Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 230
Перейти на страницу:

— А што, можна…

Не так зразумеўшы, як здагадаўшыся, Антон спярша амаль памярцвеў ад страху, а пасля ў ягоную свядомасць варам шыбануў спалох, і ён кінуўся да сяржанта.

— Што вы робіце? За што? Я партызан, я з немцамі ад вясны ваюю, а вы? Не маеце права!

— Ты што? Ты што? — марудна падняўся сяржант. — Ану ціха!

— Гэта безабразіе! Я чэсны! Я свой, савецкі, а вы…

— Ціха! — крыкнуў сяржант. — Японскі гарадавы! Ты чаго разышоўся? Ты ж вунь да немцаў дзёру даць збіраўся. Ты ж іхні агент.

— Я не агент! Я партызан з «Сувораўскага». Гэта яна па злосці, — кіўнуў ён на Зоську. — Там паміж намі праізашло… Хай яна пацвердзіць. Зося! — крыкнуў ён Зосьцы з такім роспачным сумам, што, здаецца, камень бы не стаў абыякавы. Зоська, аднак, паўзіралася ў яго, звузіўшы вочы, і прамаўчала.

— Што ж мы, на руках цябе панясём? — з’едліва расцягваючы словы, сказаў сяржант. — Там, можа, з боем прабівацца прыйдзецца. I паўзці трэба?

— Панятна, паўзці, — згодна пацвердзіў Салей.

— Ну што ж, я папаўзу! Я ўмею. Паверце, яй-Богу. Навошта ж губіць бязвіннага? Я ж нічога такога…

У ім усё напружылася і аж дрыжэла ад прадчування таго, што зараз, відаць, усё і рашыцца. Відаць, апошняе слова будзе за гэтым сяржантам. Але чаму б не заступіцца за яго Зосьцы? Чаму яна маўчыць, як набраўшы ў рот вады? Гэтыя ж яго бачаць упершыню і прымаюць за нейкага агента, але ж яна можа сказаць, што ён не агент. Ён партызан! З той самай Ліпічанскай пушчы, з таго ж атрада, што і Зоська. Чаму ж яна не заступіцца за яго? Няўжо яна не разумее, што яны ўдумалі з ім зрабіць?

— Зося, скажы ім: я ж не вораг. Ты ж ведаеш, я чэсна ваяваў і чэсна ваяваць буду. Ці мала што паміж намі здарылася! Пры чым жа тут яны? Скажы, Зося!

Стоячы трошкі наводдаль, Зоська абыякава пазірала кудысь у чысты, з рэдкім быльнягом снег, і сяржант раптам прыпамятаў:

— А што ёй казаць? Яна ўжо сказала. Там, на хутары. Што ты да немцаў перабегчы сабраўся.

— Няпраўда! — запальчыва перапыніў яго Антон. — Гэта памылка! Сплашное непаразуменне.

— А, здаецца, і ты казаў, быдта яна таксама рашыла перабегчы? Дык як жа вас разумець?

— Гэта няпраўда! Я памыляўся.

— Харошая памылачка, японскі гарадавы! А калі б мы яе шлёпнулі, паслухаўшы цябе?

— Ну што вы! Я гэта па злосці. Па крыўдзе. Таму што яна… Мы з ёй пасварыліся. Бо я… Мы палюбоўна. Зоея, скажы ім. Што ж ты маўчыш? Яны ж хочуць мяне застрэліць!

Зося, як здалося яму, трохі адмякчэлым позіркам павяла па ягонай расхрыстанай постаці, пасля зірнула на трох партызан зводдаль. Відаць, яна вагалася, і сяржант, якому, відаць, пачало дакучаць гэтае следства, прыкрыкнуў:

— Дык што? Ён праўду кажа? Ці дэмагогію разводзіць?

Цяпер яны ўсе ўставіліся ў пакутна напружаны твар Зоські, і Антон даўмеўся, што ад яе адказу будзе залежаць, жыць яму ці тут жа памерці. Але Зоська з акамянелым тварам прадаўжала маўчаць.

— Што ж, прадавай! — з роспаччу асуджанага працадзіў ён. — Няхай забіваюць. За маю любоў…

— О, ён ужо пра любоў! Спрытнюга, японскі гарадавы! — усміхнуўся сяржант і звыклым рухам скінуў з пляча аўтамат. Абсівераныя Зосьчыны вусны ўздрыгнулі, і, быццам баючыся, што не паспее, яна прамовіла:

— Ладна, не трэба. Ён свой…

— Дык якога ж д’ябла?! — ускіпеў сяржант, трымаючы ў руцэ аўтамат. — Якога ж д’ябла ты нам мазгі круціш? То крычала: перабягаць надумаў, а цяпер наабарот. А то — абодвух к чортавай матары!..

— Я па злосці, — ціха сказала Зоська.

— Таварыш сяржант! — узмаліўся Антон, адчуўшы, што, не зважаючы на паказны свой гнеў, сяржант завагаўся і трэба не даць яму зноў прыдбаць упэўненасць. — Таварыш сяржант, я ж казаў… Развяжыце мяне, я дакажу. Яй-Богу! Я ж свой, савецкі…

— Вось бачыш! — сказаў сяржант Зосьцы. — Ён ужо і развязаць просіцца.

— Хай, развяжыце, — сказала Зоська.

— Развязаць? — Развяжыце.

— А не баішся?

— Не, не баюся.

— Ну і дзівосы! Стэфан казаў, на хутары з тапаром кідалася, а тут — развяжыце! Ну і жаночая логіка! Ладна, што ж, сапраўды… Пэцкацца тут аб яго. Пашка! — крыкнуў ён таўстунку. — Развяжы! Але май на ўвазе, калі што — адразу чаргой у спіну. Я цацкацца не люблю, японскі гарадавы!

— Ну што вы, таварыш сяржант…

Лёгкім рухам плячэй Антон скінуў з сябе незашпілены кажушок, і Пашка развязаў ззаду вяроўку. «Як здорава, аднак, мець рукі развязаныя, — падумаў Антон. — Быццам здабыць волю». Але да волі, мусіць, было далёка, хаця і бліснула надзея. Хутка спакайнеючы, Антон надзеў у рукавы кажушок, скалеўшы, старанна зашпіліў яго на ўсе гузікі.

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)