Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 147
Перейти на страницу:

— Сядай, зараз скончым, — сказаў Адам. Слайды былі з «маіх» мясцін. Кладна. Дарога на Альшаны. Замак. Касцёл.

— Дзе гэта вы іх настругалі? — спытаў я, калі запалілі святло.

— Ды даўно ўжо, гады два як зняў, — сказаў Хілінскі, і я чамусьці не паверыў яму. Асабліва таму, што каля брамы замка не відаць было ахоўнай дошкі.

«Ой, круціш ты, Адам Пятровіч», — толькі й падумаў я.

Калі на стале з'явілася кава і тое, што да кавы, часам спажыўнае, а часам і не дужа, і мы ўжылі і тэго і другэго (ці овэго?), як кажуць браты-палякі, Шчука адкінуўся на спінку крэсла:

— Расказвай.

Я расказаў. На гэты раз нічога не скрываючы, аж да недарэчнасцей, да маіх начных кашмараў, да размовы ў леснічоўцы і да ўчарашняга нападу ў балацявіне. Відаць, раздражненне прарывалася ў маім голасе, таму што Шчука раптам сказаў:

— Лічыш, што мы тут «гаў!» ловім? І што мы ўвогуле, як шведы спяваюць: «Паліцыя, паліцыя — бульбянае пюрэ».

— Я толькі раз чуў, як спявалі шведы. Імчалі ў турысцкім аўтобусе. І спявалі, на жаль, не пра пюрэ, а па-расейску: «І-ван І-ва-на-вітш, І-ван І-ва-на-вітш энд містэр Шчука тоже э-ро-тыч-ный».

— Брэшаш.

— Ясна, што брашу. Спявалі: «Энд бе-ло-рус он тоже э-ро-тыч-ный».

— Добра, добра, не злуй… Та-ак, пачынае рабіцца горача. І канцэпцыі адзінай пакуль няма. З'ехаў бы ты адтуль, хлопец.

— Яшчэ чаго?! — абурыўся я. — Нехта вінаваты, а з'язджаць павінен я. У вас няма канцэпцыі, а я адказвай.

— Канцэпцыі няма. Затое, як мяркую, падазроных шмат.

— Вось і паспрабавалі б найбольш падазроных абмежаваць у дзеяннях. Паслаць некуды. А то дойдзе да гэтых вашых, як іх — пісталетаў, рэвальвераў, — тады позна будзе.

— Бывае, даходзіць і да пісталетаў.

Шчука раздражняў мяне. З гэтым яго падвойным хобі: чытаць дэтэктывы і здзекавацца з іх, і яшчэ ведаць назубок усю, якая ёсць і была на зямлі, зброю. Аж да шасцістрэльнага (круціліся рулі, а не барабан) рэвальвера бельгійскай сістэмы Марыет, вырабу 1837 г. І таму я быў несправядлівы:

— Рэвальверы… Слухайце, а вы ўмееце з імі абыходзіцца?

Пакасіўся на мяне:

— Не сумнявайцеся.

— Тады нічога, а то, бывае, пальне, сам не думаючы.

— Вы затое многае думаеце. І плачаце: «Ох, курку забілі», — нечакана суха працадзіў Хілінскі. — А я не плачу. Затое я ведаю іншае. Курцы, можа, пакуль і трэба быць засмажанай, а вось наконт твайго «абмежавання ў дзеяннях» — дык я вось ведаю, што абмяжоўваць не трэба, што чалавеку ні ў якім разе не трэба сядзець у турме, хай сабе і некалькі дзён.

— І такім?

— А раз ужо сеў — гэта няшчасце. І наш агульны позор, — ён чамусьці сказаў па-расейску «позор», а не «ганьба». Мабыць, так здалося мацней.

— Ну добра ўжо, досыць, — сказаў Шчука. — Я, уласна, чакаў цябе вось чаму.

Ён дастаў з блакнота малы квадрацік паперы:

— Гэта табе адрас і тэлефон Яраслава Мірашэўскага. Былы юрыст. Былы пракуратар у Кладна. І, самае галоўнае, не памятаю ўжо, ці ён, пракуратар акруговы, займаў у 1939 годзе, на працэсе Крыштофа Высоцкага, крэсла абвінаваўцы, ці ён тады саступіў гэтае месца свайму віцэ-пракуратару… Так што і без архіва павінен сёе-тое памятаць.

— Добра.

— Калі паедзеш?

— Ну-ну-у… заўтра ў мяне яшчэ тут сякія-такія… справы, — я ўспомніў аб прапанове Лыганоўскага і, цалкам для сябе нечакана, вырашыў, што паеду з ім. — Паслязаўтра — гэта напэўна.

— Ну, браце, тады табе шанцуе. І мы паслязаўтра машынай дабіраемся. Дакінем цябе да Кладна, а калі не затрымаешся надоўга і дужа папросіш, то дакінем амаль да Альшан. Перад самым мястэчкам у нас паваротка.

— Хто ды хто едзе?

— Я, Клепча, — відаць, ён заўважыў грымасу на маім абліччы і таму дадаў: — Ну і Адам вось збіраўся, здаецца, да цябе рыбу лавіць.

— Рыбы многа.

— Ну вось, — сказаў Адам, — дакінеце мяне да Кладна, пакінеце Антона, а я наступнага дня прыеду. Так, паверце, будзе лепей. Нешта і мяне, старога каня на пакоі з падвойным гарцам аўса, — гэтыя ножычкі ды дамы з манахамі зацікавілі. Можа, свежым вокам нешта і заўважу.

— А можа, і так лепей, — згадзіўся Шчука. — Ты ж не пры справе. Проста, можа, пагаварыць вечарам, з вудачкай пасядзець. Хай лішніх размоў не будзе.

Мы зварылі свежай кавы, але падумалі, што гэтым напэўна заробім сабе бяссонніцу, калі да «гэтага» не дадаць па малому каньяку, і сядзелі цяпер вакол нізенькага стала, як тры пенсіянеры, якія дастойнай работай заслужылі сабе дастойную пенсію і зараз кейфуюць, але ўсё аніяк не могуць забыць «дела давно минувших дней» і «битвы, где вместе рубились они», хаця ніхто ўжо на новыя бітвы іх не кліча.

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)