды, а унь туды, бачыце дзе мокры лес.
– А не туды? – шалёны паказаў карбачом на схіл з мядзянымі соснамі.
– Кінь, – сказаў сіні. – Што ім на схіле? Правільна кажа мужык. Там мокры лес, там, відаць, яр.
Яны рванулі ў правы бок, але амаль адразу трапілі ў балаціну і сталі яе аб’язджаць.
– Ты бачыў? – спытаў Лапата.
– Нічога я не бачыў, не бачу і не буду бачыць, – злосна сказаў Стафан.
Шырокае аблічча Юлляна было бледнае. Ён махнуў рукой:
– Гані.
У гэты момант з пушчы, якраз між сухой хвояй і тым схілам, дзе зніклі Корчак з сябрам, вылецеў коннік. Намётам пагнаў да пагоні, махнуў рукою ў бок мядзянага бору.
І Стафан здзівіўся, такое незнаёмае аблічча стала ў Лапаты. Шчокі абцягнуліся, рот нібы праваліўся, моцныя сківіцы дрыжалі.