Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Багун - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багун

Электронная книга - «Багун». Краткое содержание книги:

Багун Вінцэся Мудрова - першая кніга адноўленага Полацкага ляда. Вінцэсь Мудроў нарадзіўся ў Полацку ў сям’і вайскоўца. Скончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут. Працаваў інжынэрам у Беларусі і ў Сыбіры, карэспандэнтам радыё «Свабода». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар кніг прозы: «Жанчыны ля басейна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005), «Альбом Сямейны» (2007). У 1971—1974 гадах выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах «Блакітны ліхтар». У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». Жыве ў Наваполацку.
1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 100
Перейти на страницу:

Залётны сьвяжак казытнуў вуха, выдзьмуў з галавы дакучлівыя думкі. У галаве запанавала вясёлая пустата, і пакрыты празрыстым лядком ганак паволі паплыў пад нагамі. Іван пералічыў квадраты цёмных, кранутых лёгкай сівізною, вокнаў — здалося нават, што ў адным вакне мільгануў дзявочы тварык, — падміргнуў маладой чытачцы, якая, са стосам кніг пад пахаю, заходзіла ў бібліятэку, і гарэзьліва, усё адно як падшыванец, скокнуў з ганку.

Яшчэ ў цягніку, на мулкай бяссоннай паліцы, Івана апанавалі ўспаміны і задаўнія згрызоты. Ад іх не было паратунку, яны цьвялілі сьвядомасьць, кроілі сэрца, і вось выпетрыліся з галавы; і галава стала апраметна-пустой, а сэрца па-маладому лёгкім. Ідучы асьнежаным завулкам, Іван стоена пасьміхаўся й рупіўся ня думаць аб тым — што сталася прычынай добрага настрою. І ўсё ж, насуперак ягонай волі, аднекуль з глыбіняў падсьвядомасьці далятаў, прыглушаны шыхтом кніжных стэлажоў, п’янлівы галасок, і сярод белай завірухі мроілася — як абяцаньне чагосьці неверагодна спакусьлівага і ўадначас небясьпечнага — мімалётная дзявочая ўсьмешка.

Ён і сам ня ведаў — куды ідзе, падпарадкоўваючыся прагнаму жаданьню некуды ісьці, і толькі апынуўшыся на галоўнай гарадзкой вуліцы, сьцішыў крок і агледзеўся. Апошнім разам ён быў у гэтым горадзе пятнаццаць гадоў таму і цяпер, пазіраючы ўздоўж гаманкой, прапахлай выхлапнымі газамі вуліцы, не даваў рады прыгадаць — у якім баку месьціцца Лёнькавы дом. Падумаўшы, рушыў направа, і не памыліўся. Неўзабаве з-за белых дахаў ўзьняліся вяршаліны згалелых таполяў, а далей, леваруч ад парку, шэрай патарочай паўстаў знаёмы дзевяціпавярховік.

“Семдзесят пятая кватэра”, — згадаў Іван і тут жа, зь незразумелай трывогай падумаў: “А ці не пераехаў ён на новую кватэру?”

Потым, нібыта жадаючы пераканацца, што сябрук па-ранейшаму жыве ў тым жа самым шэрым доме, у тым жа самым прыцемным, з разьбітай лямпачкай над уваходам, пад’езьдзе, Іван нетаропка прайшоўся па двары, адшукаў вачыма Лёнькавы вокны, потым увайшоў у пад'езд і, увабраўшы носам казытлівы пах кашэчых сцакаў, здаволена перакрывіўся.

У густым мроіве загарэліся кволым сьвятлом і сталі набіраць моцы ліхтары, завіруха адразу ж аціхла, але па-ранейшаму — лагодна й бязгучна — круціла віры пад нагамі. Іван ішоў галоўнай вуліцай, разганяў тыя віры нясьпешнай нагой і ніяк ня мог даўмецца — навошта ён выбег зь бібліятэкі? І толькі дапяўшы да вялізнага, асьветленага знутры ўнівэрсаму, згадаў: у яго скончыліся цыгарэты. Унівэрсам быў падобны да вялізнага акварыюму і, засьведчыўшы ў сьвядомасьці гэтае параўнаньне, Іван убачыў у няўклюднай жаночай постаці, што праплыла за тоўстым шклом, пляскатую скалярыю.

Узяўшы дзеля форсу пачак “L&M”, ён прайшоўся з канца ў канец ўнівэрсаму, пацёрся калі мяснога аддзелу: уразіла парсючыная галава, якая насьмешліва, нібыта спазнаўшы тайну зямнога быцьця, глядзела на сьвет, — і, перахапіўшы тую ўхмылку, і абдарыўшы ёю неахайных цётак, што стаялі поруч, выйшаў з крамы.

Урэшце рэшт датупаў да вакзалу — вырашыў паглядзець расклад цягнікоў, — уважліва, з блізарукім прыжмурам і мылячы вуснамі, той расклад вывучыў, а ўзяўшы ў шапіку газэту, доўга шамацеў ёю ў паўпустой пачакальні.

Ля зырка асьветленых дзьвярэй стаяў невялічкі натоўп. Натоўп бязладна гаманіў, прыкметна хваляваўся, чуліся няўцямна-вясёлыя воклікі — так заўсёды галёкаюць у прадчуваньні п’янкі, — і выразна гучаў толькі зашэрхлы прафэсарскі бас: “Нам тут толькі Гэмінгуэя не хапае!”

Іван стаяў зводдаль, таптаўся на падталым каналізацыйным вечку. Стаяў ужо пятнаццаць хвілінаў, за гэты час зьмерзьлі ногі, — і з тугою ў вачах пазіраў навокал. “Ну з чаго ты ўзяў, што яна прыйдзе?” — раз за разам гучаў нутраны голас, Іван кожнага разу ўздыхаў і надта зьдзівіўся, калі голас той адляцеў некуды ў бок і іншы голас — напорліва, як той ранішні вятрыска, ударыў у сьпіну:

— Ну што ты, далібог... паўсюль цябе шукаю, — Лёнька Холад — расхлістаны, шапка зьбітая набакір, — відаць, толькі што вылез з аўтобусу, — схапіў за локаць: — Пайшлі... людзі вунь чакаюць...

1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)