Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Палеская элегія
Палеская элегія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Палеская элегія

Электронная книга - «Палеская элегія». Краткое содержание книги:

Мікола Купрэеў (1937 – 2004) – вандроўны паэт з Айчынай у «жураўліным сэрцы». «Палеская элегія» – пасмяротная кніга пісьменніка. Аповесці, сабраныя пад адной вокладкай, – гэта яго мастацкая аўтабіяграфія. Пісьменнік, які воляй лёсу амаль ўсё жыццё адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў школах Палесся, які ўздоўж і ўпоперак зведаў гэтыя мясціны як краязнаўца, вельмі тонка вывучыў своеасаблівую натуру палешукоў з іх непаўторным укладам жыцця, звычкамі, светапоглядам. Таму вобразы купрэеўскіх герояў надзвычай каларытныя, як і асоба самога аўтара, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі не толькі «светлае імгненне», але і бяспрыкладную любоў да роднага краю. А кніга ў цэлым – гэта светлая споведзь сірочай душы пасярод агульнай адзіноты, скоранасці і сумненняў.
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 138
Перейти на страницу:

Разлік мой быў дакладны: інтэлігентна апрануты, пад галыптукам, гаворыць па-беларуску — няйначай нейкі карэспандэнт... Буфетчыца ўсё-ткі падазрона зірнула на мой лоб, але хуценька пайшла ў бакоўку, вярнулася да прылаўка з пакункам, зважыла... У калідоры я аддаў кілбасу даярцы.

   —  Гэта ж я за паўгода па дзве тысячы надаіла, — сказала на развітанне кабецінка, на імгненне задумалася, як нешта ўспамінаючы,— ага, успомніла: — Ад кожнай каровы сваёй групы...

I пайшла да выхаду з Дома, пайшла хуценька, амаль подбегам, лёгенькая, сухенькая І, мабыць, шчаслівая: і перадавая даярка яна, і на раённай нарадзе была, і па гэткім вялізным, светлым, бо амаль увесь у шкле, вестыбюлі ідзе, і такая тут падлога ў клетку, а дзверы ледзь-ледзь адчыніш, а якія прыступкі высокія — Божачка мой! — ні разу па такіх прыступках не ўзыходзіла і не сыходзіла, і над галавой такія словы: «Привет...», а перад гэтым Домам, на плошчы, з трубак вада цурчыць уверх, на сонцы вада блішчыць і падае вясёлымі пырскамі ўніз — у шырокія, круглыя, бетонныя начоўкі, і яна яшчэ купіць у краме малым унукам абаранкаў, а да абаранкаў — бутэльку ліманаду, — ой, як добра жыць, людцы мае, што б там ні казалі ампералісты...

Я прайшоў за кабецінай, бачыў праз шкляныя дзверы: яна сапраўды спынілася на верхняй прыступцы, паглядзела радасна на фантан, і, здаецца, нават сляза шчаслівая з яе вачэй упала на шэры бетон. Я хацеў ужо выйсці з Дома і пастаяць, хоць крыху сёння пастаяць ля чужога шчасця, але ўспомніў-схамянуўся: на прыём трэба...

Паэт у сумцы маўчаў але я чуў яго цяжкое, натужнае дыханне — як хрыпенне, але ціхае. Перад дзвярамі прыёмнай сакратара па ідэалогіі я шапнуў яму: ты ж там, глядзі, маўчы, не гаўкай.

