Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
А мяне ж тады чакалі мае вучні на кансультацыю перад першым экзаменам на атэстат сталасці. Яны ведалі, што я ніколі не пазніўся, а тут так доўга не было. Яны сядзелі ў расчыненых вокнах, а калі зразумелі, што я не сам іду, а мяне вядуць капітан і маёр у блакітных фуражках, выбеглі насустрач, разгубіліся ў недаўменні. Я ім паспеў кіўнуць і ўсміхнуцца. А калі адвозілі, яны доўга махалі рукамі, а дзяўчынкі плакалі. Праз многія гады мне расказвалі, як іх прапрацоўвалі па ўсіх лініях за «дэманстрацыю спачування ворагу народа». Дасужыя языкі зрабілі мяне шпіёнам, закінутым з самалёта, царскім афіцэрам, а пры цару мне было чатыры гады. Так прыкладна дзейнічалі і абвінавачвалі ўвішныя следчыя. I ўсё ж цвярозыя і сумленныя людзі не верылі паклёпам, але маўчалі.
То ўспамінаеш, то думаеш, то дрэмлеш, пакуль не тузане і не хіснецца наш раскалываны рыпучы грузавік. Пракінешся, зірнеш з-пад дзяружкі, над галавою пашарэлае неба, наўкол у густым інеі тайга, наперадзе — дарога ў невядомасць.
Калі добра змеркла, з пярэдніх машын пачуліся галасы і вясёлая гамана. Як гусакі з кораба, і мы павытыркаліся паглядзець, што там наперадзе. У змрочнае неба ўзнімаліся стаўбуны светлаблакітнага дыму, бялелі стрэхі, сям-там мільгалі слабенькія агеньчыкі. Ці не наш гэта прыстанак? Які б ён ні быў, хутчэй бы толькі вылезці, выпрастаць ногі, адагрэць душу пад чужою страхою, дзе ніхто цябе не чакае, дзе ты нікому не патрэбен.
Сяло доўгае, раскіданае, з шырокімі пустымі вуліцамі. I тут — ні садоў, ні прысад. Куды ні глянеш — платы і платы, няроўныя, абы-як скіданыя. Хаты пад землянымі стрэхамі, з маленькімі вокнамі. Спыніліся каля клуба, і ўсіх запусцілі ў доўгую цёмную будыніну. Чыркаем запалкі, каб агледзецца. На сценах суцэльныя плакаты з чырванатварымі і белазубымі даяркамі і трактарыстамі. У цэнтры вялікая карціна «Утро нашей Родины»: на фоне світальнага жытнёвага поля ласкавы задуменны генералісімус з перакінутым цераз руку плашчом. Столькі ў ім ласкі і дабраты, што адразу ўзнікае думка: каб ён ведаў пра наша гора, паспагадаў бы і адразу вызваліў бы.
Усе этапнікі шнуравалі па клубным калідоры — разміналі здранцвелыя ногі, панура маўчалі. У турме ў гэтую пару разносілі чай, а цяпер мы, знятыя з казённага харчавання, павінны дбаць самі пра сябе: самыя ашчадныя дагрызалі мёрзлыя скарынкі, у каго не засталося, прагна курылі. У баковачку малады хлопец панёс пад пахаю чырвоны абрус, а ў руцэ трымаў лямпу з закураным шклом. Неўзабаве за ім пайшлі мужчыны ў пімах, унтах, белых фетравых бурках, кажушках і кароткіх дохах. Зміцер Сцяпанавіч адразу здагадаўся: «Вось і купцы ідуць». А калі прайшоў з вялікім партфелем капітан у белым казённым кажушку, Кінаш кіўнуў яму ўслед галавою: «I пастух у нас ужо ёсць».
Мы з гэтым змрочным гумарыстам з Краматорска каторы месяц вандруем з турмы ў турму, прыцерліся, прывыклі, і ўжо не хочацца разлучацца. Ён у мяне пытае, якую я прафесію назаву. «Настаўнік», — адказваю я. «Ну і пойдзеш на ферму быкам хвасты круціць ды вазіць сілас. Толькі кажы — сталяр. Мы з Вацлавам падвучым і дзе трэба выручым. Галоўнае — будзем разам, пад дахам і ў цяпле». Неўзабаве пачалі выклікаць... З баковачкі выскаквалі даволі хутка панурыя і разгубленыя: караблебудаўнікоў і свяшчэннікаў, энергетыкаў і партыйных работнікаў адпраўлялі ў калгасы. Нічога іншага ў раёне не было — ні пільні, ні цагельні, ні млына, ні самай прымітыўнай электрастанцыі.