Вечар
- Автор: Дударев Алексей
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Драма
Электронная книга - «Вечар». Краткое содержание книги:
У «неперспектыўнай» вёсцы Вежкі засталіся толькі трое старых — Ганна, Васіль Мульцік і Мікіта Гастрыт. Па-рознаму прайшло іх жыццё. Ганна ўвесь час, як і Мульцік, працавала на зямлі. Ні адпачынку, ні радасці не ведала. У вайну і пад бомбамі ляжала, і ў сваей хаце гарэла, траіх дзяцей пахавала за адзін месяц. I апошні сын Віцёк нейкі няўдалы атрымаўся — цягне лес у турме. Але Ганна не азлобілася на жыццё. Яна толькі стомлена думае: «Рабіла, рабіла, рабіла; а на гэтым свеце няма чаго пакінуць. I нашто нарадзілася?». Навошта нарадзіўся, ведае Мульцік. У яго таксама нялёгкі лес. Ён «тры вайны адпляскаў, піабляй махноўцы секлі, кулакі ў трыццаць другім цвікамі да крыжа прымалацілі, на фінскай ногі адмарозіў, у партызанах немцы расстрэльвалі, потым ваяваў — два разы параніла, тры разы кантузіла. I гэта яшчэ не ўсё! Двух дзетак за вайну пахаваў, і ніпічымніца пасляваенная была, і хату пярун паліў, і карова здыхала, і жонка памерла, і сын апошні гадоў пяць пісем не піша».
Васіль. Ідзі. Пытайся.
Ганна пайшла. Васіль і Гастрыт касавурацца адзін на аднаго.
Гастрыт. Ну за што? За што ты мяне, Васіль, так ненавідзіш?
Васіль. Кінь, Мікіта… Не ўмею я ненавідзець…
Гастрыт. Добранькі, значыцца… Хіба можна ў гэтым свеце без нянавісці пражыць?
Васіль. Можна…
Гастрыт. Нянавісць і святая ёсць…
Васіль. Святое ў жыцці толькі святло, цяпло, любоў і зямля…
Гастрыт. Поп ты…
Васіль. Васіль я…
Вяртаецца Ганна. Старыя чакаюць адказу.
Ганна (выцершы ражком хусткі вочы). Дазволіў… (Пасля паўзы.) З табой, Васіль, жыць буду…
Гастрыт (блазнавата і горка ўсміхаючыся, пляскае ў далоні). Гор-ка! Гор-ка! Гор-ка!
Дзея другая
Хата Васіля. Звычайная, як і ўсе іншыя хаты. Усё ёсць, што трэба: стол, табурэткі, печ, старэнькі тэлевізар, радыё, фотаздымкі ў рамачках на сцяне. Ганна тупае каля печы. Чырвоныя водсветы полымя скачуць па старэчым твары. Раніца.
Ганна (падышла да акна, кліча). Васіль! Хадзі снедаць… (Дастае з печы патэльню, на якой шквырчыць яешня, і проста на чапяле нясе яе да стала. Паставіла, рэжа хлеб, прыносіць з сенцаў збанок малака, кладзе відэльцы, ставіць кружкі. Чакае. Потым зноў падыходзіць да акна.) Ці чуеш ты там? Сонца не патухне, а яешня прастыне…
Праз хвіліну ўваходзіць Васіль. Распранаецца, нетаропка мые рукі над вядром каля парога.
І з кім сёння размаўляць? Хмары на небе…
Васіль. З хмарамі размаўляў…
Ганна. На дарогу ты глядзеў… Стаяў і глядзеў… Бачыла я…
Васіль (крэкнуў). Мерзне зямля… Калі снегам за гэты тыдзень не прыкрые — вясной не нап'ецца ўдосталь… Па мёрзламу ўся вада ў раўкі сыдзе… Засмягне летам… Слабы колас будзе…
Ганна. Садзіся, еш… Во яешня, дранікі… Гуркі…
Васіль сядае.
Васіль. А ты?
Ганна. А я каля печы нанюхалася… Пагляджу, як ты есці будзеш…
Васіль. Дык ты еш і глядзі.
Ганна. Ай!
Васіль (голасам гаспадара). Сядзь, я табе сказаў!
Ганна сядае. Снедаюць. Ганна раптам ціха засмяялася.
Ганна. Добра замужам усё-ткі…
Васіль. Аёечкі!
Ганна. Ты во крыкнуў — яно і добра… На мяне ж Піліп аніводнага разу голасу не падняў… Да вайны колькі мы там пажылі… А пасля… хварэў, асколкі ў сэрца калолі… Ніводнага разу не крыкнуў. А на бабу іншым разам і трэба… Весялей неяк…
Васіль. Можа, цябе і паганяць калі для весялосці?
Ганна. Не. Ганяць не трэба, а крыкнуць — крыкні іншым разам…
Васіль. Крыкну.
Ганна. Трэба было нам раней сысціся… Чаго не казаў?
Васіль. Саромеўся.
Ганна. А бо-о-о… У нашых гадах саромецца?
Васіль. Ды любіў я цябе трохі маладым…
Ганна. Ідзі ты!
Васіль. Што ідзі ты? Па табе ж увесь сельсавет сох… Каса была — утрох павесіцца можна…
Ганна. Была…
Васіль. Да гэтага часу дзіўлюся: такія хлопцы вакол тапталіся! Я таптаўся… Ніхто не думаў, не гадаў, што Піліп цябе акруціць, усім дарогу перабяжыць… І як ён цябе ахмурыў?
Ганна. Аніяк… Памятаю, на Купалле збіралася, а ён прыйшоў да нас у хату і бразь перада мной на калені! Ды як заплача! Ганна, кажа, ратуй! Не пойдзеш за мяне — сэрца лопне ад болю… І так мне яго шкада стала… так шкада, што тым жа вечарам і пайшла за ім па купальскія кветкі ў Чысты лог… Там ён маю касу і расплёў… Наліць малака?
Васіль. Налі… (Разважліва.) Так яно, мабыць, трэба…
Ганна. Што?
Васіль. Усё…
Снедаюць. Ганна ўстала.
Ганна. Пайду ў сваёй хаце печ прапалю…
Васіль. Нашто?
Ганна. Хата павінна цёплай стаяць. Холад у яе грэх пускаць.
Васіль. Ідзі.
Ганна (падышла да дзвярэй). Васіль…
Васіль. Што?
Ганна. Ты мне ўсё ж праўду скажы: ты тады пісаў радзіву, каб мне гусей праспявалі? Толькі праўду…
Васіль (злосна). Ну што ты з ёй будзеш рабіць! Паўгода я ёй — адно, яна — другое! (Замахаў рукамі.) Ну, я, я! Няхай буду я, калі табе лягчэй жыць ад гэтага! Ідзі!