Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Так і жывём, брат - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Так і жывём, брат

Электронная книга - «Так і жывём, брат». Краткое содержание книги:

У кнігу ўвайшлі лепшыя апавяданні і аповесці пісьменніка Васіля Ткачова – лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, прэміі імя Васіля Віткі і расійскай прэміі Баяна. Пераважная большасць твораў – пра людзей, якіх у народзе мы называем “дзівакамі”, аднак без іх, як лічыць аўтар, не такім цікавым было б наша супярэчлівае жыццё. З цікавасцю пазнаёміцца чытач таксама з аповесцямі “Участковы і фокуснік”, “Гульня”, “Пост” і “Да неба камень не дакінеш”. Пісьменніка цікавяць характары шчырыя, сумленныя, здольныя з адказнасцю жыць і працаваць. Усе героі гэтага аўтара нясуць у сабе багаты свет дабрыні і адданасці бацькоўскаму куту, вернасці роднай беларускай зямлі. Адзін з крытыкаў назваў Васіля Ткачова майстрам сюжэта. У гэтым можна пераканацца, пазнаёміўшыся з яго новай кнігай. 
1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 175
Перейти на страницу:

... З гэтым пакецікам неўзабаве і выйшаў ён ад настаўніка. Не, выляцеў, бы верабей са шпакоўні, шпарка, не азіраючыся, пашыбаваў да пунькі, сігануў без лесвіцы на гарышча, зашыўся ў сена і ляжаў там, пакуль не сцямнела.

Назаўтра ранічкай, першым рэйсам, Колька паехаў у горад. Хто ведае, можа, шукаць тую газету з аб’явай, дзе, як сам вычытаў, нейкі дзядзька напрошваецца даваць кансультацыі...

А ў вёсцы ішло сваё жыццё. Сяргей Кірылавіч штодня хадзіў у лес па грыбы – урадзілі, не абмінаць жа. Бабка Антося няпутную курыцу не загубіла, хоць і клялася, а толькі шукала гняздо, выгледжвала і на гарышчы – лазіла туды звычайна ў канецы дня, а лесвіцу падтрымлівала Лідка. Аднаго разу яна спусцілася на зямлю не з яйкамі, а з бутэлькай, здзівілася: чыя?

– Вось гэта курыца ў цябе, Антося! – смяялася да слёз уваччу Лідка. – Што нясе, халера, замест яек! А ты хацела ўжо яе прыпуціць. Прадай мне!

Пасмяяліся бабулі, парадаваліся знаходцы, паразважалі, як бутэлька магла апынуцца на гарышчы, ды і годзе на тым сказалі. А гарэлку вярнула Антося ў магазін. Грошы паклала ў куфэрак: «На хлеб і цукар. Дзякуй таму чалавеку, які паклапаціўся...»

Пра Кольку яна і не падумала.

БУБЕН

У Аркашкі не было свайго бубна, ды і наўрад ён мог быць у гэтага хворага чалавека, калі Ганна, яго матка, сыну ў мясцовай краме купляла толькі зрэдку цукеркі, печыва, а з горада прывозіла такую-сякую просценькую апранашку: бедна жылі, на дзве сціплыя пенсіі – Ганніну і сынаву. Аркашка, відаць, ніколі і не прасіў Ганну: купі бубен. Не ж, канешне. Ён увогуле моўчкі прымаў ад яе ўсё, што яна яму давала. Еў, піў, насіў... І тым быў ашчасліўлены. Не, не павінна быць, каб ён хоць раз заікнуўся пра бубен. Ды яна б, Ганна, і паабяцаць не паабяцала, і купіць не купіла б, хоць і папрасіў бы сын – кожная капейчына на ўліку, на хлеб ды селядзец: не раскашуешся. Ды і дзе яны, тыя бубны, прадаюцца? Ды і ці прадаюцца? Іх жа, мусіць, майстравыя мужыкі робяць – у вёсках, гарадах. Для сябе. Як рэшата, дугу, плужок. Але калі якая гулянка ў Беражках – вяселле, хрэсьбіны, уваходзіны – мясцовы музыка разам з гармонікам абавязкова прыхопліваў і бубен. Бубен – для Аркашкі. Ён жа заўсёды прыходзіў на такія мерапрыемствы без запрашэнняў, яго ўжо быццам бы і чакалі, мясцілі куды-небудзь на ўскрайчык лаўкі, налівалі келіх-другі, ён выпіваў і закусваў, не выпусціўшы на свет ніводнага слова. Толькі соп, калі еў. І сачыў за гарманістам. Той выбіраўся з-за стала – за ім ішоў і Аркашка, сядаў ад яго з правай рукі, вывуджваў з халявы чобатаў – Ганна чамусьці аддавала перавагу зімой і ўлетку гэтаму абутку, а мо і сам ён – палачку, выструганую самаручна, таму крыху нязграбную, каравую, і ў яго атлусцелай левай руцэ пачынаў уверцюру бубен – спярша трымцеў-звінеў мініяцюрнымі бразготкамі над Аркашкавым вухам, а потым, бытта жаўранак, адспяваўшы ў высі, камячком кідаўся на зямлю, – так і бубен: у правай руцэ падпільноўвала яго палачка, неўзабаве яна краналася нацятага – як звон! – скуранога палатна, і тады Аркашка, прафесійна схіліўшы галаву на бок, выстукваў на бубне самыя розныя мелодыі, і ніхто не помніць, каб калі-небудзь гарманіст папракнуў яго за фальш. У гэтай справе Аркашка быў маэстра, таму рэдка хто цягнуўся за бубнам, калі той быў у ягоных руках. Мо толькі п’яны які. Але што з яго, асалавелага, возьмеш? Цікава ж – Аркашка даваў бубен моўчкі і пакорліва, а сам перасядаў ад гарманіста або стаяў крыху паводдаль, каб бубен і гармонік былі блізка, поруч, і абыякава, здавалася, назіраў за людзьмі, што калываліся ў танцы. Але без справы заставаўся звычайна ён зусім мала: знаходзіўся нехта, хто абавязкова крыкне:

– Аддай бубен Аркашку!

Іншы дабавіць да гэтых слоў: «Партач!»

Тады Аркашка моўчкі падыходзіў да свайго законнага месца, лавіў у паветры руку з палачкай, вылузваў яе, забіраў і бубен. «Людзі сказалі: аддай...» І зноў схіляў галаву на бок, шавяліў ў роце языком – у такт музыцы, прытупваў чобатам, і да кропелек на расчырванелым твары выбіваў-выстукваў з гэтага немудрагелістага бубна нешта жывое, вясёлае, трапяткое – вельмі патрэбнае людзям пасля чаркі.

Біць у бубен бярозовай палачкай і прыстукваць вязанкай пальцаў, сашчапіўшы іх у кулак ці проста далоняй, чарадуючы адно з другім, – адзінае, што ўмеў Аркашка добра рабіць на гэтым свеце. Яшчэ вады наносіць, дроў, а каб самому распаліць печ або грубку – тут не, не яго занятак: і скласці тыя дровы ў печы не атрымлівалася, і запалкай чыркнуць не собіла яму. Бог чамусьці не даў Аркашку ўсяго таго, што даў іншым. За што пакараў, спытаць бы? Бацька з вайны не вярнуўся – загінуў.

1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 175
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)