Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Споведзь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Споведзь

Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:

На споведзі гавораць толькі праўду. Прыспела пара i паэту Сяргею Грахоўскаму голасна паспавядацца перад сваімі сучаснікамі, расказаць пра пакутныя дзесяцігоддзі сваёй маладосці i сталасці, пра трагічныя лёсы сяброў i знаёмых — партыйных работнікаў, пісьменнікаў, артыстаў, вучоных i калгаснікаў, знішчаных i замардаваных у пару сталінскіх рэпрэсій. У кнігу ўвайпілі дзве аўтабіяграфічныя аповесці i вершы апошніх гадоў.
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 136
Перейти на страницу:

Досвітак халодны і туманна-сіні. На ўсходзе — задымленая злавесна кармазынавая палоска. З цяпла зноў высыпаемся на мароз, а на світанні ён асабліва люты. Над намі воблака пары. На доўгім аднапавярховым вакзале — заінелая шыльда, але можна разабраць: «Ст. Барабинск. Зап.-Сиб. Ж. Д.». А куды далей? Тут жа нас не пакінуць.

На прывакзальнай плошчы доўгая калона грузавікоў з белымі ад інею кузавамі. Маторы не глушаць, бо пасля не завядзеш. Шафёры ў кажухах, валёнках і калматых шапках пазіраюць на нас і толькі круцяць галовамі. Мы пакуляліся ў кузавы, а ў іх усё пхалі і пхалі, што не паварушыцца. Канваіры паселі ў кабіны. Колы грузавікоў правальваліся ў глыбокія выбоіны; каб не выкуліцца, мы хапаліся за барты і адзін за аднаго. Неўзабаве пачалася маўклівая, калматая ад іскрыстага інею тайга. Пры дарозе віднеліся вываратні, зламаныя сосны, дугою пазгінаныя пад цяжарам снегу тонкія бярозкі. Вандраванню нашаму, здавалася, не відаць канца. Наўкол тайга і тайга, ні прагаліны, ні сцежкі, ні аднае жывое душы, ні дымка, ні жывога гуку, толькі сям-там дарогу перакрыжавалі ласіныя сляды ды заечыя сцяжынкі.

Мабыць, кіламетраў праз трыццаць душа пачала прымярзаць да рэбраў. Мы з суседам па кузаве, а потым на ўсё жыццё верным другам Вацлавам Іванавічам з галавою ўкрыліся нейкаю дзяружкаю і, пакуль не задыхаліся, не вытыркалі носа. Выблісне сонца, тайга здаецца празрыста-ружоваю, нібыта адлітаю з хаатычна застылага срэбра.

Неспадзеўна над заінелымі верхавінамі тайгі ў чыстым небе ўзняўся блакітны слупок дыму і доўга не раставаў у вышыні. Усе адразу павесялелі, заварушыліся, пачалі выпростваць здранцвелыя ногі, здзіраць з павекаў іней і наледзь. Значыць — блізка прывал.

Машыны ўехалі ў доўгую, без адзінага дрэўца сумную вёску Пацюканава і, не глушачы матораў, спыніліся каля «Пельменной-чайной». Доўгая, прыземістая, з пабялелага ад часу кругляка хата ўрасла ў зямлю. Прыцярушаны снегам дах, як шчацінаю, зарос сухім бадыллем, каля коміна звесіў счарнелую галаву і лапушыстае лісце апруцянелы ад марозу сланечнік. Такія дахі — на кожнай хаце. Я дзівіўся, а шафёр растлумачыў: «Кровли-то земляные. В тайге живут, а избы берестой да дерном, по-здешнему пластом, кроют. Сказывают, теплее, ни дождь, ни гроза не пробьет». Тут я толькі зразумеў, чаму пашахонцы ў Салтыкова-Шчадрына цягнулі на страху карову пасвіць.

У чайной — воблакі пары. На куце кіпіць вялізны кацёл пельменяў. Іх, мёрзлыя і грымучыя, як каменьчыкі, засыпаюць у кіпецень з вялікага палатнянага меха. На сталах у сподках — чорны перац, у кантовых шклянках — закарэлая гарчыца. Разапрэлая буфетчыца, з тварам, як аблузаны бурак, налівае шафёрам гарэлку і накладае па сотні гарачых пельменяў. А мы туляемся па кутах, глытаем слінку і абдымаем закляклымі рукамі абабітую бляхаю грубку. Некаторыя прыбераглі рэшткі сухога пайка, разаграюць аж пабялелыя недаедкі пайкі хлеба, нехта просіць шклянку незаваранага і несалоджанага кіпетню.

