Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Узмежак быў вузенькі, з пасохлым быльнягом у снезе і тонкімі дрэўцамі. Блішчынскі пабег цішэй і ўрэшце перайшоў на крок. Цімошкін строга крыкнуў на яго — Грышка паслухаў і зноў неахвотна патрухаў бягом. Ён цяжка дыхаў ад стомы, сумка нязручна боўталася на яго баку, і пісар раз-пораз адкідваў яе назад. Здаецца, ён ужо перамог свой страх і стаў па-ранейшаму панылы і злосны.
Ваня поўз. Ужо стала відаць, як валок ён па снезе сваё цела, пакідаючы ззаду шырокую баразну-след. Цімошкін зноў прыкрыкнуў на Блішчынскага, які наравіў адстаць, і сам бег як толькі мог, трацячы рэшткі невялікае свае сілы.
Так яны падбягалі да Вані. Ужо зусім блізка быў неглыбокі заснежаны раўчук, калі з хутара зноў разанула паветра чарга. Тоненькая, як птушыная лапка, галінка, ссечаная куляй, упала з дрэва ў дол, вецер адразу падхапіў яе і шпарка пагнаў у прастор. Грышка ўраз пляснуўся па той бок узмежка, Цімошкін, не хочучы пакідаць яго, таксама лёг на гэтым баку. У паветры коратка і люта фыркнулі кулі, кавалак мерзлай кары ад дрэва адскочыў у снег перад хлопцавым тварам, і тапалёвы камель заблішчаў белаю плямкай.
— Паўзком! — крыкнуў Цімошкін Блішчынскаму, шапка якога тырчала за ўзмежкам. — Паўзком, чуеш?
Чарга зноў сцебанула па галлі дрэўцаў, зноў некалькі ссечаных галінак падхапіў на ляту вецер. Няспрытна ўпраўляючыся адною рукой, хлопец папоўз на баку, цягнучы за сабой аўтамат. Блішчынскі ж нешта паварушыўся і прыціх. У Цімошкіна ўжо адышла крыху тая шалёнасць, з якой ён накінуўся на земляка, і цяпер, вельмі баючыся за Ваню, ён пачынаў трывожыцца, каб не здарылася чаго і з Блішчынскім.
— Ну што? Давай хутчэй!
Грышка падняў над узмежкам голаў і праз вецер роспачна, гарачна загаманіў:
— Слухай, Валодзя! Што ты робіш? Што ты робіш? Яны ж зараз пераб’юць нас. Куды ты пнешся? Можа, ён забіты ўжо, а навошта мы лезем? Хто ён табе: брат ці радня якая, чаго ты на ражон лезеш? Давай вернемся, пакуль жывыя. Чуеш? Давай назад. Мы ж свае людзі. Землякі. А ён… Давай вернемся.
Цімошкін не чакаў гэтага, думаў, што ён адчуў там, ля сцірты, агіднасць сваіх паводзін і калі падпарадкаваўся яму, дык зразумеў хлопцаву лютасць. Але, відаць, не. I цяпер, угаворваючы яго вярнуцца, сам паварочваў назад, памалу адпаўзаў, затуліўшыся ад куль за ўзмежак. Зноў у Цімошкіна ўскіпела злосць да гэтага чалавека — ён зразумеў, што пісара трэба гнаць наперад пад дулам.
Падхапіўшы аўтамат, ён пераскочыў цераз узмежак і выцягнуўся на снезе побач з Грышкам. Той насцярожанымі, поўнымі спалоху і просьбы вачыма зблізку паглядзеў на хлопца, але, мабыць, не ўбачыў таго, што хацеў.
— Наперад!! — скрыгануўшы зубамі, загадаў Цімошкін і адною рукой, як пісталет, наставіў на яго аўтамат. — Наперад!!! — ад злосці яго голас сарваўся на крык.
Грышка марудна адвёў ад земляка панылы свой позірк, нешта прабурчаў і, няўмела валюхаючы задам, папоўз ля ўзмежка. Цімошкін задыхаўся ад снегавой віхуры, паднятай яго целам, і поўз следам. Хлопцу было страшэнна цяжка і нязручна, хацелася ўскочыць і бегчы, але ён баяўся рызыкаваць, тым больш што пад кулямі гнаць наперад Блішчынскага, відаць, не ўдалося б. I ён пяўся з усяе сілы, стараючыся не адстаць ад сяржанта, і, калі той спыняўся, штурхаў яго ў выслізганыя падэшвы ствалом аўтамата. Зямляк, не азіраючыся, неахвотна поўз.
Урэшце яны дабраліся да раўчука. Увесь гэты час, паўзучы за ўзмежкам, Цімошкін не мог бачыць Івана. Цяпер зірнуў на сябра — той таксама ўжо дапоўз у раўчук і курчыўся на тым яго схіле. Побач, скіраваны ў бок ворага, ляжаў аўтамат.
Блішчынскі яшчэ поўз, увесь укачаўшыся ў снег, а Цімошкін ужо не мог вытрымаць — падхапіўся і сігануў у раўчук. Немцы, пэўна, не бачылі іх і перасталі страляць. Снег У раўчуку быў глыбокі, і боты да самых калень патанулі ў гурбе. Разграбаючы счырванелаю рукой снег, хлопец яшчэ здалёк убачыў нахмураны Ванеў твар, на якім былі боль, клопат і яшчэ ціхая нямая ўдзячнасць. Абапіраючыся на аўтамат, Цімошкін ускарабкаўся па адхону, і з самае яго душы, як стогн, вырваліся дакор і пытанне:
— Нашто ты ішоў, Ваня?
Шчарбак хацеў паварушыцца, але толькі сцяў зубы і, пэўна стараючыся як мага спакайней, сказаў:
— Ладна, нічога. Перавяжы як-небудзь…
Цімошкін кінуў аўтамат, укленчыў ля яго — Ваня рукой дакрануўся да свайго бядра. У, яго ватных штанах ля кішэні цямнела мокрая пляма, а з невялікае дзіркі тырчаў клык акрываўленай ваты.