Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 147
Перейти на страницу:

І ў сярэдзіне паўмесяца — сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы[36] жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.

«Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем — паручуся — для вернасці пас металёвы».

А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.

— Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік?[37] Ці ўдалася ж табе твая намова?[38] Ці паспяхова табе вялося маё дабро плюндраваць?[39]

— Крадзенае яно, тваё дабро, — я адкідаю манашы капюшон: — А дзе ня крадзена, то гэта юдавы грошы, цана прададзеных табою сяброў.

Ён набліжаецца. Вараны топча верас, скошвае вочы і скаліцца, як д'ябал.

— Ну што ж, — усміхаецца коннік. — Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся[40], то не скардзіся цяпер і на маю адправу. Што выбіраць будзеш? Абешанне, або тыдні два ва ўсніяным квасе, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток?[41]

— Умёт ты, гразь, — адказваю я.

Ён махае аршаку пальчаткай.

— Спешыцца ўсім, — і ўскідвае галаву. — Ат чорт! Во нюх у заразы. І адкуль зведаў, куды скачам? Хітры чортаў ліс.

Толькі праз нейкую хвіліну я чую далёкі спеў рагоў, які ўсё набліжаецца і набліжаецца. Пасля паміж чорных стаўбуроў-волатаў сям-там пачалі з'яўляцца водсветамі, а пазней усё мацней і мацней налівацца чырванню рухомыя, усё больш зыркія плямы.

А пасля на паляну выехаў у суправаджэнні чатырох латнікаў з паходнямі ў левай руцэ (правая ва ўсіх ляжала ці на шыйцы гакаўніцы, ці на рукаяці шаблі) туга збіты, але не дужа высокі чалавек у простай, але вельмі, відаць, дарагой мясцовай чузе, жоўтых кабцях і файнавай, суконнай, шапачцы, аблямаванай тонкай палоскаю футра. І жазло кароткае ў руцэ, знак суддзі.

Шапку зняў, рассыпаліся валасы, ледзь не па-сялянску падстрыжаныя «пад гаршчок». Аблічча простае, хударлявае, хаця і шырокае ў выліцах і цвёрдых мускулах на шчаках, вочы пранізлівыя і крыху іранічныя.

«Копны. Сам Станкевіч. Адзін з нешматлікіх непадкупных, адзін з тых, што кожную справу да заслужанага і справядлівага канца даводзіць».

— Што ж гэта ты, княжа? Ты ж абяцаў. А тут кажуць: на ловы выехаў. Бачу я цяпер, якія гэта ловы. А ты ж абяцаў уцекінераў не ганіці і не хапаці. Так бо, харошае тваё абяцанне, калі ў тваіх людзей на сёдлах ужы[42] бачу. То што мне, цекачоў[43] аж да самога Жыгіманта Трэцяга. Кроў шведская ды кроў Ягелонаў — ой як яны да сябе іншую кроў цягнуць. Проста як магнітам жалеза.

— Ды мы й сапраўды на ловы, — не адводзячы вачэй, кажа князь. — На ловы, ды вось выпадкова на іх вылезлі. Відаць, заблыталі. То хаця да шляху давялі б. А з раніцы і ловы.

— Самі на шлях выедуць. А вы вось лепей зараз нас выведзеце на тое месца, дзе табар перад ловамі разбіваць хацелі, начаваць, ды раніцай — з богам. Звяры ў яры, зубры ў яры. А адтуль, з месца табара, мы ўжо самі дарогу да замка знойдзем ды пачакаем вас, пакуль вы з палявання не вернецеся.

— Ды нашто ж, найяснейшы? Калі вы завіталі ў маю сціплую камяніцу, то давайце або мы вас пакінем з намі ў табары, а раніцай разам у ловы…

— Стаміўся я, ваша яснавяльможнасць. Адпачыць бы хацеў…

— Або мы разам паедзем зараз у замак…

— Ды нашто ж я псаваць буду вашу забаву. Вы нас толькі да табара, да начлегу праводзьце. Гэта ж і недалёка. Нейкія шэсць літоўскіх вёрстаў.

— Польскіх гэта, лічы, дванаццаць, — буркнуў лоўчы.

— Нічога, — сказаў Станкевіч, — час звыкнуць. І памятаць словы Вердума: «Mile podolskie, czyli ukraińskie, są dwa razy tak wielkie, jak polskie, a im bliżej Turcji, tym większa mila»[44]. Ну а там вы станеце біваком, а мы паедзем да замка… Вам трэба такі развеяцца, бо з будучага тыдня і вам і мне прадбачыцца нешта нязвыклае і нас будуць чакаць не вельмі прыстойныя і прыемныя дні, — зірнуў на нас, пасля — на князя. — А гэтыя хай едуць, выберуцца. Я мяркую, няма чаго цаніць крышталёвы кубак, калі ён даў моцную трэшчыну ў дне. Дый не да сасудаў вам будзе.

вернуться

36

Шаўковая візэрунчатая тканіна.

вернуться

37

Нявестнік — жаніх.

вернуться

38

Намова — падбухторванне.

вернуться

39

Плюндраваць — рабаваць, расцягваць.

вернуться

40

Кусіціся — квапіцца, рабіць замах, пасягаць.

вернуться

41

Адправа — прысуд і выкананне прысуду. Абешанне — павешанне. Усніе — шкура. Усніяны квас — дубільная кіслата. Паток — выгнанне.

вернуться

42

Ужа — вяроўка, канат, ліна.

вернуться

43

Цякач — ганец, вястун, скараход.

вернуться

44

Мілі падольскія альбо ўкраінскія, у два разы даўжэйшыя за польскія, а чым бліжэй да Турцыі, тым большая міля.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)