Чамяры і чамяроўцы
- Автор: Чыгрын Сяргей
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Кнігазбор
- Жанр: История
Электронная книга - «Чамяры і чамяроўцы». Краткое содержание книги:
Бібліятэка за кароткі час свайго існавання мела больш за тысячу тамоў. Былі там амаль усе беларускія кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні, творы рускіх пісьменнікаў, а таксама польская класіка — Міцкевіч, Славацкі, Сянкевіч. “Зрабілася неяк весялей і ўтульней. Што ні кажы, хоць невялікая, але свая бібліятэка. Такога ў сяле ніколі не было. Цяпер да нас наведваліся нават тыя, хто ледзь ведаў літары. Прыходзілі і з хутароў. Проста цікавіліся, што такое робіцца ў гэтай бібліятэцы. Памятаю, зайшла пажылая кабета. Спыталася:
— Казалі, тут е гэдака кніжка, што вельмі справядліва пра нас піша: нейкі Хранцішак ці што яе напісаў. Фамілію, далібо, забылася.
— Францішак Багушэвіч?
— Во, во, ён!
— Дык вы ж, цётка, чытаць не ўмееце.
— А мне ўнучак пачытае, ён — як рэпу грызе.
Прыйшлося даваць цётцы “Дудку беларускую”. Васіль Разомчыкаў дазнаўся недзе пра жыццёвы шлях Якуба Коласа. Заходзіць у бібліятэку і адразу:
— О гэто-то пісацель, цара не пабаяўся.
— Хто, дзядзько, не пабаяўся?
— Якуб Колас — вось хто. У цюрме сядзеў. Бо праўду піша.
Здараліся, як у кожнай справе, і канфліктныя сітуацыі. Убягае аднойчы цётка і на ўсю хату:
— Зачыняйце, мусіць, гэту вашу кнігарню. Чытакі пазнаходзіліся.
— Што з вамі, цётко? — здзівіўся я.
— Як што? Оньдзека мой завала як унурыцца ў гэто вашо чытанё, то пра ўсё забывае, газы не наўмеешся. Да чаго гэта дойдзе, га?
Яе мужык Лукаш такі і праўда любіў кніжкі і многа чытаў. Гаспадар ён быў не сказаць, каб кепскі, і, вядома, не мог за кніжкаю забыць пра тое, што трэба, напрыклад, каню ці карове даць. З раўнавагі цётку вывела, відавочна, тое, што газа без дай прычыны гарыць. Трэба сказаць, што газа такі была дарагая: літр яе каштаваў шэсцьдзесят грошаў. Прадаўшы пуд жыта, можна было купіць усяго тры літры газы. Вельмі дарагія былі і іншыя тавары першай неабходнасці. Кілаграм солі каштаваў, напрыклад, 35 грошаў, а цукру — адзін злоты сорак грошаў, мыла — адзін злоты семдзесят грошаў. Дзе ж тут накупляешся.
Такіх сутычак вакол бібліятэкі было, вядома, няшмат, а калі яны і ўзнікалі. Дык заўсёды вырашаліся, як кажуць, шляхам перагавораў. Другая жонка, бывала, пасварыцца, ды сціхне! Тым часам бібліятэка ўпрыгожыла жыццё чамяроўцаў. Кнігі, газеты далі новы штуршок росту свядомасці людзей, раскатурхалі іх, памаглі ўбачыць больш, разумець лепш.
Існавала бібліятэка амаль год. Расла, багацела. Кніжкі ўжо не змяшчаліся ў адной скрыні, і бацька зрабіў другую. Да бібліятэкі прывыклі старыя і малыя. Ужо нават і вельмі сварлівыя гаспадыні не лаялі сваіх мужыкоў за тое, што “дарма смаляць газу”. Ніхто не прыходзіў з патрабаваннем закрыць “гэты вашу кнігарню”.
Затое зусім нечакана з’явіліся іншыя “госці” — у сініх мундзірах. Здарылася тое самае, што і са школай. Па загаду павятовых уладаў паліцэйскія аб’явілі, што бібліятэка закрываецца. Яны забралі абедзве скрыні з кнігамі, паклалі іх на воз і патарахцелі недзе ў горад. Чамяроўцы маркотна глядзелі ім услед. Даведаўшыся, што здарылася, Васіль Платонаў усміхнуўся.
— А што я казаў? Пацешыліся трохі, і годзе. Каб вельмі граматнымі не парабіліся. Навука, браце, не для мужыкоў.
І ўсё ж бібліятэка, як і школа, пакінула ў жыцці вёскі добры след. Кніжкі ўсё больш уваходзілі ў побыт людзей”. [11]
У час ліквідацыі Чамяроўскай бібліятэкі імя Якуба Коласа некаторыя беларускія кнігі не трапілі ў паліцэйскія мяшкі. Асабліва ў прыватных сховішчах вяскоўцаў захаваліся творы нашых драматургаў. Па іх мясцовая моладзь пачала ставіць у вёсцы спектаклі. Рэпертуар быў даволі шырокі. Найбольшым поспехам карысталася “Паўлінка” Янкі Купалы. Самадзейныя чамяроўскія артысты пры размеркаванні роляў стараліся адхіліць ролю пана Быкоўскага. Ну, а калі хто яе браў, то іграў па-сапраўднаму смешна і праўдзіва.
Добра прымала публіка спектаклі па п’есах Уладзіслава Галубка і Францішка Аляхновіча. Большасць беларускіх спектакляў ставілі ў прасторных гумнах. Пры жыцці паэт Анатоль Іверс (1912-1999) успамінаў і мне часта расказваў, што не так цяжка было падрыхтаваць спектакль, як атрымаць дазвол на яго пастаноўку ў пана павятовага старасты. А часам і дазвол не вырашаў справы. Яшчэ для гэтага існавала паліцыя, якая знаходзіла безліч прычын, каб забараніць вечарыну. Адной з прычынаў забароны, напрыклад, магла быць пры ўваходзе ў гумно адсутнасць дзвюх бочак з вадой і мётлаў на ражнах. Гэта лічылася захаваннем супрацьпажарнай бяспекі. Супрацьпаказана была і салома ў гумне. Але вясною рэдка ў якога гаспадара ляжалі ў гумне сена ці салома.
11
Міско Якуб. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983. С. 42-43