Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 185
Перейти на страницу:

Жылі цёця з дзядзям у каморцы. Хата ў вайну згарэла. Паставілі каморку, думалі, часова, і там засталіся. Саламяны дах, маленькае акенца. У адным куце бульбачка (цётчыны словы) — не «бульба», а «бульбачка», а ў другім — парася віскоча. Ніякіх дошак на падлозе — зямля накрыта аерам і саломай. Неўзабаве сюды ж прывезлі Уладзю. Пажыла яна трохі і памерла. Цешылася, што памірае дома. Апошнія яе словы: «А што будзе з Марысяй?»

Усё, што я ведаю пра любоў, я ведаю з цётчынай каморкі… «Мая ты птушачка… — называла мяне цёця. — Мая жужалка… пчолка…» Я ўвесь час лапатала, торгала яе. Я не магла паверыць… Мяне любілі! Любілі! Ты расцеш, а табой цешацца — гэта такая раскоша. У цябе ўсе костачкі распростваюцца, усе цягліцы. Я танчыла для яе «рускага» і «яблочко». Мяне навучылі гэтым танцам зэкі… Спявала песні…

«Есть по Чуйскому тракту дорога.  Много ездит по ней шоферов…»,
«Умру, в чужой земле зароют,  Заплачет мамочка моя,  Жена найдет себе другого,  А мать сыночка — никогда…».

Набегаешся за дзень так, што ногі ўсе сінія-сінія, абадраныя — абутку ж не было ніякага. Ляжаш увечары спаць, а цёця твае ножкі закруціць у падол сваёй начной кашулі, сагрэе. Яна мяне спавівала. Ляжыш дзесьці каля жывата… як ва ўтробе… Таму я не памятаю зла… Я на зло забылася… дзесьці далёка яно ў мяне схавана… Раніцай прачыналася ад цёцінага голасу: «Я дранікі спякла. Паеш». — «Цёця, я спаць хачу». — «А ты паеш і спі». Яна разумела, што ежа… бліны… для мяне як лекі. Бліны і любоў. А дзядзька наш Віталік быў пастыр, насіў на плячы пугу і доўгую берасцяную жалейку. Хадзіў у ваенным кіцелі і галіфэ. Прыносіў нам з пашы «торбу» — там і сыр, і кавалачак сала — усё тое, чым яго частавалі гаспадыні. Святая нішчымніца! Яна для іх нічога не значыла, не крыўдзіла, не абражала. Як для мяне важна ўсё гэта… каштоўна… Адна сяброўка скардзіцца: «Няма грошай на новую машыну…», іншая: «Усё жыццё марыла, а так і не купіла сабе норкавае футра…». Як праз шкло чую… Адзінае, пра што я шкадую, што не магу ўжо насіць кароткую спадніцу… (Разам смяёмся.)

У цёці быў надзвычайны голас… дрыготкі, як у Эдзіт Піяф… Яе звалі спяваць на вяселлях. І калі хтосьці паміраў. Я заўсёды з ёй… побач бягу… Памятаю… Вось яна стаіць-стаіць каля труны… доўга стаіць… У нейкі момант адлучаецца неяк ад усіх, падыходзіць бліжэй. Павольна падыходзіць… яна бачыць, што ніхто не можа сказаць гэтаму чалавеку апошніх слоў. Людзі хочуць, але не ўсе ўмеюць. І вось яна пачынае: «І куды ты, Анечка, ад нас пайшла… светлы дзень і ночку пакінула… хто цяпер будзе хадзіць па тваім двары… хто дзетак тваіх пацалуе… хто ўвечары кароўку сустрэне…» Ціха-ціха падбірае словы… Усё побытавае, простае, і яно ж высокае. Сумнае. Нейкая самая апошняя праўда ў гэтым простым. Канчатковая. Голас дрыжыць… І ўсе за ёй пачынаюць плакаць. Ужо забыта, што карова не падоена, муж п’яны дома застаўся. Змяняюцца твары, сыходзіць мітусня, на тварах праступае святло. Усе плачуць. Я саромеюся… і шкадую цёцю… Вернецца яна дахаты хворая: «Ой, Манечка, галоўка шуміць». Але такое было ў цёці сэрца… Са школы прыбягу… Маленькае акенца, іголка з палец… Цёця зашывае нашыя анучкі і спявае:

«Агонь зальеш вадою, Любоў нічэм нільзя…»

Я асветлена гэтымі ўспамінамі…

Ад нашага маёнтка… Ад нашай хаты засталіся адны камяні. Але я чую іхняе цяпло, мяне цягне да іх. Прыязджаю туды, як на магілу. Я магу там заначаваць у полі. Хаджу асцярожна, баюся ступіць.

Чалавека няма, а жыццё ёсць. Гоман жыцця… розных жывых істотаў… Хаджу і баюся разбурыць нечы дом. Я і сама магу ўладкавацца дзе заўгодна, як мурашка. У мяне культ дома. Каб раслі кветкі… было хораша… Я памятаю, як у дзіцячым доме мяне вядуць у мой пакой, дзе я буду жыць. Белыя ложкі… Шукаю вачыма: ці не заняты ложак ля акна? Ці будзе ў мяне свая тумбачка? Я шукаю, дзе будзе мой дом. Цяпер… Колькі гэта мы сядзім і гаворым? За гэты час адгрымела навальніца… суседка прыходзіла… тэлефон званіў… Усё гэта ўплывала на мяне, на ўсё гэта я адгукалася. А на паперы застануцца толькі словы… Іншага нічога не будзе: суседкі не будзе, тэлефонных званкоў… таго, што я не сказала, але яно мільгала ў памяці, прысутнічала. Заўтра наогул я пра ўсё, можа быць, распавяду інакш. Словы засталіся, а я ўстану і пайду далей. Я навучылася з гэтым жыць. Іду і іду. Хто гэта мне даў? Усё гэта… Бог даў ці людзі? Калі Бог даў, то ён ведаў, каму даваць. Пакута мяне выгадавала… Гэта мая творчасць… Мая малітва. Колькі разоў я хацела каму-небудзь усё распавесці. Прагаворвала. Але ніхто мяне ні разу не спытаў: «А далей што… далей?» А я ўвесь час чакала добрых ці дрэнных людзей, не ведаю, але ўвесь час чакала людзей. Усё жыццё чакаю, што мяне хтосьці знойдзе.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)