Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детское фэнтези » Падары нам дрэва
Падары нам дрэва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Падары нам дрэва

Электронная книга - «Падары нам дрэва». Краткое содержание книги:

Новая аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкі Сіпакова — прыгодніцка-фантастычная. Яе галоўны герой нечакана трапляе ў нейкае іншае вымярэнне. Там і пачынаецца яго новае жыццё і прыгоды ў незвычайнай завушніцы, сярод мёртвых робатаў і, урэшце, на невядомай планеце, якая загінула ад экалагічнай катастрофы.
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 106
Перейти на страницу:

І тады садоўнік, разгледзеўшыся, пазнаў свой сад. Вось жа ён, плён ягонай працы за сотню гадоў! Такі сад! Яго сад!

Адны яблыні ўжо састарэлі, але ўсё яшчэ былі плодныя, жывыя, другія — у самым саку, як не ламаліся ад пладоў, а трэція — напрыканцы, вось тут, дзе яны стаялі, яшчэ толькі набіраліся сіламоцы і рыхтаваліся прыняць на свае плечы спелыя яблыкі.

Садоўнік падышоў да злодзея.

— Што ж ты робіш, нягоднік?!

— Цябе ратую, — абыякава, нібыта ён даўно ведае садоўніка, нават не павярнуўшы галавы на голас, адказаў злодзей.

— Крадзеш мае яблыні і яшчэ здзекуешся з мяне. Такі сад украў!

— Не, я не здзекуюся і саду ў цябе не краў: і сад твой, і цябе я праўда ратую. Бо там, дзе ты садзіў сад, хутка землятрус будзе… Усё знішчыць.

Памаўчаўшы, злодзей паказаў рукою ў глыбіню саду. Садоўнік, зірнуўшы туды, убачыў прыгожы, як цацка, дом — яблыні паапускалі на яго дах свае абцяжараныя пладамі галіны.

— І дом гэты таксама твой.

— А ты хто, такі добры?

— Я твой бог.

Яны абняліся і пайшлі праз сад — сцежкаю да новай хаты садоўніка.

І ў гэты час здрыганулася пад нагамі зямля.

— Чуеш, там землятрус пачаўся, — сказаў бог.

Яны замоўклі — ішлі па садзе і доўга маўчалі. Зямля здрыганулася зноў.

— А навошта ты мяне выратаваў? — спытаўся чалавек.

— Буду паказваць цябе людзям. Як прыклад упартасці і настойлівасці. Сто гадоў рабіць марную працу… Здавалася б, марную… Не, Садоўнік, ты варты самага найлепшага музея. І гэтым музеем будзе твой сад і твая хата.

Бога раптам не стала.

А каля саду ўжо спыніўся і нецярпліва бібікаў аўтобус, — ён прывёз у музей першых экскурсантаў.

Гара

Гара пайшла сама сабою.

Яшчэ ўчора яе спакой здаваўся вечным і непарушным: на ёй, на яе ніжніх схілах пасвіліся каровы, коні і авечкі, стаялі хаты, дзеці па крутых, пратаптаных між зараснікаў сцежках лазілі яшчэ вышэй, сягалі аж туды, дзе ўжо хадзілі толькі дзікія жывёлы, і ніхто нічога не баяўся, ніхто нічога не прадчуваў.

Таму ўсе здзівіліся, калі гара раптам пачала выпінацца, вырастаць і неяк зверху насоўвацца над імі.

Спачатку пасыпаліся зверху камяні, жарства, перамешаная са снегам. Потым пачалі ссоўвацца ўніз выціснутыя з расколін дрэвы — яны сунуліся і вершалінамі, і карэннем наперад, сунуліся доўга, паволі, чапляліся за дрэвы, што раслі ніжэй, завісалі на іх, аж пакуль не падалі гэтыя вываратні.

Пасля пачалі лопацца і хаты — як семкі на агні. Развальваліся сцены, каціліся па кустах бёрны, сунулася ўніз усё, што яшчэ нядаўна было хатаю, і ўжо там, ля падножжа, гара павольна, не спяшаючыся, наступала на іх, падмінала пад сябе.

Гара ішла нетаропка, але настойліва і ўпарта. Здавалася нават, што яна коціцца па зямлі, як дарожны каток, і накрывае сабою ўсё на свеце.

Звяры, жывёлы ўцякалі ад гэтай гары — мусіць, гнаў іх звычайны інстынкт. Яны, збегшы ці скаціўшыся ўніз, спяшаліся як мага хутчэй адбегчыся адсюль — адчувалі, што тут затаілася вялікая небяспека.

Людзі ж за доўгі час наіўнай веры ў тое, што чалавек — валадар прыроды, мусіць, назусім страцілі гэты інстынкт. Яны нікуды не ўцякалі і нічога не рабілі, каб уратавацца, — проста стаялі і няўцямна глядзелі на ўсё, што адбываецца навокал.

Гара скідвала і іх, як дрэвы і хаты, уніз і гэтак жа раўнадушна, спакойна падмінала пад сябе: спачатку яшчэ відны былі то рука, то нага, а праз нейкае імгненне ўсё ўжо знікала пад гэтым няўмольным катком.

А яны, некалькі чалавек, усё ж паспелі разам з жывёламі адбегчыся ад гары. Дабеглі да недалёкай вёсачкі і спыніліся, каб агледзецца і прыдумаць, што рабіць далей.

Гара ж няўмольна набліжалася і да гэтай вёскі. Вось яна ўжо дайшла да крайніх хат. Ім было жудасна бачыць, як знікаюць пад ёю хаты і сады.

А людзі і тут не ратаваліся. Як хто араў у полі, так і астаўся з канём і плугам пад гэтаю глыбаю, хто стаяў з вёдрамі каля студні, так і астаўся стаяць там — яго і засыпала зямлёю. Нават здавалася, што людзі такія спакойныя і абыякавыя да свайго лёсу, што яны кімсьці загіпнатызаваныя альбо кіруюцца аднекуль збоку, — такімі ж раўнадушнымі перад сваёй смерцю могуць быць толькі ненармальныя людзі.

Яны ж, тыя, што ўцякалі, мусіць, былі нармальныя: бачылі ўсё, разумелі і хацелі неяк уратавацца!

Нармальныя беглі перад гарою і, азіраючыся, бачылі, як руйнуе ўсё перад сабою, як падмінае, прасуе ўсё, што сустракаецца на шляху, гэты вялікі-вялікі, нібы трамбавальны, каток.

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 106
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)