Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- Автор: Караткевіч Уладзімір
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:
Яны памёрлі ад глушыні і бязлюддзя і вось бялелі далей і бліжэй, абкружалі лагчыну і падступалі да яе. Нібы вычварныя распяцці. Нібы дзесяткі пачварных прывідаў.
Страшна было глядзець на гэта, і людзі зменшылі вогнішча да маленькага агеньчыка, які асвятляў толькі іхнюю лагчынку, дзесятак крыжоў і пліт у іхнім маленькім котлішчы.
Знясіленыя, яны нікуды не ў змозе былі ісці, спаць не маглі таксама і вырашылі сяк-так перачакаць у гэтым месцы ноч.
Гаварыць таксама нікому не хацелася. Толькі пасля вялікай паўзы Тумаш сказаў:
— Калі палілі іх, я ўсю веру прызваў, каб зніклі слупы — куды там, чорта бяспятага! Стаяць, як стаялі. Куды ён вядзе нас, Бог?
— Вядзе, — сказаў Іуда. — А куды — не ведаю.
— Наперад, — буркнуў Хрыстос. — Пад узброенай аховай, каб часам не паварацілі, куды не трэба.
І зноў доўгае маўчанне. Але Тумашу было відавочна нясцерпна. На адхоне ўстаў ягоны доўгі цень.
— Божа, — з тугою сказаў Фама. — Ну вось я ўсю веру сваю прызаву. Ствары дзіва. Скажы, што не адна дрыгва перад людзьмі. Намякні, што не вечна адвечнае свінства. Зрабі нейкі знак.
Ён напружыўся і непрытомна сціснуў кулакі. І раптам… па небе з шыпеннем, раскідваючы іскры, прамчаў вялізны агнявы метэор. Фама ўсім задам сеў на зямлю. Змаху, як падсечаны.
— Свят, свят, свят.
І тут, яшчэ раней за падзенне Фамы, ускочыў Хрыстос.
— Агонь… — толькі і паспеў прахрыпець ён. — Аггонь.
Ненатуральна вялікія вочы з надзеяй сачылі за нябеснай праявай. Ён працягнуў да яе рукі.
Метэор нібы спыніўся над голай градою далёкіх узгоркаў. І адразу рассыпаўся на іскры, што ўпалі ўніз і згаснулі ў цямноцці.
Павольна апусціліся рукі Хрыста.
— Нябесны камень, — сказаў ён. — Плюнь, Фама. Багна наперадзе. Пра нас даўно забылі на небе. Лічаць, што ў нас — рай.
Захутаўшыся ў плашч, ён сядзеў, нагадваючы вялізную хворую птушку са зламанымі крыламі. Увесь як жывая беспрытульнасць.
Пасля пачаў пагойдвацца, нібы ад болю. Пасля пачаў бязладна гаварыць:
— Спаганеная, згаджаная зямля… Нашто тут быці, чыстаму?… Агеньчык у цямноцці… Агеньчык у самоце… Д'яблу аддадзеная… Памерці б — забаронена… Трэба ісці і паміраць, калі даў згоду жыць.
Усе глядзелі на яго з жахам.
— Царства фарысеяў… Труны схаваныя, над якімі людзі ходзяць і не ведаюць таго… Гора вам, што забіваеце пасланнікаў… Гора вам, хлусам… І вам, законнікам, гора, што накладаеце на людзей ёрмы нязносныя… Гора вам, што будуеце магільні прарокам, якіх забілі бацькі вашы.
Твар у яго быў такі безнадзейны, што Магдаліна ўскрыкнула:
— Кінь… Страшна!
Толькі тут Юрась нібы апрытомнеў. Гледзячы ў зямлю, глуха сказаў:
— Даруйце. Ніхто з вас не ведае, як гэта цяжка, калі цябе не разумее ніхто. Тут і звар'яцець нядоўга. — І дадаў са змрочнай усмешкай: — Заўтра пайду і павешу генеральнага камісарыя. Або злаўчуся і… усю святую царкву. Мне можна. Я цяпер — як вар'ят. Святы… як яго там… Гальяш з мядзведзямі на бязлюдным востраве.
— Кінь, мілы, — упершыню паспагадала Магдаліна. — Як ты жыць будзеш?
— А, як жыву. Маўчы, Магдзя.
— Ну добра, ну ёсць злыя пастыры, злыя законнікі.
І тут раптам Хрыстос узвіўся.
— Ёсць?! Ты добрых сярод іх пашукай! Дзе яны?! Смурод суцэльны ўсе справы іхнія! Запалохалі, загадзілі… Вы тут сядзелі, а я надпісы на помніках чытаў! Я іх да смерці не забуду! Няма даравання зямлі, дзе нават пра нябожчыкаў так пішуць, пра тых, пра каго хлусіць нельга… І пісалі, і хвастом круцілі. І ўсё адно кімсьці знішчана вёска. Могілкі!
Ён не ведаў, што вёску сапраўды знішчылі за «ерась і непакорлівасць», а месца аддалі праклёну, што абрабавалі нават клады, што нават на могілках разбілі ўсе звычайныя пліты. Але ён і ведаў гэта. Падсвядомай упэўненасцю душы. І рука ягоная торкала ў помнікі.
— У-унь. Так на дух чалавечы замахнуліся, што перад імі і ў смерці баяцца, трусікі.
Ён стаў на магілу і прачытаў:
— «Дзеля Бога вялікага чакаю… Жыццё ўслаўленню ягонаму аддаўшы, не пісаў я канонамі незацверджаных, непадобных ікон».
Цяпер ён з ярасцю папіхаў нагою другую пліту.
— «Не быў я арыянінам, ані багамілам, ані ў іншай ніякай ерасі не быў. Сплю спакойна».
Ён пхнуў нагою збуцвелы крыж.
— Унь, дзеці пастараліся: «Тата, заўсёды ты быў з ісцінным Богам, верыў у яго, літасцівага, пакорлівы быў намеснікам яго і ўладзе, а ерась ненавідзеў чыстай душою сваёй. Спі спакойна».
І Хрыстос выскаліў зубы, як ваўкалак:
— Ён спіць спакойна. А вось пад якой спаленай хатай, пад якой з іх, у якім попеле спяць вашы костачкі? Ды што ж гэта за быдла! Ды колькі ж разумным людзям вучыць вас, каб былі вы не чарвякамі, а людзьмі? — Шкаляр затрос кулакамі ў паветры. — Законнікі, кажаш? Паны? Тысячаначальнікі кепскія? Брэшаш! Не яны смярдзяць! Справа смярдзіць! Справа іхняя ў шкоду чалавеку і зямлі! Не чалавек вінен — кодла! «Род лукавы і любадзейны! Сляпыя правадыры сляпых! Дрэва па пладах пазнаюць. Як жа яны могуць гаварыць добрае, будучы злы!»
— Ціха! — сказаў раптам Фама. — Чуеце?
Запанавала маўчанне. Усіх уразілі не столькі словы шляхціца, колькі ягоны выгляд, насцярожаны, увесь нібы напяты, з прыхаванай трывогай у вачах.