Перадыхнулі, адышлі трохі ад холаду і зноў у дарогу. Цяпер пэўна ведаем — вязуць у Паўночны раён: болей па гэтай дарозе аж да самых Васюганскіх балотаў ніводнага раёна няма — адны вёсачкі ды заімкі.

Там нам і жыць. Колькі? Год, два, пяць, дзесяць? Ніхто не ведае, а начальства не кажа... У тайзе дарога асабліва траская. Па ёй ад першых маразоў да вясны шнуруюць сотні грузавікоў. Вывозяць збожжа «з глыбінкі». Летам па гэтых дарогах нават пасля дробнага дажджу не праехаць: колы грузнуць у чарназёмным жужалі па ступіцы, коням пад капыты набіваюцца слупы спрасаванага глею, што нельга ступіць. Каменя ў гэтых таежных мясцінах і знаку няма, брукаванкі і не сніліся нікому. Каб праехаць у бездараж, на дарогу валяць лясіны, выбоіны замошчваюць хлудам, і ўсё гэта патанае ў твані праз два-тры рэйсы. Цяпер маразы ўкавалі дарогу, вось і спяшаюцца вывезці ўсё з далёкіх сёл на элеватары. Машыны ідуць толькі калонамі. Адзін шафёр ніколі не рызыкне ехаць у завею або ў лютую сцюжу: перамяце дарогу ці сапсуецца машына — верная пагібель у бязлюднай тайзе.

Павольна, але ўсё ж мы калываемся да свайго загадкавага, невядомага прыстанку. Зноў шчыльна сядзім у кузавах. Холад працінае ад пятаў да цемя, дранцвеюць скурчаныя і некім прыціснутыя ногі. Выехалі досвіткам, ужо надвячорак, а нашага прыстанку яшчэ не відно і не чутно — тайзе і дарозе няма канца-краю. I чаго толькі не перадумалася на гэтым пакутніцкім гасцінцы: усё невыноснае, поўнае зняваг і пакут жыццё выгнанніка прайшло перад вачыма. А што чакае наперадзе? Адно нязбытнае пытанне не дае ніколі спакою: за што, чаму, навошта цябе, як быдла, як злодзея або забойцу, столькі гадоў запар некуды гоняць, вязуць, кідаюць з турмы ў турму, з этапу на этап, з адзіночкі ў карцэр? З карцэра — у людскі мурашнік перасылкі. Ты ж нікому і вока не запарушыў, дзіцяці не пакрыўдзіў, з маленства ведаў толькі адзін наш лад, толькі наш народ і хоць цяпер гатовы за яго сумленна аддаць жыццё, толькі без агіднай плямы, якою цябе знявечылі не абаронцы, а сапраўдныя ворагі народа. Ты ў іх руках і не давядзеш, што зусім не вінаваты. Ніхто не слухае, ніхто не верыць. Здзічэлыя апрычнікі праўдаю лічаць хлусню і паклёпы, а за чыстую праўду ставяць да сценкі або мардуюць па некалькі сутак. На каго яны працуюць да знямогі, да поту, каму трэба ахвяры самых сумленных і адданых людзей? Не знайсці ні логікі, ні адказу. Гэтыя пытанні не пакідаюць каторы год. Некаму было мала дзесяцігоддзя пакут, дык зноў ашальмавалі цябе і тваіх блізкіх, адарвалі ад дому, ад сям’і, ад родных сцежак і гоняць па гэтай маўклівай ледзяной тайзе ў невядомасць. Хочацца крычаць: «Людзі! Апамятайцеся! За што такія пакуты?» Не мне аднаму. I столькі нас на гэтай дарозе, а колькі ў гэтую хвіліну сядзіць у турмах, на перасылках, едзе ў таварняках і «сталыпінскіх» вагонах, ідзе пад канвоем у сваю невядомасць. I за што? Што там чакае, дзе прыхінеш галаву, што будзеш рабіць, каму ты патрэбен, падобны пракажонаму са званочкам, якога староняцца і цураюцца людзі. Ад думак можна звар’яцець. Адганяеш іх, хочаш узбіцца на іншае, а свідруе адно: як там сям’я, чым пакаралі яе, куды выселілі з казённай хаты, як там маленькая дачушка, што так і не зразумела, куды забралі і павезлі тату тым цёплым водарным майскім надвячоркам?

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 136
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)