Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Удар прыйшоўся не па скураной цюпцы, а па галаве. Звер капануў рэпу, але, ускінуўшыся, скокнуў убок. І тут паўз Алеся на апошніх Дубавых жылах вырваўся бацька. Ён мільгануў напярэймы маруднаму цяпер ваўку.
Два целы, вялікае шэрае і доўгае вогненнае, наўкасы набліжаліся. Зліліся.
Чалавечая постаць схілілася.
Воўк упаў.
Ён ляжаў у нейкіх двух сажнях ад хмызоў, і вочы ягоныя цьмяна адбівалі неба, іржышчы і срэбнае павуцінне, што там-сям трапятала на іх.
І пан Юры ўзняў рог і прыклаў яго да вуснаў, прыкрыўшы павекамі вочы. Рог заспяваў так нечакана, так лікуюча-сумна, што нават чырвоныя і жоўтыя хмызы сіняй зямлі пакінулі шоргаць лістотай. І гэта было бы ў песні аб Ваўкалаку, які забіў белага ваўка верасовых пустак.
А воўк таксама ляжаў спакойна і нібы слухаў, доўгі, ненатуральна выцягнуты, з сівізной, што пракінулася ў шчэці карка, з рассечанымі ў баях маладосці вушамі і ганарліва сашчэпленай зяпай.
Пан Юры ўзняў звера і з напругаю перакінуў яго праз высокую луку Алесевага сядла. Ільсняная скура Ургі задрыжала. Пан пагладзіў каня.
— Твой, — сказаў ён. — Без твайго ўдару я б не паспеў. Ён бы спакойна пайшоў у хмызы.
— Я ж не пацэліў.
— Нічога. Наступны раз не будзеш гарачыцца. Усё адно без твайго ўдару ён бы пайшоў у хмызы.
І ўскінуўся ў сядло.
— Паехалі.
На хаду сказаў:
— А ездзіш добра. Лепей, чым я ў твае гады. Стаіш у сядле як уліты, не тое што нейкі прыхадзень лёзны, што трухаецца седзячы, ды яшчэ і падскоквае, лапы звесіўшы, не раўнуючы, як ваяводская карова на заплоце.
Алесь пачырванеў, гэта была пахвала за тое, за што хацелася, каб хвалілі.
Бацька зноў прыклаў рог да вуснаў, і гукі, срэбныя і тонкія, паліліся ў халодным паветры.
Хлопчыкава рука, уся пагрузіўшыся ў шэрую, яшчэ цёплую футру, прытрымлівала на луцэ цяжкае цела. Урга ляцеў проста ў сіні дзень. А вочы ваўка цьмяна і мудра адбівалі ржышчы, неба і срэбную пражу маці божай — усё тое, што ён сёння не збярог.
…Закусвалі пад стогам. Два ваўкі ляжалі на зжаўцелай траве, і сабакі сядзелі вакол нерухома, як статуі, і пільна глядзелі на іх.
Даставалі з сакваў і елі барвяную ад салетры хатнюю вяндліну, шэры наздраваты хлеб і вэнджаныя каўбаскі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі.
Пан узяў вялізную, на цэлую кварту, пляшку, наліў з яе ў срэбную дарожную шкляначку, на донца, і падаў сыну.
— З полем, сынок, з першым тваім ваўком.
Алесь глынуў і так асеў з адкрытым ротам. Усе зарагаталі.
— Почырк, брат, у цябе харошы, — сказаў бацька, перакульваючы пустую шкляначку. — Ну вось, цяпер да семнаццацi год — анi.
І, удаючы старога Данілу Кагута, — проста не адрозніш! — разважліва замармытаў:
— Гэна ж мы, ці ведаеце вы, з дзядзькаваным пляменнічкам юшку варылі, ці ведаеце вы ўжо.
Плямкнуў ротам і па-старэчаму пахітаў галавой.
— Юшка ружовая, добрая. Кабялю на хвост плюхні — неадменна ён ашалее. А перцу сослепу столькі насыпаў, што пляменнічак глынуў, і — да трох злічыць не паспелі — а ён ад Турэйкі ўжо ў Радзькаве быў. І там ужо… выў.
Усе смяяліся.
…Бацька выпіў чарку і падаў пляшку даязджачаму. Сказаў з гонарам, праз які праглядалася вінаватасць і сорам перад сынам за тое, што адбылося:
— Пі.
— Дзякуем, — сказаў Карп і крактануў, таксама даволі вінавата.
Урэшце першым кінуў слова пан Юры:
— Ты, брат, таго… не вельмі.
— Дый я, пане… не таго, — апусціў галаву Карп. — Не гэтага, значыць.
Ніхто нічога так і не зразумеў. Зразумелі толькі, што Карп нечым правініўся.
…І зноў мякка ступалі па ржышчы коні. А вакол ляжала блякла-жоўтая зямля.
Гадзіны ў чатыры папаўдні заўважылі на ўзгорку двух коннікаў, якія павольна ехалі насустрач.
— Хто такія? — спытаў Крэбс.
— Раўбіч, — адказаў Карп. — Раўбіч і яшчэ нехта… Глядзіце вы, чаго гэта той, другі, марудзіць. Во, назад скача.
Другі коннік на вараным кані сапраўды знік. А Раўбіч павольна ехаў да іх.
— Яго мне і трэба, — сказаў бацька.
Коннік наблізіўся. І Алесь зноў з цікаўнасцю ўбачыў чорныя як смоль валасы, пагардлівы рот і цёмныя, як правалы, вочы пад густымі вейкамі.