У прыёмнай за столікам, перад пішучай машынкай сядзела маладзенькая белавалосая дзяўчына, пад сталом — аголеныя вышэй каленяў ногі. Усе яны і ўсюды падобныя, гэтыя сакратаркі-машыністкі. Ветліва запрасіла мяне сесці і нават прыгожа ўсміхнулася, сказала, што «ён» скора прыйдзе, што «ён» ужо быў, што, мабыць, гэта пра мяне «яму» званілі. Ужо нізкаватае, бо далекавата за поўдзень было, сонца біла промнямі проста ў акно прыёмнай, у пакоі пахла духамі, касметыкай, але раптам з сумкі панеслася зусім іншымі, як кажуць — альтэрнатыўнымі, пахамі: Паэт там паціху рабіў сваё. Ды, здаецца, сакратарка нічога не ўчула. Я сядзеў у мяккім крэсле, у кутку стаяла этажэрка з газетамі і верхняй ляжала раённая газета «Шлях да камунізму». Я ўзяў яе, кінуў позіркам па першай старонцы — па загалоўках, па першых словах інфармацый: «Стаўшы на працоўную вахту ў гонар...», «Паспяхова выконваюць узятыя сацыялістычныя абавязацельствы...», «Першымі выканалі план другога квартала...», «Штодзённы клопат пра датэрміновае выкананне планаў праяўляюць...». Якое нудоцце! I за гэта, за гэтую шэрасць, можа, давядзецца і мне трымацца? Навошта мне ўсё гэта трэба? З-за вечнай нейкай маёй неўтаймаванасці — скрушнага жадання нечага новага? От выйсці б зараз на ганак Дома — можа яшчэ стаіць там кабецінка тая? I стаць побач і глядзець разам з ёю туды, куды глядзіць яна — на вясёлыя, залацістыя пад сонцам пырскі фантана? I радавацца разам з ёю?..

Але — позна. Дзверы прыёмнай шырока расчыніліся — і ўвайшоў «ён». Я ўстаў з крэсла. Ён інтэлігентна, з нахілам галавы, прывітаўся са мною, спыніўся пасярод прыёмнай, пералажыў чорную скураную папку з рукі ў руку, павярнуўся да мяне і сказаў:

— Вы — Кухарев?..

Ён меўся яшчэ нешта сказаць, але Паэт не даў: раптам мой сабака там, у сумцы, ля маёй нагі, гаўкнуў — першы раз слаба, потым мацней, а пасля яшчэ мацней. Сакратар ніколькі не здзівіўся, быццам і чакаў гэтага сабачага брэху. Ён зачыніў за сабою дзверы кабінета... Тыя дзверы былі абабітьм чорным дэрмацінам.

Паэт сціх, і цішыня ў сумцы здалася мне надта падазронай. Я хуценька схапіў сумку і амаль выскачыў — з прыёмнай у калідор, з калідора ў вестыбюль, адтуль на вуліцу, на плошчу — той кабецінкі нідзе ўжо не было — бегам абагнуў вуглы Дома, паставіў сумку на лаўку расхінуў яе: Паэт ляжаў дагары, пярэднія лапы склаў на грудзіне, вочы былі шырока адкрытыя, і ён глядзеў паверх мяне, некуды ў неба. Ружовы жывоцік не дыхаў. Я закрыў Паэтавы вочы, зашпіліў сумку.

Потым я стаяў і думаў: зусім нядаўна тут, на лаўцы, перад візітам у Дом — чаго мне не хацелася рабіць і што хацелася зрабіць? Успомніў: ну мне ж не хацелася ісці ў Дом і я хацеў падысці да тых пахіленых назад і ўправа металічных слупоў і выпрастаць іх — як жа так, пабыў у некалі сваім гарадку і не пакінуў тут хоць якога добрага следу, ды й сорамна мне як патрыёту: па шашы йдуць і йдуць машыны з Масквы на Варшаву і з Варшавы на Маскву — міма гэтак скурожанага транспаранта... Я ўзяў сумку, пайшоў туды, азірнуўся па баках: людзі, хаця й рэдка, ішлі тратуарам. А мне было ўжо ўсё адно. Я падставіў плячо пад крайні, справа, слуп, напяўся, яшчэ напяўся — і слуп выпрастаўся. Потым я падставіў плячо і гэтак жа выпрастаў сярэдні слуп, і бляха, хаця й не зусім, разгладзілася, літары слова «коммунизма» занялі свае месцы, нават, здаецца, павесялелі, бліскуча-жоўтыя ў жоўтых промнях сонца. Ля блізкай агароджы я ўбачыў даволі ладны камень, узяў яго і стаў біць, утрамбоўваць зямлю вакол слупоў. Для пэўнасці я яшчэ раз добра ўпёрся плячом у крайні слуп, але тут раптам нехта палажыў мне на тое плячо цяжкую руку. Гляджу: перада мною стаіць «мой» рыжавусы міліцыянер. Ён моцна сціснуў мне плячо і злосна — нарэшце не вытрымаў — сказаў:

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 138
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)