Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 185
Перейти на страницу:

Потым мы з сястрой хавалі нашу маму. Засталіся адны. Уладзя ўжо ледзь хадзіла, у яе аднімаліся ногі. Скура адслойвалася як папера. Ёй прынеслі бутэлечку… Я думала, што лекі, а гэта была нейкая кіслата. Атрута. «Не бойся…» — паклікала яна мяне і дае гэтую бутэлечку. Яна хацела, каб мы разам атруціліся. Я бяру гэтую бутэлечку… Бягу і кідаю яе ў печ. Шкло разбіваецца… Печ была халодная, там даўно нічога не варылася. Уладзя заплакала: «Ты ўся ў бацьку». Хтосьці нас знайшоў… Можа, яе сяброўкі? Уладзя ляжала ўжо ў непрытомнасці… Яе — у лякарню, мяне — у дзіцячы дом.

Бацька… Я хачу яго ўспомніць, але як ні намагаюся, не бачу ягонага твару, няма ў маёй памяці ягонага твару. Потым я ўбачыла яго, маладога, на фатаграфіі ў цёткі. Праўда… я на яго падобная… Гэта наша з ім сувязь. Бацька ажаніўся з прыгожай сялянскай дзяўчынай. З беднай сям’і. Хацеў зрабіць з яе пані, а мама заўсёды насіла хустку, насунуўшы яе нізка-нізка на бровы. Не пані. У Сібіры бацька не доўга жыў з намі… ён сышоў да іншай жанчыны… А я ўжо нарадзілася… Я была пакараннем! Праклёнам! Ні ў кога не было змогі любіць мяне. І ў мамы таксама не было гэтай змогі. Гэта запраграмавалася ў маіх клетках: яе роспач, яе крыўда… і нялюбасць… Мне заўсёды бракуе любові, нават калі мяне любяць, я не веру, мне ўвесь час патрэбныя доказы. Знакі. Яны патрэбныя мне кожны дзень. Кожную хвіліну. Мяне цяжка кахаць… я ведаю… (Доўга маўчыць.) Я люблю свае ўспаміны… Люблю свае ўспаміны за тое, што там усе жывыя. У мяне там усё ёсць: мама… тата… Уладзя… Мне абавязкова трэба сядзець за доўгім сталом. З белым абрусам. Я жыву адна, але ў мяне на кухні стаіць вялікі стол. Можа, яны ўсе са мной… Я магу ісці — і раптам паўтару нечы жэст. Не мой… Уладзін жэст… ці мамчын… Мне здаецца, мы датыкаемся рукамі…

Я — у дзіцячым доме… У дзіцячым доме сіротаў-асаднікаў выхоўвалі да чатырнаццаці гадоў, а потым адпраўлялі на руднікі. І ў васямнаццаць гадоў — сухоты… як у сястры Уладзі… Гэта лёс. Дзесьці далёка, казала Уладзя, у нас ёсць дом. Але вельмі далёка. Там засталася цётка Марыля, матчына сястра… Непісьменная сялянка. Яна хадзіла, прасіла. Чужыя людзі пісалі лісты. Не разумею і цяпер… ну як? Як яна дамаглася? У дзіцячы дом прыйшло распараджэнне: адправіць мяне разам з сястрою па вось такім і такім адрасе.

У Беларусь. У першы раз да Мінска мы не даехалі, у Маскве нас знялі з цягніка. Усё паўтарылася: Уладзю — у яе пачаўся жар — у лякарню, мяне — у ізалятар. З ізалятара — у прыёмнік-размеркавальнік. Сутарэнне, пахла хлоркай. Чужыя людзі…

Я ўвесь час жыву сярод чужых людзей… Усё жыццё. А цётка пісала… пісала… Праз паўгода знайшла мяне ў тым прыёмніку. Ізноў я чую словы «дом», «цётка»… Мяне вядуць да цягніка… Цёмны вагон, толькі асветлены праход. Цені людзей. Са мной — выхавацелька. Даехалі да Мінска і ўзялі квіток у Паставы… я ўсе гэтыя назвы ведаю… Уладзя прасіла: «Ты запамінай. Запомні: наш маёнтак Соўчына». З Пастаў ідзём пешшу ў Грыдзькі… у цётчыну вёску… Селі каля моста перадыхнуць. А тым часам сусед ехаў з начной змены на ровары. Спытаў, хто мы. Адказалі, што прыехалі да цёткі Марылі.

«Так, — сказаў ён, — правільна ідзяце». І, відаць, перадаў цётцы, што бачыў нас… яна пабегла насустрач… Я ўбачыла яе і кажу: «А вось гэта цётка падобная на маю маму». І ўсё!

Стрыжаная «пад нулёўку», сяджу на доўгай лаве ў хаце дзядзькі Стаха, матчынага брата. Дзверы адчыненыя, і праз праём відаць, што людзі ідуць і ідуць… спыняюцца і моўчкі глядзяць на мяне… Жывапіс поўны! Ніхто ні з кім не гаворыць. Стаяць і плачуць. Абсалютная цішыня. Уся вёска прыйшла… І яны перакрылі маю паводку слёз, кожны плакаў са мной. Усе яны ведалі бацьку, хтосьці ў яго працаваў. Не раз я потым пачую: «У калгасе нам «палачкі» налічаюць, а Антэк (бацька) заўсёды разлічваўся». Вось яна — мая спадчына.

Нашу хату перавезлі з хутара на цэнтральную сядзібу калгаса, і цяпер яшчэ ў ёй сельсавет. Я ўсё ведаю пра людзей, ведаю больш, чым хацелася б. У той жа дзень, калі чырвонаармейцы пагрузілі нашу сям’ю на калёсы і павезлі на станцыю, тыя ж людзі… цётка Ажбета… Юзэфа… дзядзька Мацей… разнеслі з нашай хаты ўсё па сваіх хатах. Дробныя пабудовы разабралі. Раскацілі па бервяну. І малады сад выкапалі. Яблынькі. Цётка прыбегла… і вынесла толькі вазон з акна на памяць… Не хачу я гэта памятаць. Ганю з памяці. Я памятаю, як вёска мяне няньчыла, насіла на руках. «Ідзём, Манечка, да нас, мы грыбоў наварылі…», «Давай малачка табе налію…». Сёння я прыехала, а назаўтра ў мяне ўвесь твар пакрыўся пухірамі. Пякло вочы. Не магла падняць павекі. Мяне за рукі вадзілі мыцца. У мяне выбольвала ўсё, выпальвалася, каб я паглядзела на свет іншымі вачыма. Гэта быў пераход з таго жыцця да гэтага… Цяпер я ішла па вуліцы, і мяне кожны спыняў: «Якая дзяўчынка! Ай, якая дзяўчынка!» Без гэтых слоў у мяне вочы былі б як у сабакі, якога выцягнулі з палонкі. Я не ведаю, як я глядзела б на людзей…

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)