Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 153
Перейти на страницу:

Над сцежкай віселі чырвоныя плахты рабін.

Лес стаў радзець. Травы, галіны, свежыя распасцёртыя хмызы плакалі чыстай росіцай. І колеры ўсяго вакол – мухамораў, пунсовых клёнаў і барвяных маладых асін – былі няяркія ў тумане, але затое больш глыбокія, ад вільгаці.

А калі яны пакінулі лес і ўз’ехалі на вяршыню грады – перад іхнімі вачыма, уся ў белым малочным сонцы, адкрылася зямля.

Яна ляжала як сягнуць вокам, яшчэ няяркая, але пакрысе быццам набіралася ад сонца фарбаў, колераў, адценняў. Ружовай рабілася раса, вясёлкавым – верас. І ў небе, яшчэ бялёсым, як сабранае малако, усё яснеў празрысты блакітны колер.

І тут нечакана заспяваў Карпаў рог:

Сон-ца, сон-ца, Ўста-вай, ста-вай, З донца, з дон-ца, з дон-ца Тум-ман выл-лівай. Звяроў, Звя-роў давай, Ваў-коў, Дзі-коў Да-а-вай.

Гэта быў сігнал пераставіць карабіны шворак “на рыўца”, калі зграя вызваляецца адным рухам рукі. Звер мог ускінуцца ледзь не з-пад самых капытоў.

Рушылі далей, па шорсткім іржышчы. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. І Алесю раптам стала так радасна, што ён няголасна, і таксама на матыў і голас рога, сам сабою праспяваў:

Гуськом яны едуць у ранняй імгле, І сонца гуляе на кожным ствале.

Бацька падазрона паглядзеў на яго.

– Што гэта такое добрае? – спытаў ён.

Алесь засаромеўся.

– Ану, дай рог, – сказаў бацька.

Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль:

Та-дры-цці-тта!

І, упэўнена цяпер, падарыў беламу сонцу ўсю срэбную мелодыю:

Гусько-ом яны е-едуць у ра-анняй імгле, І со-онца гуля-ае на ко-ожным ствале, Та-ці-ці-та, та-та-ці-ці-та-а-а.

– Хораша, – сказаў ён. – Словы ж не самае галоўнае. Галоўнае, каб клалася на рог і настрой... Гэта ты сам?

– Сам, – прызнаўся Алесь.

– Ну вось бачыш, нічога цяжкага. Вось і твая першая прыпеўка... Гэта калі радасна ехаць на паляванне.

– На паляванне, па-мойму, заўсёды радасна ехаць.

– Не кажы, браток, – сказаў бацька. – Часам так цяжка – месца сабе не знаходзіш. Шчасце тваё, што сёння едзем на драпежніка і першым у тваім сэрцы збудзіцца азарт, а не шкадаванне. Азарт гэты – душа палявання. Сапраўдны паляўнічы не прап’ецца, у карты не прагуляецца – яму гэта непатрэбна. Карцёжнікі гэтыя, вартыя жалю, не ведаюць, які ён, сапраўдны азарт...

Дзень быў сапраўды цудоўны. Апошні туман знік з бясконцых іржышчаў і лугоў, і свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты.

Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. І далёка, далёка, далё-ока стаялі на мяккіх узгорках чырвоныя і залатыя дрэвы, на якіх можна было адрозніць кожную галіну.

Паветра як быццам зусім не было, толькі нешта зажуранае і сіняе абвалакала ўсё, што ёсць на зямлі, і грудзі радасна адчувалі яго бадзёры і свежы халадок.

Ехалі ржышчам да Чорнага Рова – глыбокага і доўгага, вярсты на тры, яра ў полі. Ён быў такі глыбокі, што хмызы і высакаватыя дрэўцы на яго дне не паказвалі наверх нават макавак.

Там вадзіліся і туды ўвосень прыходзілі на днёўку ваўкі.

Логвіна са зброяй і хартамі пакінулі пад стогам, агледзелі карбачы з уплеценым на канцах свінцом. Потым людзі з сабакамі накіраваліся да бліжэйшага спуску ў яр (там адна зграя павінна была рухацца дном, а другая – броўкай), а бацька, Карп, Алесь і Крэбс паехалі да суседняга адрожка, якім мог выскачыць звер.

– Біць ведаеш як, – на хаду навучаў ён Алеся. – Адной рукой за луку, схіляешся і, калі нагоніш, удар, каб пацэліць па кончыку носа. Такі ўдар забівае адразу. Каня старайся весці лёгка, не сільнічаць, бо воўк, калі яго прыперці, можа кінуцца і выпусціць жывёле трыбух. А са слабымі павадамі яна ўратуецца сама.

Коннікі спыніліся, каб не спалохаць звера, і сталі чакаць.

Алесь напружана глядзеў на выхад з адрожка – круглы лаз у ажынніку і дубняку. Доўгі час нічога не было чуваць, але вось далёка цяўкнуў, быццам выпрабоўваючы голас, сабака. За ім гамнуў другі, ужо больш упэўнена. А яму тонка, нібы прабачэння прасіла, адказала Змейка.

І вось ужо залілася, пераклікаючыся, уся зграя.

– Узнялі, – сказаў бацька.

– Дух пачулі, – змрочна сказаў Карп.

Брэх, усё яшчэ няроўны, памацнеў.

– Вось цяпер узнялі, – сказаў Карп. – Наперадзе Змейка, брэша з перасцярогаю...

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)