Задарожжа
- Автор: Іпатава Вольга Міхайлаўна
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Задарожжа». Краткое содержание книги:
Вольга Іпатава вядома беларускаму чытачу перадусім як празаік, аўтарка гістарычных аповесцяў і раманаў. «Задарожжа» - зборнік вершаў, дарэчы, не першы на творчым шляху пісьменніцы. Як паэтка Вольга Іпатава дэбютавала ў 1969 годзе зборнікам «Раніца». У «Задарожжы» сабраныя вершы апошніх гадоў. Лірычныя, гістарычныя, грамадска-публіцыстычныя вершы. У зборніку знойдзем вершы-роздумы, вершы-прысвячэнні, вершы-заклікі, вершы-рэтраспекцыі. Асобна выдзелены цыкл «Эмігранты». Тут сабраны вершы, прысвечаныя Янку Запрудніку, Барысу Кіту, Лявону Мурогу, Васілю Мельяновічу, Вітаўту Кіпелю, а таксама іншым прадстаўнікам беларускай эміграцыі. (Н.Г.)
Перейти на страницу:
Мне Вітаўт падарыў хусцінку — сінь з ліловым,
Бо сонца коле голкамі ў галовы
Сярод нью-ёркскіх хмарачосаў- глыбаў.
...Хусцінка ў пальцах слізгаціць, як рыба.
Трапеча, быццам хоча пад нябёсы
Падняцца — над галоўным хмарачосам
I плысці над Амерыкай, якая
Нібы пад залатым дажджом Даная
Магутная, ляжыць... Спляліся кроны
Нібы карункі — ёй убор зялёны.
Тут, дзе яна калоссем высцілае
Свае палі ад краю і да краю,
Дзе праступаюць скрозь, як палімпсесты
Індзейцаў словы — мова ж знікла дзесьці —
Другая мова, як зярняты ў храме,
Схавалася — і аджыла між намі.
Амерыка! За іх, каго прымала...
Славянскае крыві ў табе нямала.
I на тваіх аздобах, як краёчак
Другой зямлі — наш сіні васілёчак.
Яму хапае месца тут, а там
Ў чужыну гналі, руйнавалі храм...
Маўчу!
I сын, і лёс на той зямлі...
...Хусцінка, ты мне сэрца не палі.
Я ўжо не бесклапотная паэтка —
Касмічных з'яў удзельніца і сведка,
Калі збываецца: „I аз уздам
За ўсё — за мову, за зямлю і храм."
Крычаць не буду:"Я не вінавата!"
Вяртаюся —служыць для роднай хаты.
А тут — вясёлай, лёгкай, як пушынка
Усё ж была.
Нясі мяне, хусцінка!
А вы... Хай і далей паможа Бог
На родны не забыцца свой парог!
Нью-Ёрк
Перейти на страницу: