Сэрца на далоні
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Сэрца на далоні». Краткое содержание книги:
Раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні» аб чэсці чалавека — працоўнай і прафесійнай, аб духоўна багатых і прыгожых людзях і аб тых, хто маладушны і подлы. Гэта шматпланавы, шматпраблемны твор, з мноствам сюжэтных ліній, з разнастайнасцю людскіх лёсаў і характараў. Два галоўныя факты — «асэнсаванне чалавечага падзення» мужных людзей і гісторыя кіраўніка падполля, які быў аб'яўлены здраднікам — асноўныя сюжэтныя лініі твора. Дзеянне твора размеркавана па двух планах часу — ваенным і сучасным, а ідэя выяўлена ўжо ў самой назве твора, як бы падкрэсліваючы думку пра неабходнасць гуманнага стаўлення да чалавека. Цяперашняе і мінулае як бы сплятаюцца ў рамане, вырашаючы самыя важныя праблемы жыцця ўсяго грамадства ў пачатку 60-х гадоў: праўда мінулага і сучаснага, адносіны паміж пакаленнямі, чалавек як асоба і іншыя.
— Я думаю, ад яды ніхто не памёр. Можа, памідорчыкаў, гурочкаў маласольных? А?
— З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру.
— А палуднічак павінен быць.
Цяпер ужо засмяялася жанчына.
— Энергія траціцца ад усялякай работы, — глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць.
— У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сідараўна жывая, здаровая?
— Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! — кінуў амаль злосна Грак.
— Баптыстка? — здзівіўся Шыковіч.
— Ды не баптыстка яна! — запярэчыла бухгалтар.
— Ну не ведаю, якому яна ідалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хітрая, чым тыя, якіх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясціла сябе знахаркай. Варажбіткай.
— Ды не варожыць яна. Травамі лечыць.
— Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сіла! — кінуў ён жанчыне з дакорам.
— А што? Яна вылечыла мяне.
— Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кішэню набівае. Хочаце напісаць пра яе, таварыш Шыковіч?
— Ага.
— Дайце добранькі фельетон. Я вам факцікаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькі разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамі разводзіць: «Няма падстаў, трэба блюсці законнасць». Я ёй, праўда, крыллі падрэзаў — сядзібку па самыя вуглы адшахаў.
Але, не такой уяўляў Кірыла гэтую жанчыну, калі пасля доўгіх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знікла з горада былая сястра інфекцыйнай бальніцы Клаўдзя Сухадол.
«Медсястра — і раптам знахарка, сектантка нейкая. Ліха ведае што такое!» — разважаў ён, незадаволены, ужо трохі расчараваны, ідучы па доўгай вуліцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калі пачула, што ён хоча пісаць пра Клаўдзю. Што пісаць — тлумачыць не стаў, бо раптам страціў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пісаць у выніку размовы з гэтай жанчынай.
Знайсці яе хаціну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзіная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраінскі лад. Высокі лазовы пляцень, якім з усіх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковічу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей і свету. Дзе ў суседзяў былі садкі і агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзіва высокая кукуруза. «Каралева палёў», дзіця сонечнай Украіны як бы цягнулася да мазанкі. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковічу ўспомніліся словы Грака: «Я ёй крыллі падрэзаў», і ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу і — вельмі можа быць — нават на гэтую цудоўную кукурузу.
Ад весніц паўз хату ішла вузенькая і чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбіта на малюсенькія акуратныя градкі, засаджаныя гароднінай і кветкамі. Безумоўна, не хадзіла па гэтым двары ні карова, ні каза, нават слядоў курэй не было відно, хоць невялічкі хляўчук, таксама абмазаны і пабелены, туліўся ў кутку за хатай.
Шыковіч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзіўшы руку ў шчыліну, шукаў адмысловую «зачынялку», каб адчыніць весніцы. Ды так і не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак.
І тут з'явілася сама гаспадыня. Яна, нахіліўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокімі крокамі падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчыніла весніцы, але загарадзіла сцежку сваёй постаццю, акідваючы няпрошанага госця дапытлівым позіркам: што ты за птушка?
Шыковіча адразу ўразіў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго і значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусім сівая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, відаць, даволі дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковічу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венікам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позірку, і паспяшаўся загаварыць першы:
— Клаўдзя Сідараўна?
— Што вам? — сурова спытала яна.
— Я хацеў пагутарыць…
— Пра што? Хто вы?
— Я растлумачу… Я з рэдакцыі. — Вопытны журналіст, ён, можа, упершыню адчуў сябе ніякавата, знаёмячыся з чалавекам.
У старой гнеўна бліснулі вочы.
— Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збіраю травы. Раю іх людзям. Няма такога закону, каб забараніць мне… Няма! — Яна крута павярнулася і… пайшла ў хату.
Шыковіч зусім разгубіўся.
«Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыі. Калі яна зачыніцца і больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе».