Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » На крок назад, на дзень наперад
На крок назад, на дзень наперад - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

На крок назад, на дзень наперад

Электронная книга - «На крок назад, на дзень наперад». Краткое содержание книги:

“Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой” (У. Караткевіч). Апавяданьні, зьмешчаныя ў кнізе Сяргея Календы “На крок назад, на дзень наперад”, былі напісаныя ў розных гарадах, нават у розных краінах, але неба гэтых твораў — неба Беларусі, неба, якое адлюстроўваецца ў водах Сьвіслачы, неба з шэрымі менскімі вясёлкамі й… Шчырасьць, якая часам мяжуе зь непрыстойнасьцю, зрываецца на крык, але пры гэтым застаецца кранальнай, бо перадусім застаецца праўдай. Ёсьць рэчы, пра якія не прынята казаць услых.
Ёсьць рэчы, ад якіх немагчыма пазбавіцца, не сказаўшы пра іх. Ёсьць рэчы, якія… ёсьць, нягледзячы ні на што.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 15
Перейти на страницу:

Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў... Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы — у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.

Першая суседка па парце, якая кожны дзень паказвала мне, як рыбка заплывае ў пячорку (указальным пальцам тыкала ў кулак, пахабна так, з намёкам)... Я чырванеў, але ня надта каб саромеўся... Звалі яе Наста, а прозьвішча ў яе было дзіўнае — Маргалік, калі чытаць яго з канца, атрымлівалася "кілаграм". Яна й выглядала на кіляграм, худзенькая, сьветлавалосая... Мне зь ёю падабалася сядзець, нават была нейкая дзіцячая сымпатыя да яе, нягледзячы на тое, што я ўжо быў закаханы ў Вольгу Белую, страйнюткую высокую дзяўчынку з блакітнымі вачыма...

Першы квадратны заплечнік са штучнай скуры, які моцна ціснуў на плечы скрозь чорнае футра, дакладней, чорны кажух, якога я жах як саромеўся... Кажух калоўся й не даваў волі рухам, быў стары й падраны, месцамі перашыты й паедзены мольлю.

Першы сіні гарнітур і калготы, якія бацькі прымушалі апранаць узімку... Пакуты працягваліся на фізкультуры ў распранальні: здымаеш сінія штаны, а там — калготы... Рогат мусіў стаяць па ўсім пакоі, але... усе здымалі штаны й стаялі ў калготах — з каго тут сьмяяцца.

Я ненавідзеў фізкультуру за тое, што мы гулялі ў "Фігура замры", гаўняную гульню, якая пачыналася са словаў: "Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три, морская фигура замри". Я, ляць яго, ніколі не пасьпяваў "застыць", як належыць, і кожны раз прайграваў у самым пачатку... Лепей бы ўжо давалі гуляць у футбол альбо баскетбол... Трэ' адзначыць, што ў "Фігура замры" кожны раз перамагала Вольга, і гэта мяне яшчэ больш злавала.

Таксама я, як і большасьць дзяцей, марыў быць акторам, здымацца ў кіно, граць у тэатры... Таму, калі на калядным ранішніку адзін з удзельнікаў прадстаўленьня для бацькоў захварэў, я, нават не разважаючы, пагадзіўся заняць яго месца, ня ведаючы да апошняга, што трэба будзе рабіць... Так я апынуўся сракаю каня... Разьвітальная песьня "Дадому, дахаты" мусіла выконвацца пад выдатны танец каня, які складаўся з двух дзяцей, накрытых карычневым пледам, мой аднаклясьнік быў перадам, трымаў галаву каня на палцы й вырабляў штукі пярэднімі "капытамі", я, у сваю чаргу, трымаючыся за талію хлопца, упёршыся галавою яму ў азадак і сагнуўшыся долу, ледзь пасьпяваў перасоўваць ногі... На наступны дзень я адмовіўся быць акторам і па традыцыі, заведзенай з часоў Гагарына, пачаў марыць пра касманаўтыку, якая, я быў упэўнены, ніколі б не прымусіла мяне быць сракаю каня.

У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.

У нашым асяродзьдзі нават зьявілася першая багатая дзяўчынка, яна распавядала, як езьдзіла ў Баўгарыю. Гэта для нас было такім далёкім і неверагодным... такім жаданым і незразумелым... ажно захоплівала дыханьне. Баўгарыя на той "фанцікаўскі" час была Мэккаю для заможных беларусаў... Ганна сябравала са мною, бо я ганяў Рыгора, які зьдзекаваўся зь яе, маляваў карыкатуры, падкрэсьліваючы ейную паўнату... Ганна мне шмат чаго распавядала й давала гуляць пасьля ўрокаў зь "вясёлкай"...

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 15
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)