Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
1) Барацьба з бальшавізмам шляхам:
- удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх вайсковых фармаваньняў;
- удзелу ў стварэньні партызанскіх групаў за лініяй фронту;
- актыўнай прапагандысцкай дзейнасьці сярод беларускіх работнікаў.
2) Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі (гэты Саюз павінна была стварыць БЦР. — Ю. Т.).
3) Культурная, сацыяльная і праўная апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.
4) Моладзевая праца (СБМ, вайсковая дапаможная служба).
5) Жаночая праца.
Грамадзкай базай для дзейнасьці БЦР павінна было стаць беларускае насельніцтва, якое апынулася ў Нямеччыне альбо на тэрыторыі Польшчы і Чэхаславаччыны, што заставаліся яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пераважную частку гэтых людзей немцы гвалтоўна вывезьлі зь Беларусі на прымусовую працу, іх агульная колькасьць дасягала 378 тыс. чалавек. Апрача таго, у Нямеччыне знаходзілася некалькі тысяч маладых людзей, якія паступілі ў дапаможную службу Люфтвафэ, а таксама нешматлікая даваенная эміграцыя. Такім чынам, у суме атрымлівалася нешта каля 400 тыс. чалавек, прычым сярод выхадцаў зь Беларусі пэўную частку складалі польскія і расейскія работнікі. У ліпені ў гэтую масу ўлілося некалькі дзясяткаў тысяч уцекачоў, так што агульная колькасьць беларусаў у Нямеччыне і на акупаваных землях дасягала 500 тысяч.
Культурнай і сацыяльнай апекай ад імя БЦР павінны былі займацца бэрлінскае Беларускае прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) і Камітэт самапомачы. Абедзьве арганізацыі мелі свае аддзелы ў найбуйнейшых беларускіх асяродках. Цяпер і адна і другая былі падпарадкаваны БЦР. Толькі зараз, у Нямеччыне, пад кіраўніцтва Рады быў пераведзены СБМ. Яго штаб зь Менску пераехаў у Тропаў у Судэтах. Дзейнасьць Рады ў гэтых галінах зводзілася толькі да пераказваньня нямецкім уладам сваіх пажаданьняў. Стараньнямі БЦР быў атрыманы дазвол на адкрыцьцё беларускіх школаў пры ўмове, што такое жаданьне выкажуць бацькі ня менш як 20 дзяцей школьнага веку. Некалькі такіх школаў і сапраўды было адчынена. У верасьні 1944 г. пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» была створана гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь», якая ў лістападзе — сьнежні дала 46 прадстаўленьняў у розных эміграцыйных беларускіх асяродках. Арганізавана таксама і рэлігійнае жыцьцё. Увосень 1944 г. у Нямеччыне выходзілі тры беларускія пэрыёдыкі — «Раніца» (яе апошні нумар выйшаў 21.3.1945 г.), «Малады Змагар» (для моладзі) і «Беларускі Работнік», а радыёстанцыя ў Гамбургу да сакавіка 1945 г. вяла штодзённыя 15-хвілінныя перадачы на беларускай мове.
Аднак самай галоўнай задачай Рады быў удзел у нямецкай абарончай кампаніі. Па сутнасьці, толькі гэтая мэта схіляла немцаў да падтрымкі існаваньня БЦР, яе сяброў і супрацоўнікаў. Астроўскі апынуўся ў цяжкай сытуацыі: з аднаго боку, ён разумеў непазьбежнасьць разгрому Нямеччыны, а з другога — адступаць ад супрацоўніцтва зь немцамі яму не было куды. Апанэнты Астроўскага на Беларусі і ў эміграцыі папракалі яго ў тым, што ў гэты безнадзейны для Трэцяга райху пэрыяд ён верна служыў яго інтарэсам, заклікаў беларусаў да канца змагацца з Чырвонай Арміяй і такім чынам падштурхоўваў людзей да дарэмнага кровапраліцьця. У сувязі з гэтымі закідамі варта бліжэй разгледзець вайсковую дзейнасьць БЦР.
У ліпені 1944 г. зь Беларусі былі звакуяваны шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Паўночнай Мазовіі.[143] Сярод іх было шмат беларускіх часьцей: рэшткі БКА і яе афіцэрская школа, 13-ты батальён СД, атрады дапаможнай паліцыі і інш. На думку Кушаля, можна было набраць каля 10 тыс. салдат і афіцэраў — гэтага хапіла б на фармаваньне адной беларускай дывізіі. Можна было спадзявацца і на згоду Арльта з Галоўнага ведамства СС. Пра гэта сьведчыць стварэньне іншых разнастайных усходніх часьцей СС, тым больш, што ў кастрычніку Арльт гаварыў, што намераны арганізаваць беларускую брыгаду СС.
Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў залежала ў вялікай ступені ад Астроўскага, паколькі ўжо ў ліпені ён гаварыў пра гэта з Арльтам. Аднак прапанову аб стварэньні беларускага легіёну Астроўскі накіраваў не ў Галоўную ўправу СС, а ў штаб генэрала Кёстрынга, камандзіра Вэрмахту па справах ненямецкіх фармаваньняў, дзе ніхто не займаўся гэтым пытаньнем, і таму было мала шанцаў на яго хуткае вырашэньне. Прапанова была зроблена ў сярэдзіне ліпеня, акурат тады, калі Галоўная ўправа СС вырашала лёс войскаў, што эвакуяваліся ў Мазовію.
Гэтая ініцыятыва Астроўскага мела паважныя наступствы. З аднаго боку, гэта дазволіла пераканаць чыноўнікаў ОМі, што беларусы стаяць на добрым шляху да стварэньня свайго легіёну, і прапанову БЦР поўнасьцю падтрымалі. Але з другога боку, Галоўная ўправа СС прыняла рашэньне ўлучыць усе беларускія часьці або іх рэшткі, што знаходзіліся ў Мазовіі, у наваствораную 30-ю пяхотную дывізію СС пад камандаваньнем обэрштурмбанфюрэра Зіглінга. Гэтую дывізію называлі яшчэ расейскай дывізіяй СС № 2. Яе нацыянальны склад быў вельмі пярэсты. Найбольшую частку складалі беларусы, шмат было расейцаў, палякаў, украінцаў і іншых. Пасьля кароткай падрыхтоўкі 23 жніўня 30-ю дывізію накіравалі на Заходні фронт, дзе яна пачала хутка раставаць у выніку дэзерцірства. Частка ўцекачоў з гэтай дывізіі, пераважна палякаў і беларусаў, восеньню 1944 г. уступіла ў войска генэрала Андэрса.
143
Апрача часткі беларускіх атрадаў, там яшчэ знаходзілася брыгада Камінскага, казацкія, каўкаскія, украінскія і іншыя батальёны, а таксама чальцы дапаможнай паліцыі беларускай, польскай і расейскай нацыянальнасьці. Акула лічыць, што іх агульныя сілы перавышалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.